Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казка пра сьпячую царэўну


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст
Я надзвычай удзячны калегу Сяргею Навумчыку за тое, што ён паведаміў мне, што напрыканцы 80-х гадоў у шэрагу краін Цэнтральнай Эўропы прыйшлі да ўлады такія постаці, як Лэх Валэнса, Вацлаў Гавэл і Жэлю Жэлеў. Век жыві – век вучыся.

Мой шаноўны апанэнт мог бы і не абмяжоўваць прыклады найноўшым часам, можна ж прыгадаць і такія ненамэнклятурныя павароты лёсу, як ператварэньне пастуха Давіда ў цара Юдэі ці лейтэнанта з правінцыйнай Корсікі – у імпэратара Францыі. Чаго толькі ў гісторыі не бывала.

Але ў маім тэксьце, які паслужыў нагодай для ўроку гісторыі, дадзенага мне Сяргеем Навумчыкам, размова ішла не пра тое, які лідэр спадабаўся б асабіста мне і якога б я (ці Сяргей, ці хто іншы) лічыў бы найлепшым для Беларусі, а пра тое, які ён рэальна магчымы ў сучаснай Беларусі.

І тут хіба не ключавы вобраз – тая «паўза», пра якую піша мой шаноўны апанэнт. Калі паўза – то можна пагадзіцца. Як у казцы пра сьпячую царэўну – ўсё царства заснула, дастаткова яго разбудзіць і ўсё вернецца ў залатыя дні Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня, вернуцца Дземянцей, Кебіч, і ўсе тагачасныя героі і зладзеі, партыю можна будзе проста перайграць і на чале дзяржавы па праву ўстане самі разумееце хто.

Але справа ў тым, што гэта казка. І гэта казачнікі апынуліся ў паўзе, затрымаліся ў часе. А Беларусь зьмянілася і прычым вельмі моцна. Тады абрынулася вялікая і жахлівая глябальная сыстэма, ідэя, якой натхняліся мільёны людзей ва ўсім сьвеце – ад дзікіх плямёнаў да брытанскіх лордаў, паводле формулы з Нобэлеўскай лекцыі Бродзкага – «загінуў не герой, а хор». І разам зь ёй, зь ім абрынулася і ўся герархія як сэнсаў, гэтак і статусаў, і толькі ў той унікальнай гістарычнай сытуацыі і маглі ў некаторых частках гэтай чырвонай Атлянтыды прыйсьці да ўлады такія людзі, як Гавэл, Валэнса і Жэлеў.
А што цяпер у Беларусі? З гістарычнага пункту гледжаньня больш менш стацыянарнае разьвіцьцё, ніякі «скачок з царства неабходнасьці ў царства свабоды» немагчымы ў прынцыпе, грамадзтва разьвіваецца у межах трэнду, зададзенага пасьля краху камунізму. Гэта ня значыць, што нічога ня можа быць палепшана, нават ня значыць, што немагчымыя істотныя зьмены. Магчымыя, зразумела. Але нешта параўнальнае з анталягічным абвалам канца 80-х-пачатку 90-х гадоў пэўна немагчымае. Адпаведна немагчымы і пераварот сацыяльнай герархіі, сацыяльнай піраміды – яна можа страсянуцца, другі паверх можа стаць першым. Але «хто быў нікім, той стане ўсім» – гэта зусім пра іншую эпоху, напрыклад, тую самую, якая засталася па той часовы бок «паўзы». Час Гавэлаў, Валэнсаў і Жэлевых на гэтай прасторы ўжо прайшоў. І ня хутка вернецца, калі вернецца наагул.

І пераконвае ў гэтым менавіта досьвед усёй прасторы, пра які я пісаў у сваім блогу. Ну зусім невыпадкова на чале «каляровых» рэвалюцый у постсавецкім рэгіёне апынуліся людзі, якія апынуліся, а не апальныя драматургі, рабочыя лідэры ці ўнівэрсытэцкія філёзафы. І маштаб зьменаў там, дзе яны ўсё ж адбыліся, аказаўся значна больш сьціплым, чым тых, што адбыліся ў часы краху СССР і камунізму.

Зь іншага боку, Сяргей Навумчык зусім дарма гэтак грэбліва ставіцца да здольнасьцяў цяперашняй намэнклятурнай гвардыі. І зноў жа гістарычная аналёгія – у якім-небудзь кіслым 78 годзе хто што мог разгледзець у далёка не самым лібэральным сьвярдлоўскім партсакратары Ельцыне, украінскім сакратары па ідэалёгіі (і што пікантна – запісным змагары з украінскім нацыяналізмам) Краўчуку, у майстрах непрыстойных хваласьпеваў на адрас «дарагога Леаніда Ільліча» Шэварднадзэ і Аліеве? За 80 гадоў савецкай улады ўладны этыкет стаў крыху больш вытанчаным, было ўжо не прынята прылюдна вадзіць буйных чыноўнікаў пысай па батарэі, як было пры Сталіне і як практыкуецца ў сучаснай Беларусі. Але ў прынцыпе норавы былі прыкладна такія ж і названыя асобы зусім не вылучаліся нейкай асаблівай грамадзянскай мужнасьцю і пачуцьцём уласнай годнасьці. А потым адкуль што ўзялася. Адтуль жа і зараз можа ўзяцца.

З больш блізкіх, ужо лукашэнкаўскіх часоў можна прыгадаць, напрыклад, Лявонава, Марыніча і таго ж Ганчарыка.

Ну можа і ня здарыцца тое ані зараз, ані ў 2015 годзе, ані пазьней. Але справа ў тым, што калі здарыцца, то здарыцца менавіта так, а не паводле казкі пра чароўны Вярхоўны Савет ХІІ скліканьня.

Зразумела, сапраўдную веру ня могуць пахіснуць ніякія аргумэнты. Калі нехта верыць, што час зробіць пятлю, верне Беларусь у 1994 год і іх кумір на белым кані прыедзе ёю валадарыць – такой веры можна нават пазайздросьціць. Праўда, досьвед падказвае, што самым вялікім расчараваньнем для гэтых вернікаў стане зьдзяйсьненьне іх мары – Беларусь без Лукашэнкі. Калі высьветліцца, што спалі, як тая царэўна, яны, а не Беларусь. Але пакуль – дабранач.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG