Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафтавае пахмельле — Расея за растваральнікі хоча заводы


Масква і Менск ўзгаднілі новую схему паставак нафты ў Беларусь. Скандал з «растваральнікамі» прывёў да зьмены нарматыўнай базы Мытнага саюзу і прымусіў Расею прывязаць аб’ёмы паставак сыравіны да вяртаньня бэнзіну.

Намесьнік міністра энэргетыкі Павел Фёдараў напярэдадні заявіў, што сёлета ў чацьвёртым квартале Расея паставіць у Беларусь прыкладна 4,8 мільёна тон нафты, а зваротныя пастаўкі бэнзіну зь Беларусі складуць 200 тысяч тон.

Калегія Эўразійскай эканамічнай камісіі рыхтуе карэктаваньне нарматыўнай базы Мытнага саюзу. Адказным за падрыхтоўку гэтых прапаноў прызначаны расейскі міністар па мытным супрацоўніцтве Ўладзімер Гошын. Абмяркоўваюцца тры блёкі прапаноў па ліквідацыі схемы з растваральнікамі.

Перш за ўсё, уносяцца зьмены ў таварную намэнклятуру зьнешнеэканамічнай дзейнасьці. Сумесі нафтапрадуктаў са сьпіртам, зь якіх робяцца растваральнікі і разбаўляльнікі, змазачныя матэрыялы, будуць клясыфікавацца як нафтапрадукты, і на іх будзе ўведзена мыта.

Пералік тавараў, забароненых да далучэньня пад мытную працэдуру перапрацоўкі, дапоўніцца сьпіртамі, біядызэлем і яго сумесямі, якія зьмяшчаюць менш за 70% масы нафты або нафтапрадуктаў.

Таксама абмяркоўваецца зьмена адпаведнага артыкула Мытнага кодэксу: з рэжыму перапрацоўкі будуць выключаны тавары, якія абкладваюцца вывазным мытам хоць бы ў адной дзяржаве Мытнага саюзу. Гэта значыць, што прамагонны бэнзін больш нельга будзе ўключаць у рэжым перапрацоўкі і атрымаць зь яго тавар, які не абкладаецца мытам.

У рамках дамоўленасьцяў таксама прадугледжана прывязка аб’ёму паставак нафты расейскімі кампаніямі да вяртаньня нафтапрадуктаў.

Грашовая кампэнсацыя для Расеі па выніках перамоваў не прадугледжана: доўг можа быць заменены на долі ў менскім заводзе колавых цягачоў або абаронным канцэрне «Пеленг», — піша gazeta.ru.

Расея прапанавала вярнуць у свой бюджэт мыта, якое яна недаатрымала ад экспарту зь Беларусі растваральнікаў, разбаўляльнікаў, змазачных матэрыялаў і г. д. Згодна з расейскімі разьлікамі, сума кампэнсацыі складае прыкладна 1,5 мільярда даляраў.

Дакумэнт пра аб’ёмы паставак нафты ў чацьвёртым квартале 2012 году павінен быць падпісаны да 15 лістапада.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG