Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым сёлетнія выбары ў ЗША адрозьніваліся ад ранейшых?


Ад першага сэнатара-гея да легалізацыі марыхуаны ў некаторых штатах – выбары 2012 году прынесьлі нямала сюрпрызаў. Вось сем самых заўважных, незвычайных або проста забаўных фактаў.

ГЕНДЭРНАЯ НЯРОЎНАСЬЦЬ. Мужчыны і жанчыны выразна падзяліліся паводле сымпатыяў да Барака Абамы або Міта Ромні. Паводле экзыт-полаў, сярод мужчынаў выйграў Ромні – 52 працэнты супраць 45 за Абаму, а жанчыны выбралі Абаму – 55 за, 45 супраць. Гэтая розьніца была важнай, бо жанчыны складаюць каля 54 працэнтаў электарату, што дадало галасоў Абаму.

ЖАНЧЫНЫ-СЭНАТАРЫ. У Кангрэсе 113-га складу будзе як найменей 19 сэнатараў-жанчын – найбольш за ўсю гісторыю ЗША. У цяперашнім складзе Сэнату – 17 жанчын, таксама дагэтуляшні рэкорд.

ПЕРШАЯ СЭНАТАРКА-ЛЕСЬБІЯНКА: Тэмі Болдуін, дэмакратка з штату Вісконсін, стане першай сэнатаркай у гісторыі ЗША, якая не хавае сваёй арыентацыі. Яе сэксуальная арыентацыя не стварала ніякіх праблемаў падчас кампаніі да таго моманту, калі кіраўнік штаба яе суперніка пашырыў праз твітэр відэа, дзе Болдуін танчыць на парадзе гей-прайд. Яе супернік Томі Томпсан пазьней дыстанцыяваўся ад учынку свайго памочніка.

ЛЯПЫ ПРА ЗГВАЛТАВАНЬНЕ: Два кандыдаты ў сэнатары прайгралі выбары пасьля выказваньняў на тэмы згвалтаваньня, якія шмат хто палічыў абразьлівымі. Тод Акін, рэспубліканскі кандыдат у штаце Мізуры, сьцьвярджаў, што ў выпадках «сапраўднага згвалтаваньня» жаночае цела мае рэсурсы, каб пазьбегнуць цяжарнасьці. Ужытае ім словазлучэньне «сапраўднае згвалтаваньне» закранула балючы нэрв грамадзтва, бо гучала так, нібы ён абвінавачвае жанчын у прыдумваньні згвалтаваньняў, якіх насамрэч не было. А Рычард Мордак, рэспубліканец з Індыяны, страціў усе шанцы, калі заявіў, што калі жанчына ў выніку згвалтаваньня будзе аплодненая, дык «такая воля Божая».

МАРЫХУАНА. Заходнія штаты Каларада і Вісконсін сталі першымі штатамі, дзе было легалізаванае рэкрэацыйнае ўжываньне марыхуаны для дарослых. Паводле фэдэральнага заканадаўства марыхуана надалей застаецца забароненая, і дагэтуль не вядома, што фэдэральны ўрад будзе рабіць у гэтай справе. Абсалютная большасьць затрыманьняў за ўжываньне марыхуаны адбываецца сіламі мясцовай паліцыі, і гэта азначае, што пакуль што курцы марыхуаны ў гэтых двух штатах могуць адчуваць сябе спакойна. Тым часам яшчэ адзін штат – Масачусэтс – легалізаваў ужываньне марыхуаны ў мэдычных мэтах, далучыўшыся такім чынам да 17 іншых штатаў і акругі Калюмбія, якія ўжо маюць адпаведныя законы.

РОДНЫЯ ШТАТЫ. Звычайна на прэзыдэнцкіх выбарах кандыдаты перамагаюць у сваіх родных штатах. Аднак Ромні, былы губэрнатар Масачусэтсу, прайграў у гэтым штаце, а таксама ў штаце, дзе ён нарадзіўся – Мічыгане. Вісконсін, родны штат кандыдата ў віцэ-прэзыдэнта Пола Раяна, таксама аддаў перамогу дэмакратам. Аднак Раян захаваў за сабой месца ад Вісконсіна ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.

ДАТЭРМІНОВАЕ ГАЛАСАВАНЬНЕ. Мяркуецца, што на гэтых выбарах датэрмінова прагаласавала траціна амэрыканцаў, больш чым калі-небудзь раней. Такім чынам працягваецца тэндэнцыя – усё больш выбарцаў абіраюць за лепшае галасаваць да афіцыйнага дня выбараў. Прыхільнікі датэрміновага галасаваньня кажуць, што гэта асабліва дапамагае незаможным выбарцам, якім бывае цяжка адпрасіцца з працы, каб прагаласаваць. Калі гэта так, гэта магло быць яшчэ адным фактарам, які дапамог Абаму перамагчы. Паводле экзыт-полаў 54 працэнты выбарцаў з гадавым даходам менш за 100 000 даляраў галасавалі за Абаму, тым часам як 54 працэнты амэрыканцаў з даходамі больш за 100 000 даляраў галасавалі за Ромні.
XS
SM
MD
LG