Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узровень сьвяткаваньня дня Кастрычніцкай рэвалюцыі пры Лукашэнку часта мяняўся. І гэтыя зыгзагі былі абумоўлены палітычнымі прычынамі.

Лукашэнка аб'явіў гэты дзень сьвятам ў 1995 годзе, разам з правядзеньнем рэфэрэндуму пра сымболіку і мову. Гэта быў пік настальгіі па СССР. Адначасова быў аб'яўлены курс на інтэграцыю з Расеяй, якую шмат хто лічыў крокам да рэанімацыі Савецкага Саюзу. На гэтай хвалі апэляцыя да Кастрычніцкай рэвалюцыі давала кіраўніку Беларусі дадатковыя палітычныя дывідэнды.

Але гэта хутка прайшло. Чым далей, тым больш настальгія па СССР зьмяншалася. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі грамадзтва пачало ставіцца індыфэрэнтна. Палітычных дывідэндаў гэта не дадавала. У выніку шмат гадоў улады фактычна ніяк не сьвяткавалі дзень 7 лістапада на дзяржаўным узроўні. Толькі сябры камуністычнай партыі ўскладалі вянкі ці кветкі да помніка Леніна.

Гэтым разам чамусьці ўлады вырашылі сьвяткаваць гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі больш урачыста і шырока, чым раней. Да помніка Леніна сагналі моладзь і дзяцей па разнарадцы.

Сам Лукашэнка, акрамя традыцыйнага віншаваньня праз мэдыі, вырашыў непасрэдна выказаць свае адносіны да гэтай гістарычнай падзеі. 6 лістапада, падчас адкрыцьця новых станцый мэтро ён у размове з журналістамі сказаў: «Сёмага лістапада мы сьвяткуем дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Мне прымальныя ўсе ідэі, зь якімі рэвалюцыянэры ішлі да народа. Тады яны ішлі з добрымі ідэямі: зямля – сялянам, фабрыкі – рабочым, навядзеньне парадку, выратаваньне краіны і г.д. Ні аднаго дрэннага лёзунгу не было. І пад гэтымі лёзунгамі рэвалюцыя перамагла… Гэтыя нэгатыўныя працэсы, калі забівалі людзей і наогул адышлі ад ідэй, што дэкляраваліся напярэдадні рэвалюцыі, – гэта было няправільна, але гэта было потым, і мы гэта асуджаем. Але нельга ў сувязі з гэтым ганіць тое, што было ў 17-м годзе, і наогул пускаць пад нож тыя добрыя ідэі, зь якімі Ленін і яго каманда ішлі на гэтую рэвалюцыю».

Гэты пасаж заслугоўвае таго, каб яго пракамэнтаваць. Неяк дзіўна адрываць ідэі і лёзунгі рэвалюцыі ад грамадзянскай вайны і тэрору, якія зьявіліся пасьля. Бо яны былі непасрэдным вынікам рэвалюцыі. Лёзунгі «зямля – сялянам», «фабрыкі – рабочым» азначалі вялізарны сацыяльны пераварот у краіне. Яны былі арыентаваныя на тое, каб забраць уласнасьць у адных і перадаць яе другім. Адняць уласнасьць магчыма толькі з дапамогай гвалту. Дзіўна было чакаць, што тыя, у каго адбіраюць маёмасьць, з гэтым пагодзяцца. То бок, гэтыя нібыта добрыя ідэі і лёзунгі ад пачатку былі скіраваныя на разьвязваньне грамадзянскай вайны. Тэрор і масавыя забойствы былі наўпроставымі наступствамі тых ідэй, якія, як аказваецца, сёньня прымальныя для Лукашэнкі.

Цікава тое, што да сучасных рэвалюцый беларускі лідэр ставіцца крайне нэгатыўна. Ён увесь час крытыкуе гарбачоўскую перабудову. «Каляровыя рэвалюцыі» ў яго выклікаюць толькі лаянку. Антырэвалюцыйнасьць даўно стала галоўным элемэнтам афіцыйнага прапагандысцкага канструкту. Дзяржаўныя мэдыі асуджаюць рэвалюцыі паўсюль: у Сэрбіі, Украіне, Грузіі, Кыргызстане, арабскіх краінах. Яны даводзяць, што дзяржаўная ўлада, якая б яна ні была – рэч сакральная. А рэвалюцыі – гэта гвалт, хаос. Па БТ увесь час ідуць фільмы, якія паказваюць, да якіх нэгатыўных наступстваў прывялі рэвалюцыі ў тых краінах, дзе яны адбыліся. Пасьля чарговай рэвалюцыі ў Кыргызстане ў 2010 годзе Лукашэнка ня вытрымаў, даў прытулак зрынутаму кіраўніку Бакіеву, аб'явіў яго законным прэзыдэнтам, а новыя ўлады, якія прыйшлі на рэвалюцыйнай хвалі, назваў бандытамі. І нават пачаў упікаць АДКБ за тое, што яна не бароніць кіроўных уладароў ад народнага пратэсту.

Але шукаць лёгіку ў прапагандысцкіх канструктах – справа няўдзячная. Бо прапаганда па самой сваёй прыродзе дзейнічае на дарацыянальным узроўні, стварае сваё міталягічнае поле.

А тое, што для апраўданьня беларускай сацыяльнай мадэлі даводзіцца шукаць падпоркі ў такіх сумнеўных ідэалягічных крыніцах, як Кастрычніцкая рэвалюцыя, вельмі знамянальна. Відаць, мадэль моцна захісталася.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG