Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнія дасьледаваньні сьведчаць, што ежа з высокім утрыманьнем тлушчу можа быць шкодная для мозгу.

Некалькі тыдняў таму на штогадовай сустрэчы ў Новым Арлеане нэўролягі з унівэрсытэту Мінэсоты прадставілі вынікі дасьледаваньняў на пацуках, паведамляе New York Times. Цягам чатырох месяцаў адна група пацукоў спажывала звычайную ежу, а другую групу кармілі той, дзе ня менш як 40 адсоткаў складаў тлушч. Пры гэтым колькасьць калёрыяў была аднолькавая ў абедзьвюх дыетах.

Пасьля чатырох месяцаў кагнітыўныя здольнасьці пацукоў, якія спажывалі ежу зь вялікай доляй тлушчу, былі значна горшыя. Такі ж вынік далі і іншыя аналягічныя досьледы.

Пакуль што незразумела, якім чынам высокае ўтрыманьне тлушчу можа паўплываць на мозг. Навукоўцы не выключаюць, што пэўныя кісьліны могуць стымуляваць працэсы, якія вядуць да пашкоджаньняў клетак у частках мозгу, адказных за памяць і здольнасьці да запамінаньня.

Вядома, лябараторныя жывёліны — ня людзі, і пакуль што рана рабіць наўпроставыя паралелі. Але доктар Віджаякумар Маванжы з унівэрсытэту Мінэсоты раіць — дзеля ўсяго дзеля — пасьля фуршэту прагуляцца, каб пазбавіцца лішняга тлушчу.
XS
SM
MD
LG