Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ажубаліс: Гэта тэрарыстычны выпад супраць літоўскай тэрыторыі

абноўлена

Апэратыўна-сьледчая група праваахоўных органаў Беларусі 7 лістапада прыехала ў амбасаду Літвы ў Менску. Яна вывучае акалічнасьці інцыдэнту, якім адбыўся позна ўвечары 6 лістапада.

Як стала вядома «Свабодзе» ад супрацоўнікаў амбасады, ва аўторак каля адзінаццатай гадзіны вечару нехта кінуў на тэрыторыю амбасады, якая знаходзіцца на вуліцы Захарава, дзьве бутэлькі з «кактэйлем Молатава». Яны загарэліся. Аднак літоўскія паліцыянты, якія працуюць у амбасадзе, здолелі «кактэйлі» пагасіць.

Літоўскія дыпляматы, кажуць, што яны не бачаць нейкіх падставаў для такога акту.

«Ніякіх пагрозаў ні па тэлефоне, ні ў іншай форме нам не было. Таму мы ўсе вельмі зьдзіўленыя гэтай акцыяй», - сказала «Свабодзе» супрацоўніца амбасады Віта Наўскайціце.

Яны таксама сказалі, што будуць супрацоўнічаць з праваахоўнымі органамі Беларусі ў раскрыцьці гэтай справы.

Завялі крымінальную справу

Сьледчы камітэт Партызанскага раёну Менску, на тэрыторыі якога знаходзіцца амбасада Літвы, узбудзіў крымінальную справу аб кіданьні «кактэйляў» Молатава на тэрыторыю амбасады. Яна вядзецца па артыкулу Крымінальнага кодэксу пра хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў.

З супрацоўнікамі амбасады вядуцца перамовы аб перадачы запісаў з відэакамэраў, якія ўсталяваныя на будынку амбасады.

Ужо высьветлена, што бутэлькі кінулі на тэрыторыю амбасады двое невядомых. Гэта адбылося 6 лістапада ў 22 гадзіны 48 хвілін.


МЗС Літвы: Гатовыя супрацоўнічаць зь беларускімі праваахоўнымі органамі

Амбасада Літвы ў Беларусі ўручыла ноту МЗС Беларусі.

Кіраўніка дыпляматычнай місіі Беларусі ў Літве выклікаюць у МЗС гэтай краіны.

Літоўскія дыпламаты зьвернуцца з патрабаваньнем гарантаваць бясьпеку амбасады ў Менску.

«Адказныя беларускія ведамствы павінны неадкладна распачаць адпаведныя крокі, каб выявіць асобаў, якія зьдзейсьнілі напад, і прыцягнуць іх да адказнасьці», — гаворыцца ў заяве МЗС Літвы. «Экспэрты зь Літвы гатовыя дапамагчы ў сьціслыя тэрміны высьветліць акалічнасьці злачынства».



Літва рыхтуе ноту пратэсту

Пра гэта сёньня паведаміў, выступаючы ў Сэйме Літвы былы амбасадар гэтай краіны ў Беларусі, а цяпер кіраўнік Дэпартамэнту Палітыкі Ўсходняга суседства МЗС Літвы Эдмінас Багдонас. Ён таксама сказаў, што гэта нота будзе перададзена беларускаму боку сёньня.


Аўдронюс Ажубаліс
Аўдронюс Ажубаліс
Факт, што ў будынак амбасады Літвы ў Менску кінулі дзьве бутэлькі з запальнай сумесьсю, трэба расцэньваць як тэрарыстычны выпад супраць нашай краіны, лічыць міністар замежных справаў Аўдронюс Ажубаліс і старшыня парлямэнцкага Камітэту па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс. " Гэта тэрарыстычны выпад супраць літоўскай тэрыторыі", — сказаў 7 лістапада ў парлямэнце журналістам Зінгерыс, перадае DELFI.


Амбасада Літвы працуе ў звычайным рэжыме

«Учорашні інцыдэнт не паўплываў на нашу працу», — паведаміла «Свабодзе» прэсавы сакратар амбасады Віта Наўскайціце. — «Амбасада працуе ў звычайным рэжыме. І хоць сёньня ў Беларусі сьвяточны дзень, для нас ён застацца звычайным працоўным днём. Размоваў пра тое, што ў нас можа нешта зьмяніцца, няма».


Нападам на амбасаду зоймецца Сьледчы камітэт

«Сьледчы камітэт Беларусі ўзбудзіць крымінальную справу па факту кіданьня „кактэйляў“ Молатава на тэрыторыю амбасады Літвы ў Менску» — заявіў сёньня прадстаўнік Сьледчага камітэту Павал Траўлька. Ён таксама дадаў, што вырашаецца пытаньне аб кваліфікацыі гэтага злачынства.

7 лістапада раніцай апэратыўна-сьледчай група ўжо пабывала на месцы інцыдэнту.




Іншыя выпадкі нападаў на амбасады ў Менску

У ноч на 25 ліпеня 2008 году невядомыя размалявалі нацыянал-бальшавіцкай сымболікай і закідалі ўлёткамі амбасаду Літвы ў Менску.

Тады міліцыя распачала крымінальную справу ў сувязі з актам вандалізму на тэрыторыі літоўскай амбасады ў Менску. Аднак злаўмысьнікаў так і не знайшлі.

2 лютага 2008 году невядомыя напалі на амбасаду Чэхіі ў Менску. Яны парвалі чэскі сьцяг, разьбілі шкло ў будынку і шыбу ў дыпляматычнай машые.

Таксама 2 лютага 2008-га быў напад і на амбасаду Вялікай Брытаніі. Невядомы падышоў да амбасады і пачаў мэталічнай трубой біць па дзьвярах і па відэакамэры". Ахоўнікі затрымалі нападніка, перадалі яго міліцыі. Аднак пазьней стала вядома, што міліцыя адпусьціла гэтага чалавека.

У 2007 годзе былі пашкоджаныя будынкі амбасады Латвіі і консульства Эстоніі. Вінаватых не знайшлі.

У жніўні 2010 на тэтыторыю амабсады Расеі кінулі бутэльку з «кактэлем Молатава». Вялікага пажару ня здарылася. Згарэла адна машына, прыпаркаваная ў двары амбасады. Ніхто не пацярпеў.

24 траўня 2011 года Заводзскі суд Менску вынес абвінаваўчыя прысуды Аляксандру Францкевічу (3 гады пазбаўленьня волі), Мікалаю Дзядку (4,5 гады) і Ігару Аліневічу (8 гадоў зьняволеньня). Маладыя людзі былі асуджаныя на працяглыя тэрміны паводле абвінавачаньня ў зьдзяйсьненьні шэрагу палітычных акцый, у тым ліку і за напад на амбасаду Расеі ў Менску ў жніўні 2010 года.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG