Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як амэрыканскія беларусы гандлююць марыхуанай


Юрась Зянковіч

Юрась Зянковіч

Блогер-беларус Юрась Зянковіч — у ранішнім жывым эфіры са штату Нью-Джэрзі.

Падчас падліку галасоў на прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША ў жывым эфіры "Свабоды" былі беларусы, якія цяпер жывуць у Злучаных Штатах. Прыхільнік Рэспубліканскай партыі Юрась Зянковіч са штату Каларада расказваў пра сытуацыю ў гэтым «хісткім» або «нявызначаным» штаце і пра тое, чаму большасьць там падтрымала легалізацыю марыхуаны, якую прапанавалі рэгуляваць гэтаксама, як алькаголь і тытунь.

Знаткевіч: Юрась, добры вечар! Я так разумею, у вас цяпер вечар у Каларада.

Зянковіч: Добры вечар! У Беларусь — добрай раніцы! Так, у нас пакуль вечар яшчэ.

Знаткевіч: Каларада — гэта хісткі штат, нявызначаны. Як амэрыканцы гавораць, «swing state». Што там у вас адбываецца цяпер? Што паведамляюць мясцовыя каларадзкія мэдыі?

Зянковіч: Я сачу за падлікам галасоў па мясцовым тэлеканале і пакуль што, пасьля падліку прыкладна 50 адсоткаў галасоў, наперадзе, са 160 тысячамі перавагі, Міт Ромні.

Знаткевіч: На мінулых выбарах гэты штат прагаласаваў за Абаму, хоць раней там традыцыйна галасавалі за рэспубліканцаў. Увогуле гэты штат апошнім часам даволі моцна вагаўся і ў перадвыбарчых апытаньнях. На вашую думку, чаму так адбываецца?

Зянковіч: Ведаеце, Каларада — традыцыйна тыповы штат сярэдняга захаду. Гэта значыць, вельмі кансэрватыўны. Тое, што адбылося на мінулых выбарах, мяне, калі шчыра, крышачку зьдзівіла. Але тут ёсьць адзін дэмаграфічны фактар. Пасьля ўрагану ў Новым Арлеане сюды перасялілі вельмі шмат жыхароў Луізіяны і навакольля, і, магчыма, менавіта гэта паўплывала на вынікі мінулых выбараў. Гэтым разам пакуль што ідзе ваганьне, але, паводле папярэдніх падлікаў, зь сямі акругаў, дзе выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ЗША, у шасьці перамагаюць рэспубліканцы. Так што ёсьць імавернасьць, што гэты штат гэтым разам будзе рэспубліканскім.

Знаткевіч: Гэта мы гаворым пра вынікі менавіта ў штаце Каларада. Але калі гаварыць пра агульнанацыянальную сытуацыю, ці ёсьць у вас як у прыхільніка Міта Ромні аптымізм, што Ромні здолее выйграць гэтыя выбары? Пакуль што ў вызначаных хісткіх штатаў перамогу здабывае Барак Абама...

Зянковіч: Тут цяжка казаць, бо падзел галасоў ідзе прыкладна 50 на 50, але найбольш трывалая так званая «прыкмета чырванаскурых» гаворыць, што большасьць галасоў мае набраць усё ж такі Міт Ромні. Але гэтая прыкмета гаворыць менавіта пра перавагу ў галасах, а не ў калегіі электараў.

Знаткевіч: Калі вы гаворыце пра «чырванаскурых», вы маеце на ўвазе рэспубліканцаў, так?

Зянковіч: Не, «чырванаскурыя» — гэта футбольная каманда. Ёсьць такая прыкмета, якая спраўджвалася ўжо 18 разоў: калі апошні тур «чырванаскурыя» выйграюць, то дзейны прэзыдэнт і дзейная партыя захоўваюць кантроль на Белым Домам. Але ў апошнім матчы «чырванаскурыя» прайгралі. Таму тэарэтычна павінен перамагчы кандыдат ад супрацьлеглай партыі, гэта значыць рэспубліканец.

Знаткевіч: Нешта кшталту знакамітага васьмінога Паўля, які прадказваў у свой час вынікі футбольных матчаў? А «чырванаскурыя» прадказваюць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў?

Зянковіч: Так, нешта накшталт таго. Гэтай прыкмеце ўжо 72 гады, і пакуль што яна спрацоўвала беспамылкова.

Знаткевіч: Юрась, на гэтых выбарах вашыя знаёмыя галасавалі ня толькі ў Каларада, галасавалі ня толькі за аднаго з кандыдатаў, але паралельна адбываюцца й выбары ў Палату прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. Але ў Каларада, як і ў двух іншых штатах, адбываўся рэфэрэндум пра легалізацыю марыхуаны, так званая папраўка 64. Як галасавалі вашыя знаёмыя ў гэтым пытаньні?

Зянковіч: Гэта вельмі цікавае пытаньне. Рэч у тым, што марыхуана ў штаце Каларада ў мэдычных мэтах ужо даволі доўгі час легалізаваная, таму некаторыя людзі, нават прыхільнікі Рэспубліканскай партыі, прагаласавалі «за». Бо яны, іх сваякі ці знаёмыя зьвязаныя зь бізнэсам, які займаецца гандлем марыхуанай для мэдычных мэтах. Яны зацікаўленыя ў пашырэньні свайго бізнэсу. Паводле папярэдніх вынікаў, пасьля падліку 30 адсоткаў бюлетэняў, 53 адсоткі маюць прыхільнікі легалізацыі. Я асабіста, натуральна, зьяўляюся праціўнікам гэтага, але ўвогуле стаўленьне да марыхуаны ў ЗША вельмі спэцыфічнае. Марыхуана шмат дзе легалізаваная ў мэдычных мэтах, і шмат у якіх штатах ідзе гаворка пра тое, каб легалізаваць яе цалкам. У любым выпадку крымінальнае пакараньне за захоўваньне ці ўжываньне марыхуаны значна ніжэйшае, чым за так званыя цяжкія наркотыкі.

Знаткевіч: Вось гэта будзе дзіўна для беларусаў, бо фактычна марыхуану ў штаце Каларада прапануюць гэтай папраўкай легалізаваць як алькаголь і тытунь, гэта значыць прадаваць, але зь дзяржаўнай манаполіяй. У Беларусі для шмат каго гэта проста шок, бо няма розьніцы, паводле беларускага заканадаўства, якое рэчыва ты маеш — ці то гераін, ці то марыхуану — тэрмін пакараньня аднолькавы. Прынамсі, фармальна, паводле Крымінальнага кодэксу. Як бы вы патлумачылі гэтую розьніцу ў стаўленьні?

Зянковіч: Проста марыхуана — гэта больш лёгкі наркотык. Шмат хто лічыць, што яна не выклікае прызвычайваньня, таму яна трактуецца шмат у якіх штатах значна мякчэй, чым цяжкія наркотыкі. Напрыклад, я сустракаўся з такой справай, што ў Пэнсыльваніі штраф за марыхуану — усяго 100 даляраў. Але цікава, што на фэдэральным узроўні марыхуана ўсё роўна трактуецца як наркотык і, у прыватнасьці, нейкія абвінавачаньні ці прысуды за захоўваньне ці спажываньне марыхуаны маюць уплыў у тым ліку й на міграцыйныя справы. Паводле міграцыйнага заканадаўства, чалавек, які мае хоць адно злачынства, зьвязанае з наркотыкамі, ня можа атрымаць візу ЗША ні пры якіх умовах.

Знаткевіч: Юрась, якраз гэтае пытаньне я хацеў задаць вам. Я чытаў у навінах, што фэдэральная ўлада ўсё роўна будзе перашкаджаць, нават калі пройдзе гэтая папраўка 64. На вашую думку, ці фэдэральная ўлада здатная не дазволіць, каб гэтая папраўка, калі яна пройдзе на рэфэрэндуме, уступіла ў дзеяньне? Якая мяжа паміж уладаю штату і фэдэральнага цэнтру?

Зянковіч: Я сёлета скончыў магістратуру юрыдычнай школы аднаго з унівэрсытэтаў. Там у нас адзін з тыповых прэцэдэнтаў, якія нам выкладалі на ўводным курсе, быў прэцэдэнт наконт марыхуаны — ён дэманстраваў мяжу паміж паўнамоцтвамі фэдэральнай улады і ўлады штату. У Каліфорніі, дзе марыхуана легальная для мэдычных мэтаў, былі дзьве жанчыны, абедзьве хворыя, якія мелі права спажываць марыхуану для мэдычных мэтаў. Адна з жанчын вырошчвала марыхуану і прадавала другой. І ў гэтую справу ўмяшаліся фэдэральныя агенты па барацьбе з наркотыкамі і выставілі жанчыне, якая вырошчвала, крымінальнае абвінавачаньне. Справа дайшла да Вярхоўнага суду, і ў выніку ён пастанавіў, што пакуль марыхуана не пераходзіць мяжы штату, фэдэральная ўлада ня мае паўнамоцтваў. Гэта канстытуцыйная норма, і яна была ўжытая ў гэтай справе — жанчына была апраўданая. Таму што па каліфарнійскіх законах гэта легальна, а фэдэральная ўлада тут ня можа нічога зрабіць.

Знаткевіч: І апошняе пытаньне да вас, Юрась. Ці паўплывала гэтая ініцыятыва і гэтае галасаваньне на хаду выбараў? То бо ці ёсьць сур’ёзная мяжа паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі ў стаўленьні да гэтага пытаньня?

Зянковіч: Мяжа, безумоўна, ёсьць. Прыхільнікі Рэспубліканскай партыі — людзі больш кансэрватыўныя, чым дэмакраты. Але тут таксама ўплывае тое, што я назваў набліжанасьцю да марыхуанавага бізнэсу ці нейкае асабістае стаўленьне да наркотыку. Таму нельга сказаць, што стоадсоткава, але ў значнай ступені ўплывае, таму што гэта пытаньне сьветапогляду: «так» наркотыкам або «не» наркотыкам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG