Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад прэзыдэнтам ЗША ў яго чарговую кадэнцыю адносна Беларусі будуць як мінімум два выклікі, дзьве паваротныя кропкі: гэта ўтварэньне Эўразійскага саюзу ў складзе Беларусі, Расеі і Казахстану (і магчыма нейкіх іншых краінаў) і прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў 2015 годзе. Абодва выклікі будуць патрабаваць адэкватнага адказу, нават калі беларускае пытаньне ня будзе ў фокусе зьнешняй палітыкі Вашынгтону.

Ня думаю, што ад прэзыдэнта Абамы варта чакаць нейкай буйной ініцыятывы па беларускім пытаньні. Асноўная ўвага ягонай зьнешняй палітыкі будзе скіраваная на Азію – праўда, у сувязі з гэтым можна чакаць дастаткова рэзкіх крокаў ЗША ў адказ на супрацоўніцтва Менску зь Іранам ў вайскова-тэхнічнай сфэры.

Мяркую, што адміністрацыя Абамы будзе аддаваць перавагу шматбаковым дзеяньням разам з Эўропай, часам аддаючы эўрапейскім саюзьнікам ролю першай скрыпкі: гэтак было, напрыклад, і падчас лібійскай ваеннай кампаніі, і падчас нармалізацыі стасункаў Эўразьвязу з Беларусьсю ў 2008-2010 годзе, гэтак жа – як і пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году і наступнага рэзкага абвастрэньня адносінаў Менску і ЭЗ.

Нешта падобнае будзе і ў адносінах да Эўразійскага саюзу, і да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Безумоўна, ЗША будуць супрацьдзейнічаць таму, каб гэты саюз стаў сапраўды нейкай рэінкарнацыяй Савецкага Саюзу, ў гэтым сэнсе пэўная ўпартасьць Лукашэнкі ў адстойваньні сувэрэннасьці свайго кантролю над Беларусьсю можа выклікаць і станоўчую рэакцыю Вашынгтону.

Што да палітыкі ЗША падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, то зараз пакуль цяжка прагназаваць – да выбараў яшчэ шмат часу і сытуацыя можа зьмяніцца. Але паводле трэнду складана прагназаваць, што адміністрацыя Абамы на гэтых выбарах зробіць стаўку на зьмену рэжыму.

Варта сказаць, што ў пэўным сэнсе мяч знаходзіцца на баку Менску. Калі Лукашэнка палічыць, што залежнасьць ад Расеі дасягнула небясьпечнай мяжы і паспрабуе зрабіць геапалітычны манэўр, Вашынгтон безумоўна будзе гэта вітаць. Але ня лезучы першым з абдымкамі – ёсьць пэўныя ўмовы, ў прыватнасьці, вызваленьне палітвязьняў, ёсьць сумны досьвед ранейшых абдымкаў, так што будуць сачыць, дазуючы крокі насустрач толькі ў адказ на сапраўдныя зьмены.

МІЖНАРОДНАЯ ПАЛІТЫКА Ў ЦЭЛЫМ


Войскі ЗША будуць збольшага выведзеныя з Аўганістану, хаця застанецца нейкае вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Гэта будзе важная падзея для ўсяго рэгіёну. Калі рэжым у Кабуле спасьцігне лёс прасавецкага рэжыму Наджыбулы – у рэгіёне стане вельмі горача, ня выключана, што гэтая гарачыня перакінецца на краіны Цэнтральнай Азіі, ў тым ліку і саюзьнікаў Беларусі па АДКБ.

Што тычыцца Ірану, то Вашынгтон Абамы будзе да апошняга карыстацца дыпляматычнымі і санкцыйнымі сродкамі, стрымліваючы Ізраіль ад прэвэнтыўнага ўраду. Хаця стрыманасьць гэтая не бязьмежная, ня выключана, што абставіны – у прыватнасьці, тэмп разьвіцьця іранскай ядзернай праграмы – прымусяць Абаму ўжыць сілу, пра што ён казаў падчас выбарчай кампаніі. Барак Абама – зусім не пацыфіст, што ён даказаў як ліквідацыяй Усамы бін Ладэна, гэтак і апэрацыяй у Лібіі.

Выглядае, што геапалітычнае стрымліваньне Кітаю стане адной з галоўных задачай другой кадэнцыі Барака Абамы. Варта сказаць, што літаральна заўтра вялікая «зьмена каравулу» адбудзецца і ў Пэкіне. Гэта яшчэ адна невядомая – курс, якім павядзе КНР новае кіраўніцтва.

Нарэшце, стасункі з Расеяй. На думку некаторых аглядальнікаў ня ў тым справа, што знакамітая «перазагрузка» мела посьпех ці пацярпела няўдачу – справа ў тым, што яе парадак дня збольшага вычарпаны. СНВ-3 падпісанае, транзыт на Аўганістан забясьпечаны, гатоўнасьць Масквы падтрымліваць Вашынгтон у пытаньні санкцый супраць Ірану, здаецца, вычарпаная, Расея ўступіла ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Што далей? Гэта пытаньне. Пры гэтым ступень аўтарытарнасьці расейскага палітычнага рэжыму заўважальна павялічваецца, прычым гэты працэс мае выразнае антыамэрыканскае, антызаходняе вымярэньне.

Хутчэй за ўсё Абама ў сваім стылі будзе дамагацца адносна Расеі кансалідацыі высілкаў з Эўропай, цяперашняе рашэньне Эўракамісіі наконт дзейнасьць Газпрома ў ЭЗ вельмі моцна кантрастуе з сардэчнай згодай паміж Пуціным і эўрапейскімі лідэрамі, якая панавала падчас прэзыдэнцтва Джорджа Буша-малодшага.

Адзінае, ў чым Абама можа праявіць гнуткасьць, як ён гэта і абяцаў, дык гэта ў разгортваньні сыстэмы супрацьракетнай абароны. Гэты праект ня будзе згорнуты, але магчыма будзе запаволены, каб не выклікаць раздражненьня Масквы.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG