Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канваір Пракапенкі не падазраваў, што Арцём такі ўпарты


Арцём Пракапенка

Арцём Пракапенка

6 лістапада Арцёма Пракапенку, які адбывае 7-гадовае пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 19, наведаў адвакат. Хлопец моцна прастуджаны, у кубрыках, дзе знаходзяцца зьняволеныя, вельмі холадна. У Арцёма праблемы з рукой, якую ён сур’ёзна застудзіў, у руку ставяць уколы.

Адвакат спрабаваў пераканаць свайго падабароннага, каб той напісаў прашэньне аб памілаваньні. Арцём катэгарычна адмовіўся. Нават канваір, што прысутнічаў пры сустрэчы, кінуў рэпліку, што і не падазраваў, што Арцём такі ўпарты.

Родныя хлопца занепакоеныя інфармацыяй пра тое, што ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы пачасьціліся выпадкі захворваньняў на сухоты. Арцём Пракапенка сказаў, што за год яму рабілі флюараграфію 7 разоў.

Арцём Пракапенка разам зь Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым асуджаны судом Бабруйску за спробу падпалу дзьвярэй КДБ на 7 гадоў пазбаўленьня волі (частка 2 артыкула 339 — злоснае хуліганства, і частка 3 артыкула 218 Крымінальнага кодэксу — пашкоджаньне маёмасьці ў асабліва буйным памеры). Пракапенка адбывае пакараньне ў калёніі № 19, Васьковіч — у турме № 4 Магілёва. Павал Сырамалотаў у чэрвені 2012 году напісаў прашэньне аб памілаваньні і 27 верасьня быў вызвалены.
XS
SM
MD
LG