Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Законнасьць «Бульбаша» праверыць Генпракуратура


Забаўляльны комплекс ля Курапатаў

Забаўляльны комплекс ля Курапатаў

Грамадзкасьць просіць Генпракуратуру праверыць законнасьць будаўніцтва рэстараннага комплексу каля ўрочышча Курапаты.

Пад заявай сабрана больш за 300 подпісаў, паведаміла на паседжаньні грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» актывістка Ганна Шапуцька. Заяву ўжо накіравалі ў генпракуратуру, аднак збор подпісаў працягваецца.

У заяве адзначаецца, што Курапатам прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі. А гэта, згодна з законам «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», адпавядае катэгорыі «найбольш унікальных каштоўнасьцяў, духоўныя, эстэтычныя і дакумэнтальныя якасьці якіх уяўляюць міжнародную цікавасьць».

Падпісанты просяць правесьці праверку і вызначыць, хто і чаму зьмяніў ахоўную зону каля ўрочышча Курапаты з 300 да 100 мэтраў, на падставе чаго было праведзена зьмяншэньне ахоўнай зоны, і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Таксама яны патрабуюць прыцягнуць да адказнасьці чыноўнікаў, якія паставілі свае подпісы пад дакумэнтамі аб выдзяленьні ўчастка пад будаўніцтва рэстараннага комплексу.

Таксама аўтары заявы патрабуюць праверыць дзейнасьць кіраўніцтва кампаній-заказчыкаў, «якія будаўніцтвам дадзенага забаўляльнага комплексу ў месцы масавых расстрэлаў нашых продкаў, аб’екта культурна-гістарычнай каштоўнасьці рэспубліканскага значэньня, абражаюць гістарычную памяць і нацыянальны гонар беларускага народа».

Аўтары заявы патрабуюць спыніць «незаконнае будаўніцтва рэстараннага комплексу» і правесьці праверку законнасьці ўжываньня слова «бульбаш» у назвах фірмаў і прадукцыі на тэрыторыі Беларусі. Яны лічаць, што ўжываньне слова «бульбаш», «гэтак жа як „маскаль“ або „чурка“, — гэта ў першую чаргу праява ксэнафобіі і нацыянальнай нянавісьці на побытавым узроўні і парушэньне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».

Копіі заявы накіраваныя старшыні Камітэту дзяржкантролю Аляксандру Якабсону, старшыні Менаблвыканкаму Барысу Батуру і міністру культуры Паўлу Латушку, паведамляе БелаПАН.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG