Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора тры разы адказваў на пытаньне, ці зьяўляецца, на маю думку, літаратурай тэкст PREZIDENT L, напісаны чалавекам, які хаваецца за псэўданімам Антон Сяргеевіч Дыбаў. Вырашыў падсумаваць думкі на гэты конт.

Першае: так, я прачытаў гэты раман ад пачатку да канца, але не таму, што ён мяне захапіў, а таму што маю звычку чытаць творы, якія ствараюцца беларускімі аўтарамі, каб разумець, куды, у які бок, рушыць нацыянальны літаратурны працэс.

І не, я не пісаў гэтага раману: калі б я напісаў гэты тэкст, я б не хаваўся за псэўданімам. За ўласныя словы трэба адказваць: і ў кармічным, і ў крымінальна-працэсуальным сэнсе.


Другое: раману бракуе літаратурнай амбіцыі. Мне падалося, што аўтар ставіў перад сабой якія заўгодна, але не літаратурныя мэты. Бо ўсе героі тэксту размаўляюць казённай мовай, ад якой пасьля 10-й старонкі пачынаюць балець зубы. Моўны партрэт маладой кэдэбісткі Ганны не адрозьніваецца ад моўнага партрэту састарэлага сатрапа. Мова герояў — гэта ня тое, як гавораць людзі ў беларускіх уладных кабінэтах. Гэта тое, як тыя сустрэчы ды размовы падаюцца ў афіцыйных прэсавых рэлізах.

Літаратурай, хутчэй за ўсё, варта называць тое, што застанецца пасьля таго, як «прэзыдэнт Л» сыдзе

Тое самае можна сказаць пра мову нарацыі: мы бачым тут не квяцістыя вобразы, не прыгожыя (ці страшныя, ці сьмешныя) апісаньні, а ўсё той жа аднатонны бубнёж, які зьліваецца з такім жа бубняжом размоваў і дыялёгаў. Вазьміце фрагмэнт пра наведваньне былым «прэзыдэнтам L» Гародні ды супастаўце яго, напрыклад, са сцэнамі народных гуляньняў у Таргачове з рамана Ахроменкі «Тэорыя змовы». У першым выпадку — шэрыя дэкарацыі, пустая сцэна. У другім выпадку — сьмешна, зьедліва, актуальна. Дарэчы, тым, хто раман PREZIDENT L хваліць, я вельмі раю пачытаць прэм’еры апошніх двух гадоў, у прыватнасьці — доўгі сьпіс мінулагодняга Гедройца. Каб, як кажуць, падвысіць плянку чаканьняў ад літаратуры.


Можна, канешне, дапусьціць: тое моўнае «спрашчэньне», занудненьне было зроблена наўмысна. Раман быў створаны мовай бясконцага прэс-рэлізу дзеля таго, каб выканаць нейкую мастацкую задачу. Але ж у чым яна? Дзе людзі? Дзе палыханьне жарсьцяў? Дзе, урэшце, Шэксьпір? Навошта было забіваць драму казёншчынай?


Тут ёсьць не драма, а накід драмы. Не забойства, а сынопсіс забойства. Гэта такая вялікая заяўка на раман, з апісаньнем асноўных сюжэтных вузлоў. Зараз трэба PREZIDENT L сесьці і напісаць. Спадзяюся, чалавек, які хаваецца за псэўданімам Антон Сяргеевіч Дыбаў, менавіта таму паставіў у тэксьце ўдакладненьне «першая рэдакцыя», што будзе рэдакцыя і другая, якая ўлічыць і выправіць ўсе ўказаныя ў рэцэнзіях хібы. Можа быць, дарэчы, атрымаецца няблага.


Тэкст не мае літаратурнай амбіцыі, ён не працуе як палітычны прагноз, дык навошта было пісаць такую вялікую колькасьць літараў?

«Наша Ніва» пабачыла ў тэксьце «постмадэрн» і «дзёрзкасьць», выклікаўшы дыскусію сярод адмыслоўцаў. Ня ведаю, што пад «постмадэрнам» разумеюць калегі, але для мяне (я магу памыляцца!) гэта ў першую чаргу інтэртэкстуальнасьць, нелінейнасьць, гульня з папсой (хацеў бы падкрэсьліць: не папса як такая, а дэканструкцыя яе, гульня зь ёй, як у «Рамане» Сарокіна).

Інтэртэкстуальнасьць у тэксьце ёсьць, яна палягае ў тым, што сюжэтам ён падобны на «Караля Ліра», але тэкст лінейны. Мы ня бачым тут сюжэтных лябірынтаў, як ў «Хазарскім слоўніку» Павіча. Што тычыцца адносінаў гэтага тэксту да папсы, дык тут меркаваньні разыходзяцца. Адны кажуць, што выкарыстаньне «прэзыдэнта Л» і «сына Колі» у якасьці галоўных герояў і ёсьць «постмадэрнісцкая гульня», я ж тут акрамя падкрэсьленай, празьмернай, газэтнай злабадзённасьці нічога ня бачу. Літаратурай, хутчэй за ўсё, варта называць тое, што застанецца пасьля таго, як «прэзыдэнт Л» сыдзе. Тое, што будзе цікава чытаць і пасьля таго, як ніхто ўжо не згадае, хто такі «сын Коля». Ці захавае сваю вартасьць тэкст у 22-м стагодзьдзі? Сумняюся.


Справа ў тым, што PREZIDENT L гэта не сьмешна і не страшна. Гэта ніяк. Гэта не кранае ні як палітычны прагноз (бо нічога падобнага не можа быць у Беларусі ў 2041 года), ні як абстрактнае разважаньне пра прыроду ўлады. Здаецца, аўтар памыліўся з шэксьпіраўскім сюжэтам: сучасная Беларусь гэта хутчэй Макбэт, чым Кароль Лір. Ды й просты перавод Гамлету ў сучасныя беларускія ўмовы даў бы тэкст па моцы супастаўны з адным з найбольш моцных фільмаў пра каханьне — Romeo + Juliet Бэза Лурмана.


Чалавек, які стварае раман дзеля таго, каб падштурхнуць кіраўніка дзяржавы задумацца аб будучым і сысьці ў адстаўку — гэта нават круцей за сюжэт, апісаны ў «Сьцюдзёным выраі»

Напрыканцы застаецца пытаньне, якім мяне некалі зьбянтэжыў і раззлаваў адзін знакаміты літаратуразнаўца, які прачытаў «Параною»: «Навошта вы гэта зрабілі?» Я на гэтае пытаньне адказаць ня здолеў, яно падалося мне дурным. Зараз я адрасую гэтае пытаньне Антону Сяргеевічу Дыбаву, здагадваючыся, што, магчыма, ён падумае пра мяне гэтак жа дрэнна, як я некалі думаў пра свайго сябра-літаратуразнаўцу.


Тэкст не мае літаратурнай амбіцыі, ён не працуе як палітычны прагноз, дык навошта было пісаць такую вялікую колькасьць літараў? Ці не для таго, каб «прэзыдэнт Л», прачытаўшы кароткае выкладаньне тэксту ў штодзённым рапарце службы бясьпекі, якая маніторыць сеціва, задаўся пытаньнем: а ці трэба даводзіць да падзеяў, якія выкладзеныя ў тэксьце (бо скончылася там усё вельмі дрэнна для пераемнікаў)? Ці, можа, лепей адмовіцца ад удзелу ў наступных выбарах і перадаць уладу каму-небудзь надзейнаму, зь ліку людзей у пагонах?


Калі аўтар ставіў паліттэхналягічныя мэты, усё выканана бліскуча.


Чакайце... здаецца тут ужо зноў пачалася літаратура! Чалавек, які стварае раман дзеля таго, каб падштурхнуць кіраўніка дзяржавы задумацца аб будучым і сысьці ў адстаўку — гэта нават круцей за сюжэт, апісаны ў «Сьцюдзёным выраі» — калі тэкст літаратурнага твору піша КДБ дзеля таго, каб завабіць у пастку вядомую палітычную уцякачку.


І як тут у чарговы раз — проста на падставе прыроды гэтага падазрэньня — не прыйсьці да высновы, што беларускае жыцьцё куды больш літаратурнае за літаратуру?

XS
SM
MD
LG