Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Згодна з разьлікамі адмыслоўцаў, у наступным годзе плацяжы Беларусі, зьвязаныя з абслугоўваньнем і пагашэньнем зьнешняга дзяржаўнага доўгу, складуць больш за 3 мільярды — пры тым, што аб’ём золатавалютных рэзэрваў ацэньваецца ў 8 мільярдаў даляраў. Экспэрты лічаць, што ў такой сытуацыі ўладам нічога не застаецца, як шукаць новыя крэдыты.

У 2013 годзе, згодна з ацэнкай Міністэрства фінансаў Беларусі, чакаецца істотнае павелічэньне выплат па зьнешнім доўгу — на ўзроўні 3 мільярдаў 100 мільёнаў даляраў. Прычым, як кажа фінансавы аналітык дасьледчай кампаніі BusinessForecast Аляксандар Муха, большая частка прыпадае на кампэнсацыю ранейшых пазыкаў Міжнароднага валютнага фонду:

Аляксандар Муха

Аляксандар Муха

«Трэба разумець, што з гэтых 3 мільярдаў 100 мільёнаў даляраў крыху больш за 1 мільярд 700 мільёнаў складаюць плацяжы на абслугоўваньне і пагашэньне рэзэрвовага крэдыту МВФ. Іншымі словамі, у 2013 годзе Беларусь мусіць выплаціць фонду 1 мільярд 718 мільёнаў даляраў, а ў 2014-м — 1 мільярд 378 мільёнаў. Прычым Міністэрства фінансаў, урад плянуюць напалову рэфінансаваць указаную лічбу, каб зьнізіць выплаты фактычна да ўзроўню бягучага году — умоўна кажучы, гэта дзесьці блізу 1,5 мільярда даляраў. А ўсяго за люты 2009 году па кастрычнік 2012-га, паводле нашага разьліку, Беларусь ужо ажыцьцявіла плацяжы на пагашэньне і абслугоўваньне крэдыту на агульную суму 502 мільёны 403 тысячы даляраў. Мы пералічвалі праз курс СДР (міжнародны плацёжны сродак — РС) паводле наяўнай і даступнай інфармацыі».

Дзеля вырашэньня фінансавых праблемаў улады хацелі б атрымаць чарговы крэдыт МВФ, умовы выплаты якога найбольш камфортныя — ня болей за 2–3% гадавых. Аднак, як кажа эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц, на гэтым шляху паўстаюць сур’ёзныя перашкоды:
Улады хацелі б узяць сродкі ў Міжнародным валютным фондзе для рэфінансавання гэтай запазычанасьці. Але праблема ў тым, што фонд пад рэфінансаваньне сродкаў не дае

«Улады хацелі б узяць сродкі ў Міжнародным валютным фондзе для рэфінансавання гэтай запазычанасьці. Але праблема ў тым, што фонд пад рэфінансаваньне сродкаў не дае. У фондзе кажуць, што трэба пачынаць новую праграму супрацоўніцтва зь Беларусьсю, праводзіць глыбокія рэформы ў краіне, і толькі на гэтых умовах фонд гатовы даць Беларусі грошы. Але ж беларускае кіраўніцтва на сёньня не гатовае ісьці гэтым шляхам. Больш за тое, паводле наяўнай неафіцыйнай інфармацыі, беларускае кіраўніцтва нават яшчэ не адпраўляла ў МВФ ліст аб намерах. Таму экспэрты, якія сочаць за перамовамі беларускіх урадавых структураў з МВФ і нават гутарылі з прадстаўнікамі гэтага фонду, кажуць, што невялікія шанцы мае Беларусь на прыцягненьне сродкаў фонду пад рэфінансаваньне».

Няшмат спадзяваньняў і на тое, каб атрымаць фінансавую падтрымку ад бліжэйшага саюзьніка. Масква раззлаваная на Менск за падман з пастаўкамі нафтапрадуктаў пад выглядам прадукцыі нафтахіміі (папярэдне страты ацэньваюцца больш як у 2,5 мільярда даляраў), а таму, перакананыя эканамісты, наступныя траншы крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, які напаўняецца перадусім расейскімі грашыма, будуць абстаўленыя рэальнымі патрабаваньнямі што да структурных рэформаў беларускай эканомікі.

Як лічыць былы міністар эканомікі Расеі, навуковы кіраўнік Расейскай вышэйшай школы эканомікі прафэсар Яўген Ясін, пры цяперашнім дыспарытэце ў паказьніках зьнешняга доўгу, аб’ёму золатавалютных рэзэрваў і немагчымасьці атрыманьня новых пазыкаў Беларусі пагражае катастрофа:

Яўген Ясін

Яўген Ясін

«Магчымая нават эканамічная катастрофа. У вас быў гэткі мядовы пэрыяд, калі былі асабліва цёплыя адносіны з Расеяй, калі Расея шчодра субсідзіравала беларускую эканоміку. З боку падавалася, што ўсё нібыта вельмі добра, што Беларусь нават лепш за Расею спраўляецца са сваёй гаспадаркай, а Аляксандар Рыгоравіч — такі таленавіты кіраўнік, што толькі дзякуючы сваім здольнасьцям забясьпечвае свой народ. Ну, у нейкай ступені гэта так, бо гэта ж яму давалі ўсе субсыдыі. Зараз гэтага няма, ва ўсялякім разе, у нашмат меншай меры: у такім памеры, каб трымаць пры сабе, каб ня зьбег, але і не настолькі, каб жыць, як гаворыцца, ад пуза. Таму што тычыцца таго, пра што вы кажаце, як там будуць складвацца абставіны, то, з майго гледзішча, рэсурсаў у Расеі будзе ўсё менш і менш. Адпаведна, Беларусі перападаць будзе таксама ўсё меней».

І ўсё ж, як мяркуе эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц, варыянты пошуку неабходных сродкаў у Беларусі яшчэ застаюцца. Іншая справа, што наўрад ці нейкая з прапанаваных альтэрнатыў паасобку будзе выратавальнай для беларускай эканомікі:

«Найбольш верагодныя крыніцы — гэта, перш за ўсё, разьмяшчэньне новага выпуску эўрааблігацыяў. Другая крыніца — сродкі Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Але выдзяленьне гэтых сродкаў будзе цалкам залежаць ад палітычнай пазыцыі Расеі, ад таго, наколькі Масква гатовая выдзеліць гэтыя сродкі, нават калі Беларусь не выконвае адну з асноўных умоў крэдытнай праграмы, а менавіта — прыватызацыю. Трэцяя крыніца пошуку сродкаў пад рэфінансаваньне — гэта прыцягненьне сродкаў унутры краіны. Якраз гэтымі днямі Міністэрства фінансаў плянуе заключыць пагадненьне аб продажы валютных аблігацыяў юрыдычным асобам. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, юрыдычныя асобы хацелі б, каб даходнасьць па гэтых аблігацыях знаходзілася ў межах дзесьці 7–7,5% гадавых. З улікам таго, што сродкі МВФ Беларусь тэарэтычна магла б атрымаць пад 2–3% гадавых, зразумела, што тыя сродкі, якія Міністэрства фінансаў сёньня можа ўзяць на ўнутраным рынку, больш дарагія. Прычым значна».

У 2009 годзе Міжнародны валютны фонд ухваліў самую маштабную праграму фінансавай дапамогі Беларусі ў памеры 2,5 мільярда даляраў. Пазьней на просьбу беларускага боку сума была павялічаная яшчэ на 1 мільярд даляраў. У чэрвені 2011-га, у разгар валютнага крызісу ў Беларусі, Рада Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС задаволіла просьбу Менску аб выдзяленьні крэдыту ў аб’ёме 3 мільярдаў даляраў. З шасьці ягоных траншаў атрыманыя тры — на суму больш як 1 мільярд 600 мільёнаў даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG