Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ня бачыць ніякай карысьці ад дзейнасьці Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе.

«У ёй былі зацікаўленыя Захад і ЗША, калі ім супрацьстаяў магутны СССР. Сёньня ім гэтая арганізацыя не патрэбная. А нам, з-за таго што АБСЭ не выконвае сваіх функцый, таксама яна сто гадоў не патрэбная», — заявіў Лукашэнка журналістам.

«Такая арганізацыя патрэбная была б, калі б яна прытрымлівалася таго, што дэкляравала пры сваім стварэньні», — дадаў ён.

«АБСЭ сёньня ніякай бясьпекай не займаецца, а супрацоўніцтва ў іх накіраванае на раздрай, на разлад», — сказаў кіраўнік краіны.

«Якое гэта супрацоўніцтва, калі яны прыехалі ў Беларусь напярэдадні выбараў (у ПП НС. — Інтэрфакс) з гатовым дакладам, які яны потым агучылі? Дакладна гэтаксама — з Украінай (з выбарамі ва Ўкраіне. — Інтэрфакс): былі нарыхтоўкі, балванкі, якія АБСЭ затым агучыла», — адзначыў прэзідэнт.

На ягоную думку, у АБСЭ не існуе адзіных выбарчых стандартаў. «Мы з Расеяй, Казахстанам, дый Украінай настойваем: давайце выпрацуем гэтыя стандарты, каб яны былі адзіныя. Але гэтых стандартаў няма: хто як хоча, так іх і трактуе», — абураецца Лукашэнка.

«Яны (АБСЭ. — Інтэрфакс) спрабуюць навязаць нам свае неіснуючыя стандарты, яны палітызаваныя», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У якасьці прыкладу ён назваў ЗША, якія «пазыцыянуюць сябе як апірышча дэмакратыі». «Прыяжджаюць міжнародныя назіральнікі ў ЗША, ім кажуць: ступіце за парог — мы вас арыштуем. А калі б мы так паступілі? Мы ж іх не арыштоўваем», — сказаў беларускі прэзыдэнт.

«Яны (назіральнікі АБСЭ. — Інтэрфакс) ужо прэтэндуюць на тое, каб падлічваць нашы галасы (...) Але гэта ўжо дваістыя, траістыя стандарты, гэта непрымальна», — заявіў Лукашэнка.

«Калі мы будзем праводзіць палітыку ў інтарэсах свайго народу, захоўваючы сваю незалежнасьць, гэта будзе ім (Захаду. — Інтэрфакс) нявыгадна».

Далей Лукашэнка заклікаў «не напружвацца» з нагоды ацэнак, якія Захад дае Беларусі. «Яны будуць „трапаць“ і „бамбіць“ нас да таго часу, пакуль да ўлады ня прыйдуць іх людзі. Вось калі яны прыйдуць да ўлады, тады будзе тут усё „дэмакратычна“. Вось у чым праблемы, і ня трэба напружвацца наконт гэтага», — заявіў А.Лукашэнка.

Офіс АБСЭ спыніў сваю дзейнасьць у Менску 31 сакавіка 2011 году.

Місія АБСЭ працавала ў Беларусі ад 1998 году. Рашэньне закрыць Офіс было прынятае беларускімі ўладамі ў канцы 2010-га.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG