Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Берасьце: ЦУМ падаў у суд на экс-кандыдата ў дэпутаты


Берасьцейскі цэнтральны ўнівэрмаг падаў у суд на былога кандыдата ў дэпутаты парлямэнту Аляксандра Мельніка. Супернікам Мельніка на выбарах быў генэральны дырэктар ЦУМу Віктар Валюшыцкі, які і стаў дэпутатам.

Нагодай для пазову ў суд стаў сказ на перадвыбарчым плякаце Аляксандра Мельніка: «Паглядзіце на ЦУМ — ён стаў музэем адных з самых высокіх цэнаў».

Генэральны дырэктар ЦУМу Віктар Валюшыцкі кажа, што калектыў прадпрыемства дабіваецца выбачэньняў ад Аляксандра Мельніка:

«Ён парушыў Выбарчы кодэкс, таму за гэта павінен выбачыцца. Унівэрмаг — гэта прадпрыемства, за якім стаіць 700 чалавек. І крыўдзіць усіх... яму такога права ніхто не даваў. Учора быў дзень народзінаў унівэрмагу, і пакупнікі адказалі наведваньнем на ўсе заявы, якія зрабіў Аляксандар Мельнік на адрас прадпрыемства. Мы параўналі ўвесь асартымэнт зь іншымі прадпрыемствамі гандлю, таму не на голых словах падаем пазоў. Нам не патрэбныя ягоныя ніякія фінансы, ён проста перад калектывам павінен выбачыцца. І гэтае пытаньне ўздымаў ня я, а працоўны калектыў. А калі б ён спрабаваў зачапіць мяне, то да яго ніякіх прэтэнзій бы не выстаўлялася...»

Былы кандыдат у дэпутаты Аляксандар Мельнік кажа, што бачыць у гэтым пазове іншыя прычыны:

«Каму гэта патрэбна — незразумела. Я думаю, за гэтым хаваецца тое, што я даводжу справу аб парушэньнях на выбарах да канца. А тут закрануты інтарэс гарвыканкаму. Гэта пятая мая выбарчая кампанія, і ніколі не было цэнзуры агітацыйных матэрыялаў. На гэтых выбарах я прынёс тэкст гэтага плякату, яго вычыталі ў акруговай камісіі і вярнулі мне з подпісам і пячаткай. І прэтэнзіяў да тэксту не было».

Аляксандар Мельнік надалей дабіваецца прыцягненьня да адказнасьці старшыні ўчастковай выбарчай камісіі № 39 Леаніда Валабуева. Былы кандыдат сьцьвярджае, што Леанід Валабуеў не дапусьціў яго прысутнічаць пры падліку бюлетэняў і перанёс сам падлік галасоў з выбарчага ўчастку ў кабінэт лекара. Выбарчы ўчастак № 39 месьціўся ў чыгуначнай лякарні Берасьця.
XS
SM
MD
LG