Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка крытыкуе датэрміновае галасаваньне ў ЗША


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

«Я асабліва не спадзяюся, што ў нас у адносінах з ЗША нешта зьменіцца. Але мы гатовыя да гэтых зьмяненьняў, калі амэрыканцы будуць таксама гатовыя да гэтых крокаў», — заявіў Аляксандар Лукашэнка журналістам у аўторак.

Лукашэнка лічыць, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША палітыка амэрыканскай адміністрацыі ў дачыненьні да Беларусі ня зьменіцца.

«Гэта краіна зь вялізарнай інэрцыяй, яны ідуць як бульдозэр, па ўсім сьвеце. І рыторыка, якая сёньня гучыць, — ёй давяраць ня трэба», — заявіў Лукашэнка.

«Тое, што яны кажуць, яны не заўсёды робяць пасьля выбараў», — цытуе Лукашэнку Інтэрфакс.

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ніхто не заклапочаны выбарамі ў ЗША, у адрозьненьне ад таго, як кіраўніцтва гэтай краіны ставіцца да беларускіх выбараў.

«Я ўвогуле не заўважыў ніякай заклапочанасьці. Ні я не праяўляў заклапочанасьці, ні ўрад, ні мэр Менску, ні Цэнтравыбаркам, ні нават журналісты», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Увесь сьвет сьмяецца зь іхніх выбараў, калі прэзыдэнтам можа стаць чалавек, за якога прагаласавала меншасьць выбарцаў. Але ім так падабаецца, усталявалася такая традыцыя, народ маўчыць, маўчыць, вярхі задаволеныя. Ну і Гасподзь з вамі, хай яны абіраюць як хочуць», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка крытыкуе датэрміновае галасаваньне ў ЗША

Лукашэнка скрытыкаваў заклік дзейнага прэзыдэнта ЗША Барака Абамы галасаваць датэрмінова.

«Нашым людзям ня трэба рабіць намёку. А ў ЗША гэта быў намёк: ідзіце і галасуйце. Бо для дэмакратаў вельмі важна, каб больш людзей прагаласавала. А ўлічваючы тую пасіўнасьць, якая пануе, гэта можа каштаваць мандата цяперашняму прэзыдэнту Абаму», — заявіў Лукашэнка.

«Нам гэта ня трэба, хоць нас папракаюць за датэрміновае галасаваньне. Але перш чым папракаць, на сябе паглядзіце», — дадаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што ён, у адрозьненьне ад Абамы, не галасаваў на выбарах датэрмінова.

«Было б няправільна, калі б я прыйшоў цішком і прагаласаваў датэрмінова. Калі б некуды ад’яжджаў, то прагаласаваў бы датэрмінова, але ў гэты дзень кіраўнік дзяржавы павінен быць на месцы. Калі я на месцы — я галасую ў гэты дзень», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.


Санкцыі ЗША супраць афіцыйнага Менску

ЗША і Эўразьвяз скаардынавана ўводзяць санкцыі супраць уладаў Беларусі з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў, спыніць уціск апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ, правесьці свабодныя выбары.

Першыя санкцыі Злучаных Штатаў і Эўрапейскага Зьвязу былі ўведзеныя ў 1998 годзе, пасьля скандалу з высяленьнем замежных амбасадараў зь іхніх рэзыдэнцыяў у «Драздах».

У адказ на дзеяньні беларускіх уладаў краіны Заходняй Эўропы і ЗША склалі сьпіс са 130 беларускіх чыноўнікаў (у тым ліку і Лукашэнкі), забараніўшы ім уезд на сваю тэрыторыю.

У 2004 годзе ЗША і Эўразьвяз увялі візавыя санкцыі супраць асобаў, якія падазраюцца ў датычнасьці да зьнікненьня апанэнтаў Лукашэнкі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадзкага.

У красавіку 2006 году сьпіс Эўразьвязу і ЗША быў пашыраны да 37 чалавек. У яго трапіў і Аляксандар Лукашэнка, адказны за парушэньні правоў чалавека падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году.

Да канца году «чорны сьпіс» вырас да 41 чалавека за кошт судзьдзяў і пракурораў, якія судзілі Аляксандра Казуліна.

У канцы 2008 году, пасьля пачатку лібэралізацыі і вызваленьня палітвязьняў у Беларусі, Эўразьвяз і ЗША ўпершыню прыпынілі на паўгода дзеяньне санкцыяў адносна 36 чыноўнікаў. Пазьней санкцыі да 2011 году рэгулярна аднаўляліся і адразу ж замарожваліся. Дзеяньне санкцыяў супраць Уладзімера Навумава, Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова і Дзьмітрыя Паўлічэнкі не прыпынялася ніколі.

Эканамічныя санкцыі ЗША ўпершыню ўвялі ў чэрвені 2006 году супраць двух прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім». У красавіку 2008 году гэтыя санкцыі былі распаўсюджаныя на ўсе прадпрыемствы, што ўваходзяць у ягоны склад. За два наступныя гады таваразварот паміж Беларусьсю і ЗША зьменшыўся ў чатыры разы.

Лібэралізацыя 2008 году таксама паспрыяла замарожваньню санкцыяў у дачыненьні да двух беларускіх прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім»: ААТ «Лякафарба» і «Полацак-Шкловалакно» — да канца траўня 2011 году. Усе астатнія санкцыі ЗША, уведзеныя ў дачыненьні да канцэрну «Белнафтахім», заставаліся ў сіле з-за адсутнасьці прагрэсу ў пытаньнях правоў чалавека і з-за няспынных абмежаваньняў асноўных свабодаў у краіне.

У жніўні 2010 году Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць двух беларускіх банкаў, якія маюць іранскі капітал: ЗАТ «Онэрбанк» і «Банк гандлёвы капітал» (кароткая назва — «ГК Банк»). Санкцыі былі ўхваленыя ў сувязі з іранскай ядзернай праграмай.

31 студзеня 2011 году Злучаныя Штаты ўсьлед за аналягічным крокам Эўразьвязу таксама ўвялі свае санкцыі супраць Беларусі ў зьвязку з разгонам акцыяў пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Амэрыканскія санкцыі прадугледжвалі пашырэньне колькасьці беларускіх урадоўцаў, на якіх распаўсюджваюцца візавыя і фінансавыя абмежаваньні, і аднаўленьне мараторыю на дзелавое супрацоўніцтва зь дзьвюма філіямі канцэрну «Белнафтахім».

11 лютага 2011 году набылі моц эканамічныя санкцыі Злучаных Штатаў Амэрыкі ў дачыненьні да беларускіх прадпрыемстваў ААТ «Лідзкая лякафарба» і ААТ «Полацак-Шкловалакно».

У сакавіку 2011 году ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускага дзяржаўнага канцэрну «Беларуснафта» — за яго дзейнасьць у Іране.

У жніўні таго ж году Міністэрства фінансаў ЗША выдала загад пра ўвядзеньне эканамічных санкцыяў супраць 4 беларускіх прадпрыемстваў: «Белшына», «Гродна-Азот», «Гродна-Хімвалакно» і «Нафтан». Грамадзянам ЗША былі забароненыя любыя камэрцыйныя ўгоды з гэтымі прадпрыемствамі, а любыя актывы гэтых прадпрыемстваў у ЗША, калі яны існуюць, замарожваліся.

Офіс прэсавага сакратара Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША тады выступіў з камэнтаром пра новыя эканамічныя санкцыі Вашынгтону супраць афіцыйнага Менску: «Мы працягваем заклікаць урад Беларусі да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных. Санкцыі ЗША не накіраваныя супраць беларускага народу. Узмацненьне падтрымкі народу Беларусі ў дзейнасьці, накіраванай на пабудову сучаснага, дэмакратычнага і квітнеючага грамадзтва, заўсёды было неад’емным кампанэнтам палітыкі ЗША».

У траўні 2011 году ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць кампаніяў «Белтэхэкспарт» і «БелОМА».

Пэрсанальныя візавыя і маёмасныя санкцыі ЗША супраць прадстаўнікоў беларускіх уладаў дзейнічаюць з 16 чэрвеня 2006 году, тады пад іх падпалі 10 чалавек на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэты сьпіс пашыраўся паралельна з эўрапейскім сьпісам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG