Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзёньнік пісьменьніка: чарга да Радзівілаў


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

«Радзівіліяда»


У Нясьвіскім палацы запыняю сябе на думцы, што ня змог бы цяпер напісаць сваіх «Радзівілаўскіх дамавін». Ня думаю, што некалі распачаў імі «радзівіліяду» ў нашай літаратуры, але цаглінку паклаў са сваім аўтарскім кляймом. Гэта быў час, калі мяне цалкам паглынула журналістыка і здавалася, што ніколі больш не напісаць мне ніводнага апавяданьня. Можна было паставіць на сабе крыж, але я ўсё адцягваў. І раптам патрэбная іскра: убачаныя праз акенца ў касьцельных сутарэньнях дамавіны Радзівілаў. Затым — неверагодны замак і кантраснае ўбоства ўнутры міжкалгаснай «здраўніцы».

Цяпер дамавінаў ня ўбачыць, акенцы зачыненыя. Радзівілы прывезьлі некалі са сьвятой зямлі добранадзейны рэцэпт бальзамаваньня. Калі ў маўзалеі пачаў псавацца Ленін, і да яго вырашалі падкласьці суседа, вывучыць радзівілаўскі рэцэпт прыяжджалі людзі ў белых халатах з інстытуту захоўваньня памерлых правадыроў. У памяці старажылаў засталіся цьмяныя рэшткі ўспамінаў. Ксёндз ведаў больш дакладна, але маўчаў, забраў у магілу цікавы эпізод. Мне давялося дадумаць самому.
Габэлен

Габэлен


Паломніцтва


Нясьвіскі Ленін, да слова, з плошчы зьнік. Стаяў некалі ўпарта перад ратушай, роспачна ўзьняўшы ўгору свае здранцьвелыя рукі, непрапарцыйна вялікія, як рукі бурлака або грузчыка. Але прагрэс не стаіць на месцы, і цяпер чарга ў радзівілаўскі палац такая, як некалі ў маскоўскі маўзалей была. І не шкада людзям грошай: пяцьдзесят тысяч, са школьнікаў – палова сумы. Няцяжка падлічыць: наведала за выходныя тысяча турыстаў замак, вось і тыя мільёны, аб якіх мараць іншыя музэі. Да слова: за мяжой, у той жа Варшаве, найбольшы наплыў у нядзелю, калі ўваход у музэі бясплатны. А ўвогуле Нясьвіскі замак сёньня – бясплатны падарунак для бюро падарожжаў, якія кроў з носу павінны разьвіваць «унутраны турызм».
Турысты

Турысты




Культурны шок


На замкавай браме раней шыльда была: тут адбыўся зьезд рэвалюцыйных салдат Заходняга фронту. Цяпер няма. Вы праходзіце скрозь тунэль брамы і апынаецеся сярод соцень турыстаў. Каля ганку чакаюць сваёй чаргі групы чалавек па сорак-пяцьдзесят. Калі трапляеш усярэдзіну, пачынаеш шкадаваць: трэба было прыехаць пазьней. Немагчыма праціснуцца! (Але гэта памылка. Пазьней яшчэ горш: турыстычных аўтобусаў будуць дзясяткі). Сотні людзей рухаюцца адначасова нешырокім ходнікам выцягнутымі залямі палацу, мэблі, аздобы адгароджаныя ад гледачоў, ступіць за рысу нельга. Натоўп атрымліваецца, як у мэтро ў самыя напружаныя часіны. Ёсьць пакоі, напрыклад, кабінэт і спачывальня гаспадара, куды доўга ня мог трапіць, людзкая плойма ўтварыла корак.
Паляўнічыя трафэі

Паляўнічыя трафэі


У залі з нумізматычнай калекцыяй апынаесься як у пастцы. Чалавек дваццаць хочуць выйсьці, а ня могуць: у сярэдзіну ўцягваецца новая тургрупа. Адна кабетка не вытрымлівае чаканьня: спачатку трэба, каб выйшлі людзі, а потым заходзіць! Нехта побач не пакідае шанцаў: так і было да 1939 году, пакуль бальшавікі не прыйшлі! Кабетка машынальна пагаджаецца, але затым пачынае нясьмела абурацца: вечна вам бальшавікі вінаватыя…
Кабінэт

Кабінэт


Увогуле замак Радзівілаў на сёньня – месца людзкіх затораў. Першая думка: прапускная здольнасьць не разьлічаная на такую лічбу наведнікаў. Адназначна! Але ж затое якая «амартызацыя» выдаткаваных на рэстаўрацыю сродкаў! Хаця вельмі цешыць, што хай адна частка турыстаў цяпер на «лініі Сталіна», другая тут – «у гасьцях у Радзівілаў». Які культурны шок перажываюць беларусы, якім заўжды талдычылі, што яны ніколі ня мелі нічога, апроч свайго каўтуна і савецкай улады.
Музыкі

Музыкі


Чырвоная армія некалі вызваліла радзівілаўскі палац ад Радзівілаў. Сьвежа сьпечаны кіраўнік БССР Панамарэнка асабіста завітаў, каб даць самому таварышу Сталіну сьціслую справаздачу аб трафэйным аб’екце: дзьвесьце пакояў, шыкоўныя карціны, музэйныя зборы, зброя. Ня ведаю, як сёньня, а нам некалі апавядалі пра 365 пакояў. Гэтая лічба і ў апавяданьне маё трапіла. (Вікіпэдыя пра колькасьць пакояў маўчыць).
Кавярня

Кавярня


Тут быў Лукашэнка


Бачыў аднойчы даволі дзіўны сюжэт: гаспадар краіны прымае пад ключ замак Радзівілаў. Паслухаць, ці не з уласнай кішэні мільёны на яго рэстаўрацыю даваў. Такая стылістыка маналёгу. Нашчадкі Радзівілаў тушуюцца перад ім, на ламанай расейскай на пытаньні адказваюць. Міністар культуры, які рабіў уражаньне сваёй беларускай мовай, сечанымі фразамі па-расейску тлумачыць гаспадару амаль па-вайсковаму вынікі работ.
Жаўнеры і дамы

Жаўнеры і дамы


Сёньня ў палацы вісіць той самы ўказ аб эвакуацыі санаторыя для мужыкоў і аб пастаноўцы аб’екта на рэстаўрацыю. Хай ведаюць турысты, што ня самі муляры, рэстаўратары, мастакі закасалі рукавы. Адмашка была з самай гары! Якая ж гэта, напэўна, сатысфакцыя: раней яны, прыгнятальнікі, эксплуатавалі нашчэнт небараку-селяніна, а сёньня ён зь іхняга палацу цукерку зрабіў!
Генэрал

Генэрал


«Тут быў…» маглі напісаць у радзівілаўскім замку, між іншым, апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Юзаф Пілсудзкі, даваенны прэзыдэнт Польшчы Ігнацы Масьціцкі. Людзі, значна больш магутныя за Аляксандра Лукашэнку, а напісаў рэальна толькі ён. Вось так, хлопцы. Пад ключ аб’ект прыняты, указ на сьцяне вісіць. Якраз закончылі да кругленькай даты – дзесяць год з часу буйнога пажару ў Нясьвіскім замку сёлета. Як гэта ў нас бывае, пачынаецца рэстаўрацыя з мора агню. Так здарылася некалі ў Мірскім замку, так было ў Горадні ў губэрнатарскім палацы, у лямусе часоў апошняга караля.
Арсэнал

Арсэнал


Пакуль пярун ня ўперыць


Пажар не ўмацоўвае помнікі архітэктуры, а трэба сьпяшацца ўказ выканаць! Пажарным некаторыя сьцены здаліся хісткімі, наколькі памятаецца. А раз так, пераробім! Такая ў нас рэстаўрацыя. Таксама партрэты з замкавай калекцыі, якую бальшавікі некалі разбазарылі.

Ці варта было цяпер «пароць гарачку» з партрэтамі? Часам няўзброеным вокам бачыш, што некаторыя копіі ня вельмі дбайна выкананыя. Лепей бы не сьпяшацца, а рабіць наступныя паступова. Для шараговага турыста лічба ня мае значэньня, для больш абазнанага таксама, для яго важна, каб добра было зроблена. Усё ж таварыш Сталін не зусім меў рацыю, што быццам бы колькасьць заўсёды ўрэшце ператвараецца ў якасьць. У Радзівілаў яна была лепшай. Яны, дарэчы, першую рэстаўрацыю рабілі ў замку ў другой палове ХІХ стагодзьдзя: ён доўгі час стаяў занядбаным.
Брама

Брама


Муляжы


Калісьці камандзіры і чырвонаармейцы адчулі сапраўдны культурны шок, калі 17 верасьня 1939-га трапілі няпрошанымі госьцьмі да Радзівілаў. А зь імі і пісьменьнік быў, Валянцін Катаеў, у якасьці ваеннага карэспандэнта «Правды». Ён напісаў усё, як было. І хоць культурны ўзровень новапрыбылых быў невысокім, у адным яны маглі не сумнявацца: што ўбачаныя скарбы – цалкам сапраўдныя. Сёньня, калі сялянскія нашчадкі, як зачараваныя разглядаюць зробленыя «пад старыну» мэблю, карціны, кнігі, зброю, яны могуць толькі здагадвацца – колькі тут рэчаў, а колькі – іх муляжоў.

Заплюшчу вочы: мужыкі ходзяць па замку. Шукаюць несьвядома прыёмнай гаспадара. Кожны са сваім клопатам, сваёй просьбай. Чаго просіш? Не, не карову, ня лесу на лазьню. А, калі можна, князь ты наш, твая сьветласьць, заробак у далярах, каб паўтысячы і каб ён не «худнеў» заўтра. А другое: каб не было вайны. Вось і ўсе нашы просьбы, усе мы з хат выйшлі, з-пад страхі, нам шмат ня трэба, выбачай.
Зрабіў фота

Зрабіў фота

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG