Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Чаргінец: ЗША патрэбны новы выбарчы закон


Мікалай Чаргінец

Мікалай Чаргінец

Старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец адказаў на пытаньні «Свабоды» адносна выбараў прэзыдэнта ў ЗША: «Ці лічыце вы сыстэму амэрыканскіх выбараў справядлівай? І за каго б вы асабіста прагаласавалі, калі б удзельнічалі ў выбарах?»

Пісьменьнік Мікалай Чаргінец пачаў адказ з другога пытаньня.

«Я б галасаваў за дзейнага прэзыдэнта. Усё ж такі Абама напрацаваў пэўны досьвед, выявіў палітычную гнуткасьць. Узяць хоць бы вывад войск з Іраку. Але і праблемы ёсьць, прыкладам, у эканоміцы. Альбо вось гэтыя падзеі на поўначы Афрыкі, калі абудзілі кола мусульманскіх краін. Гэта ён кагосьці паслухаў не таго. Але, хоць у яго і памылак было шмат, як кажуць, зь дзьвюх бедаў трэба выбіраць меншую».

Ацэньваючы сыстэму амэрыканскіх выбараў, Мікалай Чаргінец згадаў свой асабісты досьвед — перад выбарамі 2004 году ён быў у ЗША ў складзе групы назіральнікаў ад краін АБСЭ. Тады ў яго набралася шмат заўваг да амэрыканцаў, якія ён выклаў у справаздачы, але нічога з таго часу не зьмянілася.

Мікалай Чаргінец: «Не жадаючы зла Амэрыцы, я тады напісаў запіску ў АБСЭ, што трэба тэрмінова дапамагчы ЗША выпрацаваць закон аб выбарах. Мне адказалі, што так, будзем. Але баяцца яны ЗША. Між тым ім сапраўды такі закон патрэбны. У іх жа кожны штат абірае па-свойму. Да чаго гэта прыводзіць? Па тэрмінах, прыкладам. У адным штаце датэрміновае галасаваньне пачалося за тры месяцы, у другім можна галасаваць толькі ў дзень галасаваньня. Таксама лічу недапушчальным галасаваньне праз тэлефон, пошту ды праз інтэрнэт. Гэта дае падставы меркаваць, што фальшаваньні ёсьць. Памятаю, у штаце Флорыда згубіліся 200 тысяч блянкаў бюлетэняў, якія ў дзень выбараў зьявіліся. І яшчэ розныя архаічныя правілы сустракаюцца. Прыкладам, дзесьці забараняюць на 100 мэтраў набліжацца да выбарчых участкаў паліцэйскім і міжнародным назіральнікам. Ну, браткі? А ў нас прыходзяць і корпаюцца ў скрынях! Давай нам, паказвай!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG