Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША сёньня – прэзыдэнцкія выбары


Ад Дэмакратычнай партыі на пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндуе Барак Абама, які балятуецца на другі тэрмін, кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі быў вылучаны былы губэрнатар Масачусэтса Міт Ромні.

У мінулым месяцы Абама стаў першым у гісторыі прэзыдэнтам ЗША, які прагаласаваў на выбарах датэрмінова. Ён зрабіў гэта на выбарчым участку ў сваім родным горадзе Чыкага, дзе і правядзе дзень выбараў разам са сваёй жонкай Мішэль. Міт Ромні з жонкай Эн будуць галасаваць сёньня на ўчастку ў горадзе Бэлмонт, у Масачусэтсе. Паводле шэрагу амэрыканскіх СМІ, у дзень выбараў Ромні можа наведаць і штат Агаё, які называюць ці ня самым ключавым для вызначэньня зыходу прэзыдэнцкай гонкі.

Усе мінулыя выходныя, а таксама ў панядзелак абодва кандыдаты наведваюць так званыя хісткія штаты, дзе перавагі выбарцаў застаюцца няясныя да апошняга моманту.

Апытаньні паказваюць, што Абама зараз крыху апярэджвае Ромні прыкладна ў дзевяці такіх хісткіх штатах.

Першыя выбарчыя ўчасткі на Ўсходзе ЗША закрыюцца ў 3 раніцы паводле менскага часу, апошнія у 9:00.

7 лістапада Радыё Свабода ад 6:00 да 8:00 раніцы ў жывым эфіры асьвятляе прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. Сьвежая інфармацыя з выбарчых участкаў, лічбы экзыт-полаў, аналіз палітыкаў і палітолягаў, камэнтары беларусаў з Амэрыкі, наўпроставае ўключэньне з амбасады ЗША.

Сачыце за эфірам і абнаўленьнямі на сайце Свабоды.




XS
SM
MD
LG