Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артыкул у нямецкім штотыднёвіку Der Spiegel «GSG 9 навучала беларускіх паліцыянтаў» застаецца найбольш чытаным і камэнтаваным.

Сама публікацыя — ня нейкі шпігелеўскі эксклюзіў. У асноўным гэта кампіляцыя з раней надрукаваных у мясцовых СМІ матэрыялаў. Навіной стала інфармацыя агенцтва DAPD пра тое, што, насуперак санкцыям ЭЗ, уведзенымі ў сувязі з падзеямі 2010 году, супраца беларускага МУС зь нямецкім спэцназам GSG 9 («Група аховы межаў — 9») працягвалася яшчэ і ў кастрычніку 2011 году, калі беларускія сілавікі прайшлі трэнінгі па ахове мяжы ў аэрапорце Франкфурту. Кошт гэтага навучаньня склаў прыкладна 65 000 эўра.

Памеры сумы агучыў прэзыдыюм фэдэральнай нямецкай паліцыі ў адказ на запыты дэпутатаў Бундэстагу. Некаторыя нямецкія апазыцыйныя палітыкі адзначылі: улічваючы характар такой арганізацыі, як GSG 9, і яе прафэсійнае рэнамэ, фактычны кошт падрыхтоўкі байцоў антытэрарыстычных групаў значна вышэйшы.

GSG 9 камплектуецца добраахвотнікамі з Фэдэральнай паліцыі, якія маюць адпаведныя фізычныя дадзеныя, праходзяць самыя строгія тэсты і толькі тады дапускаюцца да трэніровак працягласьцю ў 22 тыдні. Гэтаксама жорсткія прынцыпы адбору дзейнічаюць і ў дачыненьні да замежных байцоў, якія праходзяць навучаньне ў адмыслоўцаў нямецкай антытэрарыстычнай групы. Падрыхтоўка вядзецца па трох кірунках: антытэрарыстычныя дзеяньні ў звычайных умовах, дзеяньні на судах ды іншых марскіх аб’ектах, дзеяньні ў паветры.

Як адзначае Der Spiegel, спасылаючыся на афіцыйныя дадзеныя фэдэральнай паліцыі, GSG 9 праводзіла інструктаж для беларускіх калегаў і раней, у жніўні 2010 году. Але двума гэтымі эпізодамі супраца не абмяжоўваецца. У пэрыяд з 2008 па 2011 год немцы правялі для прадстаўнікоў беларускіх сілавых структураў ня менш як 22 падобныя мерапрыемствы.

Тым часам прадстаўнік левай парлямэнцкай апазыцыі ФРГ Андрэй Хунка, які адным зь першых у Бундэстагу ініцыяваў расьсьледаваньне скандальнай нямецка-беларускай супрацы, у заяве для СМІ выказаў думку, што такая супраца фактычна працягваецца.

Ад 2009 году Беларусь мае статус назіральніка ў праграме памежнай бясьпекі Эўразьвязу — FRONTEX. Сувязі эўрапейцаў зь беларускімі ўладамі ў рамках міграцыйнай палітыкі дазваляюць нямецкай і беларускай паліцыі актыўна абменьвацца зьвесткамі пра непажаданых мігрантаў. Гэта можа спрыяць дэпартацыі ў Беларусь палітычных уцекачоў.

Нямецкія левыя патрабуюць ад фэдэральнага ўраду спыніць супрацоўніцтва з усімі краінамі, у якіх сыстэматычна парушаюцца правы чалавека, перасьледуецца апазыцыя, уціскаюцца меншасьці. Яны лічаць, што супрацоўніцтва з замежнай паліцыяй павінна ў будучыні праходзіць пад пільным кантролем Бундэстагу.

Вось некаторыя водгукі нямецкіх чытачоў з форуму штотыднёвіка:

rainer_daeschler: «Калі перадаюцца такія зьвесткі, то, зразумела, ня дзеля супрацьстаяньня дыктатару».

sverris: «Нашто спадарам міністрам Фрыдрыху і Вэстэрвэле галовы?»

teilnehmender_beobachter наконт заключных словаў артыкула — «На пачатку жніўня Der Spiegel са спасылкай на шэфа фэдэральнай паліцыі Матыяса Зэгера паведаміў, што яго ведамства мела кантакт зь беларускімі памежнікамі, аднак апошні раз два гады таму» — заўважае: «Чаму ў гэтай краіне (Нямечччыне) чыноўнікі вечна хлусяць грамадзкасьці, прычым беспакарана?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG