Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнічак амэрыканскіх выбарчых тэрмінаў


У амэрыканскай выбарчай сыстэме ёсьць асаблівасьці, якія цяжка зь першага погляду зразумець людзям зь іншых палітычных сыстэмаў. Некаторыя з гэтых асаблівасьцяў называюцца адмысловымі тэрмінамі, якія даволі цяжка перакласьці на беларускую мову. Прапануем вам кароткі сьпіс некаторых тэрмінаў, характэрных для амэрыканскай выбарчай сыстэмы ды для сёлетняй выбарчай гонкі паміж Баракам Абамам і Мітам Ромні.

Бюлетэнь для завочнага галасаваньня (absentee ballot) – бюлетэнь, які выбаршчык пасылае поштай, калі хоча ўзяць удзел у галасаваньні, а знаходзіцца далёка ад свайго выбарчага ўчастку або, з увагі на здароўе ці на іншыя прычыны, ня можа зьявіцца на выбарчым участку асабіста.

Вялікая птушка (Big Bird) – герой амэрыканскага дзіцячага тэлесэрыялу «Вуліца Сэзам» («Sesame Street»), які больш за 40 гадоў перадае кампанія Public Broadcasting System. У першым туры прэзыдэнцкіх тэледэбатаў кандыдат рэспубліканцаў Ромні сказаў, што ён не завагаецца прыняць цяжкія рашэньні, каб скараціць бюджэтны дэфіцыт, у тым ліку спыніць фэдэральныя датацыі для радыё- і тэлекампаніі Public Broadcasting System. Прыхільнікі Абамы выкарысталі вобраз беспрацоўнай Вялікай птушкі, героя «Вуліцы Сэзам», каб супрацьставіць яе багатаму Ромні. Выбарчыя ўлёткі Абамы сьцьвярджалі, што Ромні – жорсткі для «Sesame Street» і паблажлівы для «Wall Street».

Гарбатная партыя (Tea Party) – нефармальны палітычны рух у ЗША, прыхільнікі якога заклікаюць да зьмяншэньня памераў фэдэральнага ўраду ды абмежаваньня яго канстытуцыйных паўнамоцтваў. Яны таксама заклікаюць паменшыць падаткі, дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту і нацыянальны доўг. Назва руху паходзіць ад «Boston Tea Party» («гарбатная вечарына ў Бостане»), гістарычнай падзеі, калі амэрыканскія каляністы ў 1773 годзе ўтапілі ў моры гарбату, прывезеную на брытанскіх караблях, каб выказаць пратэст супраць падаткаў, накладзеных на іх брытанскім парлямэнтам, у якім яны ня мелі сваіх прадстаўнікоў. «Гарбатная вечарына ў Бостане» была адным з ключавых пратэстаў, які папярэднічаў збройнаму змаганьню амэрыканскіх каляністаў за поўную незалежнасьць ад Брытанскай імпэрыі.

Датэрміновае галасаваньне (early voting) – працэс, які дазваляе выбаршчыкам аддаць свой голас перад назначаным днём галасаваньня. У залежнасьці ад штату, датэрмінова можна прагаласаваць у пэрыяд ад 50 да чатырох дзён перад вызначаным днём агульнанацыянальнага галасаваньня.

Джэрымандэрынг (gerrymandering) – перакройка выбарчых акругаў з мэтай забесьпячэньня выбарчага выніку, карыснага для дадзенай партыі. Тэрмін «джэрымандэрынг» паходзіць ад прозьвішча амэрыканскага палітыка 19-га стагодзьдзя Элбрыджа Джэры, губэрнатара штату і віцэ-прэзыдэнта, які зьмяніў межы выбарчай акругі з карысьцю для сябе. Пасьля зьмены акруга нагадвала выглядам саламандру.

Незалежны выбаршчык (independent voter) – асоба, якая ў ЗША рэгіструецца як беспартыйны выбаршчык. Незалежныя выбаршчыкі наогул галасуюць за кандыдатаў і іхныя праграмы, а не паводле партыйнай ідэалёгіі і прыналежнасьці. Выбарчыя штабы ўдзяляюць шмат увагі незалежным выбаршчыкам, паколькі на выбарах з амаль роўнымі шанцамі ў супернікаў гэта якраз незалежныя выбаршчыкі вырашаюць аб перамозе.

Пакавальнік (bundler) – так называюць людзей, якія зьбіраюць грошы на выбарчую кампанію ад шматлікіх выбаршчыкаў, не заўсёды законным чынам. Пакавальнікі зьявіліся пасьля таго, як быў уведзены закон аб абмежаваньні вышыні індывідуальных фінансавых унёскаў на выбарчую кампанію.

Пераразьмеркаваньне выбарчых акругаў (redistricting) – зьмена межаў выбарчых акругаў, якая адбываецца ў ЗША праз кожныя 10 гадоў, згодна з вынікамі апошняга перапісу насельніцтва.

Поўныя папкі жанчын (binders full of women) – фраза, якую ўжыў Ромні ў другім туры прэзыдэнцкіх тэледэбатаў, калі яго запыталі, як бы ён вырашыў праблему дыспрапорцыі паміж жанчынамі і мужчынамі на дзяржаўных пасадах. Ромні ў адказ распавёў, як ён спрабаваў назначаць жанчын на пасады, калі быў губэрнатарам стану Масачусэтс. Ён сказаў, што ягоныя памочнікі прынесьлі яму «поўныя папкі жанчын».

Робат-званочнік (robo-calling) – выкарыстаньне ў выбарчай кампаніі аўтаматычнага набору тэлефанічных нумароў або кампутэрнай праграмы для высылкі загадзя запісаных тэлефанічных паведамленьняў з выбарчай прапагандай.

Сацыяліст эўрапейскага фасону (European-style socialist) – так рэспубліканцы называюць Абаму, крытыкуючы яго за заклікі да большага ўмяшаньня і рэгуляцыі з боку фэдэральнага ўраду ў такіх сфэрах грамадзкага жыцьця, як ахова здароўя, ахова навакольнага асяродзьдзя і бізнэс.

Сіні штат (blue state) – штат, дзе выразную перавагу маюць дэмакраты.

Хісткі штат (swing state) – штат, у якім ні адна партыя ня мае выразнай перавагі, і палітычная падтрымка «хістаецца» паміж дэмакратычнымі і рэспубліканскімі кандыдатамі ад выбараў да выбараў.

Чырвоны штат (red state) – штат, дзе выразную перавагу маюць рэспубліканцы.

Электар (elector) – глядзіце тут.

Электаральная калегія (Electoral College) – глядзіце тут.
XS
SM
MD
LG