Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палажанка: За бакланаў бы падпісалася больш, чым за жывых людзей


Офіс эўрадэпутата Марэка Мігальскага заклікаў прадстаўнікоў урадаў Эўрапейскага зьвязу прыкласьці намаганьні для вызваленьня і рэабілітацыі былога кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча і лідэра Маладога Фронту Зьмітра Дашкевіча, а таксама іншых палітвязьняў Беларусі.

Тыдзень таму распачаўся збор подпісаў пад зваротам, распаўсюджаным у сацыяльных сетках інтэрнэту. Пра ход падпісаньня дакумэнту і спадзяваньні на вынік акцыі гавораць жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч і нявеста Зьмітра Дашкевіча Наста Палажанка.

Марына Адамовіч

Марына Адамовіч

Адамовіч: «На гэты момант падпісалася 419 чалавек — вельмі нягуста. На жаль, гэты зварот распаўсюджваецца досыць складаным і марудным шляхам. Якія спадзяваньні ўскладаю? Я магу сказаць толькі тое, што, канечне, такія пэтыцыі не вызваляюць палітвязьняў. Ніхто не чакае, што заўтра яны апынуцца на волі. Але ўлады і тыя ж турэмшчыкі вельмі нэрвова рэагуюць на любую інфармацыю, якая тычыцца іх дзейнасьці. І калі ёсьць салідарнае грамадзтва, калі яны бачаць, што пэтыцыя падпісваецца, што вялікай колькасьці людзей неабыякава, проста ўзгадваюцца прозьвішчы людзей, якіх зараз мучаць, якія незаконна пазбаўленыя свабоды, то гэта ўплывае на паводзіны і турэмшчыкаў, і тых, хто вызначае іх паводзіны — уладаў. Чым больш зьбіраецца такіх подпісаў, тым больш я спакойная за нашых хлопцаў. Пры сёньняшнім стане рэчаў — цяжкасьцях з камунікацыяй — я б папрасіла тое ж Радыё Свабода разьмясьціць на сваім сайце банэр са спасылкай на гэтую пэтыцыю, а таксама іншыя СМІ. Якраз гэтым я і зьбіраюся заняцца на гэтым тыдні. Бо, на жаль, гэтая пэтыцыя падпісваецца нашмат марудней, чым бы мне хацелася».

Наста Палажанка

Наста Палажанка

Палажанка: «Не, я не скажу, што пэтыцыя падпісваецца актыўна. Досыць складана. Магчыма, таму, што няма шансу дастаткова праінфармаваць пра яе. Крыўдна, бо многія людзі, і я, лічаць, што гэта важна. Бо, па-першае, такія пэтыцыі падкрэсьліваюць найперш тое, ці турбуюцца пра гэта звычайныя людзі, ці хочуць яны зрабіць хоць нешта. Пакуль што вельмі малая колькасьць людзей адгукнулася. Канечне, гэта тлумачыцца тым, што ня ўсе людзі пра яе ведаюць. Але і тыя, хто ведае, ня вельмі актыўныя ў распаўсюдзе гэтага звароту. Я думаю, што калі б пад такімі пэтыцыямі падпісваліся сотні тысяч чалавек, то з рэжымам можна б было размаўляць пра палітвязьняў крышачку на іншым узроўні ў любой структуры, як эўрапейскай, так і беларускай. Тут розныя прычыны інэртнасьці — ад малой інфармаванасьці да нявер’я ў тое, што гэта дапамога, і да звычайнай абыякавасьці — ня маю да гэтага дачыненьня і мне ўсё роўна. Можна было б падняць пэтыцыю за бакланаў, да прыкладу, і я думаю, што яе б падпісалі больш, чым за жывых людзей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG