Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беленькі пра заявы Буйвала: «Гэта эмацыйная ацэнка»


Юрась Беленькі

Юрась Беленькі

Намесьнік старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі пракамэнтаваў «Свабодзе» заявы прадстаўніка партыі Валера Буйвала пра тое, што гісторыка Ігара Кузьняцова абвясьцілі пэрсонай нон-грата ў Курапатах.

«Гэта эмацыйная ацэнка. Яна ня цягне за сабою ніякіх іншых наступстваў. Гэта — проста ацэнка людзей», — заявіў Беленькі.

Намесьнік кіраўніка КХП-БНФ кажа, што ў выказваньні Валера Буйвала — ня толькі эмоцыі:

«Мы ж таксама аналізуем сытуацыю. Як кажуць, ня толькі эмоцыі тут, але і халодны розум ёсьць. Справа ж ня толькі ў тым, што рабілася на працягу апошніх дзён. Мы ж ведаем, што на працягу апошніх 10–11 гадоў спадар палітрук (такім словам Беленькі называе гісторыка Ігара Кузьняцова), водзячы дэлегацыі па Курапатах, паліваў брудам першаадкрывальніка Курапатаў Зянона Пазьняка.

Гэта ня тое, што вось узяло ў нас раптам і нешта выскачыла. Гэта такое чалавечае. Ведаеце, як у побыце — ну непажадана, каб нейкая асоба прысутнічала. Ніхто не забараняе гэтай асобе прыйсьці. Але навошта гэтай асобе быць там, дзе яе ня хочуць бачыць?

Хоча ён прыходзіць — няхай прыходзіць, калі гэта будзе не супярэчыць ягонаму сумленьню».

Гісторыя канфлікту

4 лістапада адзін зь лідэраў КХП-БНФ Валеры Буйвал заявіў: «Мы, патрыёты-фронтаўцы, абаронцы Курапацкай сьвятыні, абвяшчаем савецкага палітработніка, падпалкоўніка Кузьняцова пэрсонай нон-грата на тэрыторыі Курапацкай сьвятыні і на тэрыторыі іншых сьвятыняў, дзе ёсьць пакутнікі нашага народа».

Канфлікт КХП-БНФ зь Ігарам Кузьняцовым пачаўся з-за помніка забітым польскім афіцэрам

Раней старшыня КХП-БНФ Зянон Пазьняк скрытыкаваў намер паставіць у Курапатах памятны знак забітым польскім афіцэрам.

У звароце Пазьняка, які быў зачытаны на мітынгу ў Курапатах на Дзяды 28 кастрычніка, гаворыцца: «Нядаўна адна такая асоба паведаміла, што група расейскага „Мэмарыялу“ ў Беларусі заплянавала паставіць крыж у Курапатах у памяць „афіцэраў польскага войска, расстраляных у Беларусі“.

Як адкрывальнік, дасьледчык і кіраўнік археалягічнага дасьледаваньня Курапатаў у 1988 годзе нагадваю, што на сёньняшні дзень няма абсалютна ніякіх падставаў і абсалютна ніякіх археалягічных фактаў, якія б давалі нагоду меркаваць, што ў Курапатах „расстраляныя афіцэры польскага войска“ (і ўвогуле якія-небудзь вайсковыя асобы чыйго-небудзь войска). Тут знойдзеныя трупы толькі выключна цывільных людзей, і ў асноўным — бедных сялян, абутых у галёшы і клееныя гумовыя бахілы».

Аднак знак усталявалі. Гэта адбылося 29-га кастрычніка. На наступны дзень невядомыя яго скралі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG