Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску забаранілі антыкамуністычную акцыю 7 лістапада


Кампанія "Камунізм = фашызм", 23 жніўня 2009

Кампанія "Камунізм = фашызм", 23 жніўня 2009

Заяўку ў гарвыканкам падавалі сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ.

Пісьмовы адказ ад уладаў атрымаў адзін з заяўнікаў, Ян Дзяржаўцаў. Ён апавёў, што Віцебскі гарвыканкам забараніў акцыі, бо правесьці іх партыйцы хацелі ў цэнтры гораду:

«Для правядзеньня масавых мерапрыемстваў у Віцебску вызначаны ўскраінныя мясьціны. А мы зьбраліся прайсьці ад чыгуначнага вакзала па вуліцы Кірава, потым па вуліцы Леніна, і завяршыць шэсьце на плошчы Леніна, усталяваўшы там пікет. Мэта акцый — паразмаўляць з жыхарамі гораду пра згубную ролю камуністычнай ідэалёгіі для разьвіцьця Беларусі, пра дзейнасьць камуністаў па зьнішчэньні нацыянальнай культуры, мовы і самаідэнтычнасьці беларускага народу. Зрабіць гэтага нам не дазволілі».

Ян Дзяржаўцаў падкрэсьлівае, што за апошнія тры гады ніводзін апазыцыйны актывіст не атрымаў дазволу на правядзеньне масавай акцыі. Адмаўляючы актывістам, раённыя ўлады спасылаюцца на рашэньне віцебскага гарвыканкаму, якое рэглямэнтуе парадак падачы заявак на мерапрыемствы. Выканаць яго практычна немагчыма, гаворыць Ян Дзяржаўцаў:

«Рэглямэнтаваныя не толькі месцы правядзеньня акцый. Яшчэ трэба заключыць дамовы н абслугоўваньне з міліцыяй, мэдыкамі і гарадскім прадпрыемствам ЖКГ. Гэта і ёсць праблемай. Так, з прадпрыемства ЖКГ нам напісалі, што мы зьвярнуліся не ў тую установу, хаця менавіта гэтая служба пазначана ў рашэньні гарвыканкаму. З цэнтральнай паліклінікі пішуць, што 7 лістапада — выходны дзень, многія ўрачы не працуюць, і таму даслаць на пікет машыну „хуткай дапамогі“ няма магчымасьці. Самы цікавы ліст прыйшоў з абласной управы МУС. Адтуль напісалі, што не заключаць з намі дамову на ахову акцый, бо іх не дазволіў гарвыканкам. Хаця парадак разгляду заявак цалкам адваротны: спачатку дамовы, а потым ужо ўлады вырашаюць, дазволіць акцыі ці не».

Раней заяўкі на акцыі да 7 лістапада падавалі і віцебскія сябры Партыі левых «Справядлівы сьвет». Сёлета, кажа старшыня абласной арганізацыі Мікалай Селівашка, да ўладаў вырашылі не зьвяртацца зусім. Бо на дазвол усё адно няма ніякага спадзеву.

XS
SM
MD
LG