Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі ўспомнілі нявінна забітых


«Супакой, Гасподзь, душы нявінна забітых», — малітваю айца Паўла пачалося ў Гомелі З лістапада ля пакутнага крыжа на 9-м кілямэтры Чарнігаўскай шашы ўшанаваньне памяці растраляных мірных жыхароў у гады сталінскіх рэпрэсіяў.

На Дзяды на 9-ты кілямэтр Чарнігаўскай шашы грамадзкія актывісты Гомелю й проста неябыякавыя гараджане прыходзяць амаль два дзесяцігодзьдзі запар. Тут усталяваны крыж на знак памяці пра нявінна забітых мірных жыхароў у гады бальшавіцкага тэрору — з 1919 па 1940 гады.

Актывіст грамадзкага аб’яднаньня «Рух салідарнасьці «Разам» Кастусь Жукоўскі: «Традыцыя ўшаноўваць памяць нявінна расстраляных пачалася ў 90-я гады мінулага стагодзьдзя. Тут усталявалі крыж. Зь цягам часу зьмянілася ўлада й зьмяніўся погляд на ўсе сталінскія рэпрэсіі. Але гэта не перарвала традыцыю, і зараз мы кожны год наведваем гэтыя месцы. У тым годзе аднаўлялі крыжы, фарбавалі іх, умацоўвалі. Каталікі прыходзяць сюды кожны год. А сёлета, я лічу, адбыўся вялікі прарыў — удалося запрасіць сюды праваслаўнага сьвятара. Гэта азначае, што й праваслаўная царква пачынае рабіць маленькія захады дзеля таго, каб ушанаваць памяць і не маўчаць».

Дэмакратычныя актывісты ўсклалі кветкі да пакутнага крыжа й запалілі сьвечкі.


Каардынатар стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», сын рэпрэсаванага вязьня сталінскіх лягераў Юры Клімовіч, які запрасіў да ахвярнага крыжа праваслаўнага сьвятара, апавёў:

«Гэтыя месцы сьвятыя. Менавіта тут і ў вакольных лясах, направа і налева ад Чарнігаўскай шашы, адбываліся масавыя забойствы ў часы бальшавіцкіх рэпрэсіяў. Пахаваныя тут тысячы, ніхто не лічыў — можа, й дзясяткі тысячаў людзей. У гэтых лясах, на месцах пахаваньняў, гомельскія актывісты й неабыякавыя людзі ўсталявалі паклонныя крыжы. Усяго ўстаноўлена 5 крыжоў. Вось гэты крыж, дзе прайшла малітва, быў афіцыйна ўсталяваны ў 1992 годзе як часовы. Але тое, што ў нас часовае, робіцца адразу й пастаянным. Ня бачна зрухаў у стаўленьні уладаў у бок таго, каб неяк больш фундамэнтальна адзначыць унікальнасьць гэтага месца».

Пасьля жалобнай ліціі каля трох дзясяткаў чалавек падзяліліся на групы й разьехалі прыбіраць яшчэ чатыры памятныя месцы паабапал Чарнігаўскай шашы, дзе ў гады сталінскіх рэпрэсіяў расстрэльвалі мірных жыхароў — каго як кулака, а каго як польскага, нямецкага альбо японскага шпіёна ці проста незадаволенага савецкай уладай.

Апошні з крыжоў пастаўлены ў лесе на месцы, дзе ў 2008 годзе салдаты 52-га пошукавага батальёна Міністэрства абароны знайшлі парэшткі 70 расстраляных чалавек. Гэта прыкладна на тры кілямэтры глыбей у лес за Рэспубліканскі цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны й экалёгіі чалавека.

Грамадзкія актывісты прывезьлі сюды памятны камень з надпісам: «Тваім пакутнікам, Беларусь!» Гомельскі райвыканкам таксама спрычыніўся у свой час да памяці — усталяваў тут драўляны крыж. Аднак аснова яго за чатыры гады згніла, і крыж паваліўся. Таму сёньня грамадзкія актывісты пафарбавалі яго, умацавалі й паставілі на ранейшае месца.

Удзельніца сёньняшніх Дзядоў Ларыса Шчыракова: «У мяне прадзед рэпрэсаваны. Ён жыў у Нараўлянскім раёне ў вёсцы Грыдні. Яго забралі ў 30-я гады, а дома ў яго заставаліся два сыны і жонка. Здаецца, яго проста выслалі, і там ён недзе загінуў. Жыў чалавек, гадаваў дзяцей, быў прыстойным чалавекам — і зьнік. І невядома, куды прынесьці цяпер кветкі, дзе яго магіла? Гэта няправільна. Тым больш, што людзі гэтыя ні ў чым не вінаватыя і пазьней былі рэабілітаваныя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG