Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяды ў Віцебску і на Кабыляцкай гары ў Воршы


Мэмарыял у памяць пра ахвяр сталінізму

Мэмарыял у памяць пра ахвяр сталінізму

Прадстаўнікі Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сілаў ушанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, расстраляных ва ўрочышчы Кабыляцкая гара пад Воршай.

Гэтае жалобнае месца — другое пасьля Курапатаў пацьверджанае навукоўцамі масавае пахаваньне расстраляных мірных жыхароў. І ўжо шмат гадоў аршанскія актывісты займаюцца добраўпарадкаваннем гэтага месца. Тут у памяць пра ахвяраў сталінізму ўсталяваны мэмарыяльны помнік — вялікі валун, два крыжы і шыльда з надпісам пра трагічныя падзеі.
Прыборка каля помніка

Прыборка каля помніка


Помнік на Кабыляцкай гары некалі быў усталяваны з дапамогай мясцовых уладаў. Але цяпер ніхто зь іх сюды нават не наведваецца. Прыбіраюць панавокал помніка мясцовыя актывісты, і штогод гэта робіцца напярэдадні Радаўніцы і Дзядоў, кажа кіраўнік моладзевага аб’яднаньня «Зьвяз» Ігар Казьмярчак:

«Сёлета мы заўважылі на помніку новы элемэнт. Гэта шыльда з прозьвішчам чалавека, расстралянага ў гэтых мясьцінах у 1937-м годзе і рэабілітаванага ў 1957-м. Відавочна, шыльду зрабілі сваякі. І я зьвярнуўся да прысутных з прапановай, каб шыльдачкі ў памяць пра нявінна забітых тут людзей увесь час дапаўнялі гэты мэмарыял. Актывісты „Зьвязу“ і кампаніі „Гавары праўду“ абвясьцілі збор зьвестак пра тых, хто тут пахаваны. І верагодна, да наступных Дзядоў мы даведаемся яшчэ некалькі імёнаў тых, хто знайшоў тут апошні спачын».
Новая саматужная мэмарыяльная шыльда

Новая саматужная мэмарыяльная шыльда


Сёлета ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій сабралася каля 20 чалавек, апавёў сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскй партыі БНФ Юры Конышка:

«Людзі прыйшлі з кветкамі, аршанскія актывісты прынесьлі вянок, узьнялі бел-чырвона-белыя сьцягі. Запалілі сьвечкі. Выступоўцы гаварылі пра тое, што тут ляжаць ахвяры сталінскага парадку, які спарадзіў бязбожную, глухую да чалавечых пачуцьцяў дзяржаўную сыстэму. Сябра нашай партыі паэтка Яўгенія Казлова прачытала свае вершы. Гаворка зайшла і пра беларускую мову, якую таксама рэпрэсавалі і рэпрэсуюць. Пра гэта гаварылі Іна Мішур і кіраўнік суполкі ТБМ Юры Нагорны. Напрыканцы прагучала малітва за ўсіх, хто назаўжды застаўся ў гэтым лесе на Кабыляцкай Гары. І ўсе разам прасьпявалі „Магутны Божа“».
Выступае Іна Мішур

Выступае Іна Мішур



У Віцебску ўшанавалі памяць Сяргея Буткевіча


Сяргей Буткевіч, які пайшоў з жыцьця ў траўні 2010 году, быў адным зь першых незалежных журналістаў Віцебшчыны.

У апошнія гады свайго жыцьця, змагаючыся зь цяжкай хваробай, з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі пасьля трох інсультаў, Сяргей Буткевіч не пакідаў журналісцкае працы. Яго прафэсійная дзейнасьць у той час была зьвязана зь незалежнымі газэтамі «Витебский курьер» і «Народная воля».

3 лістапада на магілу журналіста на віцебскіх могілках ва ўрочышчы Мазурына прыйшлі яго старыя сябры — калега-журналіст Уладзімер Жыгулоў, які супрацоўнічаў зь Сяргеем Буткевічам, і распаўсюднік незалежнай прэсы, віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда.

«Над магілай Сяргея Сяргеевіча мы разгарнулі бел-чырвона-белы сьцяг. Бо ён быў незалежны журналіст, які сваёй працай змагаўся і за незалежнасьць Беларусі. Я неаднойчы казаў яму, што ягоныя артыкулы вартыя таго, каб выдаць іх асобнай кнігай. І я веру, што некалі так яно і будзе!» — сказаў Барыс Хамайда.

Разам з Уладзімерам Жыгуловым яны ўсклалі на магілу Сяргея Буткевіча букет белых і чырвоных кветак.
XS
SM
MD
LG