Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На самым усходнім беларуска-расейскім памежжы вельмі маляўнічыя краявіды. Пагоркі, нязмрочныя лясы, пакручастыя, нібы рэкі, дарогі. Але і сюды дабралася дажынкавая мода ставіць перад уездам у вёскі, каля самай праезнай часткі, гіганцкія скульптуры зь сена. Сянныя бабы. Днём яшчэ ня страшна. А ноччу, калі такая здань узьнікне зь цемры, можа і бяда быць.

Калі ўедзеце ў Трасьціно з боку Хоцімску, збочвайце направа каля дэкаратыўнай альтанкі. За могілкамі вам адкрыецца луг, шырокі далягляд за ракою Бесядзьдзю і дыхтоўная хата.

З хаты на ўсё навакольле, хутчэй за ўсё, будуць ліцца гукі гармоніка. Тут жыве ўнікальны чалавек. Уладзімір Захаравіч Корнеў — гарманіст, вядомы на ўсё навакольле. Абаяльны, высокі стары, былы сталяр, бяз музыкі ня жыў ніколі. Але як восем гадоў таму пахаваў жонку, гармонік не выпускае з рук.

— Гэта гармонік старадаўні. Бачыш, у адзін бок адна нота, а ў другі іншая. Дзіва. І на ім ніхто не зайграе. Тады нарасхват былі гарманісты. У кожнай вёсцы было 99 дзевак. Трэба ж гуляць. А зараз усё заглухла.

— А як гулялі?

— Рабілі папрадухі. Лён пралі на верацяно.

— А што робіць гарманіст там?

— Адыграў ды пайшоў. Па суботах зьбіраліся.

— А калі гэта пачало затухаць?

— У 60-х гадах. Прыдумалі магнітафон. А якія старынныя былі танцы… Хоць вальс, хоць полька. Прыгожа танцавалі раней.

Гармонік даўно здаў свае пазыцыі галоўнага інструмэнта, але ў дом Корнева пастаянна вязуць інструмэнты на рамонт.

— Гэты я ўжо адрамантаваў. Гэты таксама дарабіў.

— Уладзімір Захаравіч, а здалёк вязуць інструмэнты?

— З Хоцімскага раёну. Але вазілі і з Расіі.

— І з Расіі возяць?

— Так.

Такім чынам, Корнева можна назваць майстрам міжнароднага маштабу. Хоць да расейскай мяжы ад ягонай хаты — кілямэтраў пяць. Сустрэтая мною старшыня мясцовага сельсавету Алена Смалякова расказала пра галоўную сваю праблему.

— Самая вялікая праблема з нашых плеч упала. Гэта калодзежы і дарогі. Гэта была вялікая праблема. Асабліва калодзежы. Вёскі маланаселеныя. Вада застойваецца.

— А не было ў вас праблемы, калі абваліўся рубель? Сюды ня хлынулі браты-расіяне? Скупляць усё?

— Не. Яны спыніліся на Хоцімску.

— Хоцімск быў фарпост.

— У нас абаюдна. Калі ў іх было таньней, мы ў іх прадукты куплялі на аптовых базах. Гэта мы даўгі аддаём. То мы купляем, то яны ў нас.

Менш за ўсё я чакаў у Трасьціно пачуць геалінгвапалітычны аналіз памежнага жыцьця. Прычым пачуць ад звычайных спадарынь на звычайнай прызьбе. Напэўна, гэта таксама адметнасьць памежжа.

— Летам яны за трапкамі да нас прыяжджаюць. Лён, трыкатаж. Бо за іхныя грошы нашы тавары бясплатна.

— Тое, што вы жывяце каля самай мяжы, гэта плюс ці мінус?

— Мэнталітэт у нас зьмяшаны. Памежжа. Мы не беларусы, не расейцы. Гэта кепска. Гэта вельмі кепска сказваецца на дзецях. Дый на дарослых. Размаўляць толкам ня можам ні па-руску, ні па-беларуску. Гэта мінус. Дарэмна зрабілі беларуска-расейскую мову дзяржаўнай. Калі мы незалежная дзяржава, трэба было рабіць беларускую мову. Тады перавялі на беларускую, мы нават навучыліся размаўляць. Чаго пратэставаць супраць сваёй мовы? Нельга было гэта рабіць. І ніколі беларусы ня будуць беларусамі, пакуль будзе гэтая чахарда. Трэба рэзка мяняць. На Расею ўсё глядзім. Усё чакаем падачак. Яшчэ Беларусь будзе ў яме.

Ад былых эпох у Трасьціно засталася руіна храма. Як сьцьвярджае мясцовы краязнаўца, 90-гадовы Міхаіл Ласоўскі, гэты храм — дакладнейшы за ўсе памежныя слупы. Бо гэта — колішні касьцёл пагранічнага гарнізону Рэчы Паспалітай.

— Граніца Рэчы Паспалітай. Былі пэрыяды, калі рускія іх адсунулі. Тут усё гарэла. А што засталося? Клюбік невялікі, а раней была цэркаўка, а яшчэ раней была каталіцкая капліца. Тут граніца была. І стаялі салдаты. Гарнізон быў. І маліліся ў гэтай каплічцы.

У 1924-м годзе адбылося першае ўзбуйненьне БССР. Тады савецкая рэспубліка павялічылася больш чым у два разы. І дзіўным чынам на самым усходзе мяжа Савецкай Беларусі амаль цалкам супала зь мяжой Вялікага Княства. Па словах пана Ласоўскага, пэўны час мяжа праходзіла па Бесядзі. І для мясцовых людзей яна была ня нейкай адміністратыўнай граніцай між абласьцямі, а сапраўднай мяжой Радзімы. За якую біліся.

— Празь Бесядзь Расія была. А ў 24-м годзе было выраўноўваньне межаў. І Бесядзь, якую апеў Аркадзь Куляшоў, была рубяжом тут. І толькі пасьля 24-га году беражок быў далучаны да Беларусі. А раней тут былі такія скандалы. Зловяць нашыя смаленскіх і адлупяць. Безабразная драка. А зловяць нашых — таксама бяда. Нянавісьць такая.

— А адкуль яна?

— Граніца. Без усякага прынцыпу. Не хадзіце па нашай зямлі! Нават і зараз водгукі бываюць. Варажнеча не ад высокай культуры. Падпілі і давай біцца. Пойдзем на Бесядзь. Мы беларусы, хочам скупацца. І тыя. І калі іх партыя большая ідзе, нашых адлупяць. Бойкі працягваліся да 41-га году.

Сёньняшнія маладзёны, што чакаюць дыскатэкі каля мясцовага клюбу, таксама ведаюць, дзе пачынаецца чужая зямля. А вось што да сваёй…

— Калі я гавару з пэнсіянэрамі, яны кажуць, што моладзь ня хоча працаваць.

— Галоўнае — грошы. Каб быў заробак добры. Пяць мільёнаў.

— Вы мазгамі жывяце ў Беларусі ці ў Расіі?

— У Беларусі. Нікуды не хачу зьяжджаць. Радзіма ўсё-ткі. Што ў Расеі рабіць?

— Якіх-небудзь беларускіх сьпевакоў вы ведаеце?

— «Сябры». «Цяні-талкай».

А мне цікава, што павінна адбыцца, каб гэтыя маладыя людзі зразумелі, што «Цяні-талкая» замала, каб мяжа тваёй Радзімы аднойчы ня зьнікла.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG