Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут Гётэ не папрасіў прабачэньня ў мастакоў, якіх затрымалі «за кубікі»


«Мы глыбока шкадуем пра тое, што ў кантэксьце ініцыяванага намі праекту Міхаілу Гуліну і ягонай камандзе была нанесеная шкода»

Дырэктар менскага Інсытуту Гётэ спадар Франк Баўман адказвае на пытаньні Радыё Свабода з нагоды справы Міхаіла Гуліна, Уладзіслава Лук’янчука, Сяргея Панасюка і Алега Давыдчыка. Спадар Баўман цяпер знаходзіцца не ў Беларусі. Адказы на нашыя пытаньні ён даслаў электронным лістом.

— Пракамэнтуйце, калі ласка, рашэньне суду па справе Гуліна.

— Я з радасьцю і палёгкай даведаўся пра рашэньне суду прызнаць Міхаіла Гуліна і яго памочнікаў невінаватымі ў парушэннях, у якіх іх абвінавачвалі. Я з самага пачатку спадзяваўся, што Міхаіл, Уладзіслаў, Сяргей і Алег не зрабілі нічога супрацьзаконнага, і суд гэта толькі пацьвердзіў. Я вельмі спадзяюся, што для ўдзельнікаў гэта ня будзе мець доўгатэрміновых наступстваў, і што Міхаіл Гулін і яго асыстэнты як мага хутчэй змогуць вярнуцца да сваёй вучобы, творчай і іншай працы.

— У афіцыйным лісце Інстытут Гётэ пацьвердзіў, што Міхаіл Гулін — удзельнік праекту Going Public. Чаму таму Інстытут Гётэ не пацьвердзіў статус Міхаіла Гуліна для беларускай міліцыі?

— Інстытут імя Гётэ ўвесь час пацьвярджаў удзел Міхаіла Гуліна ў праекце Going Public. Мы пацьвердзілі яго статус удзельніка праекту ў кароткай заяве непасрэдна пасьля 9 кастрычніка на старонцы ў Фэйсбуку, такое пацьверджаньне ў пісьмовым афіцыйным выглядзе мы выдалі мастаку асабіста па яго просьбе. Запыты трэцяга боку наконт яго ўдзелу ў праекце да нас не накіроўваліся.

— Што значыць вашая фраза «Інстытут Гётэ не падтрымлівае такія акцыі», якія ёсьць у вашым афіцыйным лісьце?
Дзеяньне Міхаіла Гуліна ў месцы яго затрыманьня з намі не было ўзгоднена

— Дзеяньне Міхаіла Гуліна ў месцы яго затрыманьня з намі не было ўзгоднена. У раскладзе праекту, які быў мне прадастаўлены куратарам і які — выключна яго! — я зацьвердзіў, гаворка ішла пра мастацкую інтэрвэнцыю перад Нацыянальным мастацкім музэем. Верагодна, мастак не лічыў сябе абавязаным прытрымлівацца гэтых дамоўленасьцяў. У праекце, які ствараецца сумесна, вельмі важна, каб усе ўдзельнікі прытрымліваліся дамоўленасьцяў альбо прынамсі своечасова паведамлялі пра зьмяненьне сваіх намераў, у адваротным выпадку Інстытут імя Гётэ ня можа браць на сябе адказнасьць.

— Ці вы была акцыя Гуліна «мастацкай правакацыяй», як паведаміў Радыё Свабода прэс-аташэ Інстытут Гётэ спадар Крыстаф Мюхер?

— Для мяне гэта была мастацкая інтэрвэнцыя, якая падалася мне прынцыпова цікавай, інакш мы бы яе не падтрымлівалі. Вы, магчыма, ведаеце, што ідэі супрэматызму і абстрактнага мастацтва Малевіча і іншых зрабілі ўплыў на Баўхаўз — значную плынь ў архітэктуры і мастацтве ў Германіі ў дваццатыя гады XX стагодзьдзя. Такім чынам, тут прысутнічае адваротная сувязь зь нямецкай культурай, якая грае ролю ва ўсіх нашых праектах. Але гэты зьместавы аспэкт адыходзіць на задні плян, калі мастак адвольна мяняе фізычнае месца правядзеньня акцыі. Для Інстытуту Гётэ гэта была мастацкая інтэрвэнцыя, а не мастацкая правакацыя.

— Спадар Мюхэр таксама паведаміў нам, што Гулін нібыта праводзіў акцыю ў месцы, дзе гэта забаронена. Але ж гэта не забаронена беларускім заканадаўствам, і суд пацьвердзіў гэта. Пракамэнтуйце, калі ласка, вашую пазыцыю.
Я б звярнуўся загадзя па пісьмовы дазвол ў адпаведныя інстанцыі, калі б плянаваў праводзіць штосьці публічнае на Кастрычніцкай плошчы

— Рашэнне суду мы з задавальненьнем прымем да ведама. Але незалежна ад гэтага я б звярнуўся загадзя па пісьмовы дазвол ў адпаведныя інстанцыі, калі б плянаваў праводзіць штосьці публічнае на Кастрычніцкай плошчы. Я думаю, гэта быў бы слушны шлях. Для Інстытуту імя Гётэ як аддзяленьня пасольства ФРГ ў Менску гэта звычайная і апрабаваная працэдура. Ня так даўно мы яе прайшлі для ўсталяваньня інсталяцыі паблік-арту ў парку Сымона Балівара.

— Чаму Інстытут Гётэ не аказаў мастакам юрыдычнай падтрымкі, а таксама не дапамог у мэдычнай рэабілітацыі Ўладзіслава Лук’янчука, які быў зьбіты ў РУУС Цэнтральнага раёну падчас затрыманьня?

— Я сказаў Міхаілу Гуліну, што было б добра, калі б ён патэлефанаваў мне напрамую пасля вызваленьня зь міліцыі. Тады, 11 кастрычніка, у галерэі «Ў» я сказаў гэта на камэру ўсім удзельнікам праекту і магу толькі паўтарыць сёньня яшчэ раз: гвалт у дачыненьні да асобы, фізычны ці вэрбальны, пярэчыць праву на недатыкальнасць асобы. Я катэгарычна не прымаю гвалту над асобай, пра якую б краіну сьвету ні вялася гаворка. Тут ужо ня мае значэньня, ці было гэта прымяненьне насільля зьдзейсьнена ў межах праекту Інстытуту імя Гётэ, ці па-за праектам. Я не магу ўзяць на сябе адказнасць за гэта, але непрымяненьне насільля зьўляецца неад’емным прынцыпам, і я вельмі шкадую пра тое, што Міхаіл і яго паплечнікі сталі ахвярамі гвалту.

— Праваабаронца Алена Танкачова ў інтэрвію Радыё Свабода выказала думку, што Інсытут Гётэ мусіць папрасіць прабачэньня ў мастакоў. Якія будуць далейшыя дзеяньні Інстытуту Гётэ ў гэтай справе?

— Інстытут імя Гётэ ў Менску акцэптуе, што ў гэтым пытаньні існуюць розныя меркаваньні. У дэмакратычным дыскурсе, да якога мы лічым сябе абавязанымі, крытыка зьяўляецца штодзённай зьявай. Мы глыбока шкадуем пра тое, што ў кантэксьце ініцыяванага намі праэкту Міхаілу Гуліну і ягонай камандзе была нанесеная шкода. Важна заставацца ў кантакце, і ня толькі праз пасярэдніцтва СМІ, але, па магчымасьці, асабіста альбо па тэлефоне. На працягу мінулых тыдняў я не абрываў кантакт зь Міхаілам Гуліным ды іншымі ўдзельнікамі Going Public, бо для гэтага не было прычыны. Мы і цяпер спрабуем дапамагаць у рашэньні арганізацыйных і іншых пытаньняў. Для нас важна па магчымасьці як мага хутчэй з сваёй поўнай працаздольнасьцю вярнуцца да нашых асноўных задач, якімі зьяўляюцца папулярызацыя нямецкай мовы ў Беларусі і культурнае супрацоўніцтва з нашымі шматлікімі партнэрамі, у тым ліку ў сфэры выяўленчага мастацтва. За ўжо амаль дваццаць гадоў многія-многія людзі ў Беларусі і Германіі атрымалі ад гэтага карысьць, і на наступны год у нас таксама вялікія пляны«.

Адзін з гарадзкіх пэрформансаў Мікалая Гуліна на плошчы Калініна

Адзін з гарадзкіх пэрформансаў Мікалая Гуліна на плошчы Калініна

Чатырох удзельнікаў мастацкага праекту Going Public, які адбываўся пры падтрымцы Інстытуту Гётэ ў Менску, затрымалі 9 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. Яны паставілі ў цэнтры плошчы скульптуру зь некалькіх геамэтрычных аб’ектаў, што зьвярнула на сябе ўвагу амапаўцаў. Удзельнікаў мастацкай акцыі даставілі ў Цэнтральны РУУС, а пазьней абвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыі. Падчас суду над мастакамі ў якасьці доказу быў выкарыстаны відэазапіс ГУУС Менгарвыканкаму з Кастрычніцкай плошчы. На ім відаць, што мастакі не аказвалі амапаўцам ніякага супраціву. Вынік суду — усе ўдзельнікі працэсу апраўданыя.

Міхаіл Гулін, камэнтуючы вынікі суду, заявіў, што калі б Інстытут Гётэ пацьвердзіў іхны статус удзельнікаў міжнароднага мастацкага праекту, то іх бы ня зьбілі ў аддзяленьні міліцыі. Празь некалькі дзён пасьля затрыманьня мастакоў спадар Франк Баўман распаўсюдзіў афіцыйны ліст. У ім пацьвярджалася, што Міхаіл Гулін быў уключаны ў праект Going Public, аднак далей у лісьце Франк Баўман пісаў: «Не адпавядае рэчаіснасьці сьцверджаньне, што Інсытут імя Гётэ быў інфармаваны пра акцыю Міхаіла Гуліна на Кастрычніцкай плошчы. Інстытут імя Гётэ ня ставіць сваёй задачай падтрымліваць такія акцыі і ня робіць гэтага».

Пазыцыя Інсытуту Гётэ выклікала шырокі грамадзкі розгалас. Пазьней Радыё Свабода зьвярнулася па камэнтар у цэнтральны офіс Інстытуту Гётэ ў Нямеччыне. Прэс-аташэ спадар Крыстафэр Мюхер выказаў меркаваньне, што акцыя Міхаіла Гуліна магла быць «мастацкай правакацыяй», і што магчыма «спадар Гулін правёў сваю акцыю ў забароненым для гэтага месцы».
XS
SM
MD
LG