Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтамабільныя рынкі Беларусі ў ступары. Прадаўцы нават у сэзон традыцыйнага зацішша ня хочуць зьніжаць кошты — спадзяюцца, што беларускія ўлады сьледам за Расеяй усё ж будуць вымушаныя ўвесьці ўтылізацыйны збор, што аўтаматычна падштурхне рост цэнаў. Пакупнікі, у сваю чаргу, называюць цяперашнія цэньнікі неадпаведнымі здароваму сэнсу і чакаюць «навагодніх зьніжак». У выніку машын на продаж выстаўленыя тысячы, а ахвотных патаргавацца ў асобныя дні не набягае і дзясятак.

Сёлета ў чэрвені на тэрыторыі самага вялікага ва Ўсходняй Эўропе сталічнага аўтарынку ўвялі ў строй гэткі ж маштабны комплексны цэнтар «Аўтамол». Зь пераходам пад дах быў крыху ўпарадкаваны кантэйнэрна-вулічны гандаль, але галоўнае — зьявілася магчымасьць заключаць зьдзелкі зь пераафармленьнем аўтамабіля, літаральна не адыходзячыся ад касы. Раней жа даводзілася ехаць на іншыя, аддаленыя пляцоўкі.
Новы цэнтар «Аўтамол» збудаваны пасьля аўтамабільнага ажыятажу

Новы цэнтар «Аўтамол» збудаваны пасьля аўтамабільнага ажыятажу


Аднак пасьля мінулагодняга ажыятажу колькасьць зьдзелак на пераафармленьне аўтатранспарту зьнізілася ў разы. Узаконеная з 1 ліпеня 2011 году ўніфікацыя памеру мытнага збору з Расеяй прывяла да значнага падаражэньня размытнёўкі транспарту, як вынік — спынілася плынь машынаў з-за мяжы. А перад тым беларусы цягам паўгода дзень і ноч увозілі ў краіну старыя і новыя аўто — каб пасьпець абнавіцца да новых правілаў. У выніку транспарту было ўвезена столькі, што многія дагэтуль ня могуць яго прадаць. Аднак лішак прапановы так і не адбіўся на коштах.

Як кажа пакупніца Юлія, якая нагледжвае замену сваёй «Таёце», цяперашнія кошты папросту «неадэкватныя». Набыць 5-гадовае аўто, якое, як яна спадзяецца, прынамсі некалькі гадоў ня будзе высмоктваць грошы на рамонт, менш чым за 12 тысяч даляраў практычна немагчыма. Хоць яшчэ зусім нядаўна можна было ўціснуцца і ў такую суму:

«Кошты проста нерэальна высокія, яны не адпавядаюць, што самае галоўнае, нашым заробкам. Калі некалькі гадоў таму прадаеш старую машыну, дадаеш 2–3 тысячы даляраў — і можаш набыць больш-менш новую, прынамсі 3-гадовую машыну, то на сёньняшні дзень усё ня так. Каб купіць 5-гадовае аўто, трэба дадаць фактычна такі ж самы кошт старога аўто, гэта як мінімум. То бок машыны, якія ідуць ад 5 гадоў і старэйшыя, стартуюць недзе ад 13 тысяч даляраў і вышэй».
Машын — процьма, пакупнікоў — адзінкі

Машын — процьма, пакупнікоў — адзінкі


Такія дыспрапорцыі пацьвярджаюць і некаторыя гандляры, хоць бальшыня з прэсай ня хоча кантактаваць у прынцыпе. Уладальнік 5-гадовай «Мазды», які прадставіўся Юрыем, па-філязофску разважае, што будучыня аўтарынку залежыць ад таго, у які бок будзе рухацца ўся Беларусь:

«Прадаю „Мазду“-троечку, у дастаткова добрай камплектацыі, з рухавіком 1,6 літра і каробкай-аўтаматам. Кошт аўтамабіля на сёньняшні дзень складае 15 тысяч 900 даляраў. Куды далей пойдзе цана? Усё будзе залежаць ад нашага ўраду: як будзе ўсталёўвацца мыта, якія яны акцызныя зборы ўвядуць ці што іншае, той жа ўтылізацыйны збор пад пытаньнем. Калі ня будуць рабіць горш, то кошты застануцца прынамсі ў цяперашніх межах. Калі нешта зноў уздымецца — значыць, аўтаматычна цана ў далярах таксама вырасьце».

Маладыя людзі Глеб і Вадзім не хаваюць абурэньня, што гандляры нават ня хочуць асабліва таргавацца — маўляў, пры любым раскладзе яны не прайграюць, бо таньнець машыны бліжэйшым часам ня будуць:

«І гэта пры тым, што цэньнік узьвінчаны дзесьці працэнтаў на 20–30 — на дарагія машыны. Бо танных на „Малінаўцы“ папросту няма. І незразумела, ці пойдзе хто-небудзь увогуле на саступкі, калі мы пачнём таргавацца, бо пакуль ніхто такога жаданьня не выказваў. Таму, напэўна, з гэтай прычыны прадаўцы ў большай ступені „загараюць“, а не працуюць. Пакупнікоў практычна няма. За ўвесь час на нас практычна ніхто не зьвярнуў увагі, толькі адзін малады чалавек настойліва пацікавіўся, чаго мы хочам, калі разглядалі БМВ. Мы, вядома, хочам, але за ягоную цану ніяк ня можам…»
Чым набываць кітайскае аўто, то лепш набыць якасны ровар

Мая суразмоўніца Юлія кажа, што ў цяперашніх умовах набыць не ўжываную, а новую машыну (чаго, вядома, кожнаму аўтааматару хацелася б яшчэ больш) сярэднестатыстычнаму беларусу таксама нерэальна. Асабліва «адкладаючы з заробку»:

«Так, новую „Таёту“ некалькі гадоў таму яшчэ можна было набыць за 18 тысяч даляраў, а цяпер, пасьля падагнанай у бок Расеі размытнёўкі, яна каштуе 25 тысяч. Калі хочаш узяць крэдыт, як гэта ў нармальных краінах робіцца, то ў нас крэдыт выдаецца пад 30%. А калі ты выплочваеш аднымі працэнтамі 10 тысяч даляраў, то проста нельга браць такія пазыкі. Нават калі і можаш сплочваць фінансава, з пункту гледжаньня лёгікі нельга браць крэдыт, працэнт якога роўны ўжыванай 5-гадовай машыне. А калі яшчэ, ня дай Божа, увядуць утылізацыйны збор, то трэба папросту пераходзіць на ровар. Бо чым набываць кітайскае аўто, то лепш набыць якасны ровар».

За першае паўгодзьдзе 2012-га зафіксаванае шасьціразовае падзеньне аб’ёмаў увозу аўтатранспарту ў параўнаньні з такім жа пэрыядам летась. Аднак магчымы «дэфіцыт» транспарту, які нібыта лягічна з гэтага вынікае, падманлівы, і не адпавядае рэальнасьці. Гэта пацьвярджаюць і самі гандляры. Паводле іхніх словаў, недахопу ў машынах сапраўды няма, аднак ніхто не зацікаўлены прадаць, абы прадаць — у іхнім асяродку ўзмоцнена цыркулююць чуткі, што Беларусь будзе вымушаная пагадзіцца на ўвядзеньне ўтылізацыйнага збору, а гэта значыць, на кожнай машыне можна будзе дадаткова «наварыць» сама меней тысячы дзьве даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG