Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі прэзэнтавалі фільм пра Палуту Бадунову


Прэзэнтацыя фільму пра Палуту Бадунову ў Гомелі, выступае Валянціна Лебедзева.

Прэзэнтацыя фільму пра Палуту Бадунову ў Гомелі, выступае Валянціна Лебедзева.

У Гомелі 2 лістапада ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі на вуліцы Палескай адбылася прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільму «Палута Бадунова: успомніць і не забыць», зьнятага рэжысэрам Валерам Мазынскім.

У аснову яго пакладзена кніга гомельскай дасьледчыцы, кандыдата гістарычных навук Валянціны Лебедзевай «Пуцявінамі змаганьня й пакутаў». Дасьледчыца стала й сааўтаркай сцэнарыю фільма.

Перад паказам фільму спадарыня Лебедзева апавяла, што амаль дзесяць гадоў зьбірала матэрыялы, каб напісаць кнігу пра выбітную дзяячку Беларускай Народнай Рэспублікі, міністарку сацыяльнай апекі ў першым беларускім урадзе, лідэрку Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Цяжкасьці звязаныя былі найперш з адсутнасьцю поўнага архіву БНР, раскіданасьцю асобных матэрыялаў у розных краінах.
Кадар зь фільму

Кадар зь фільму


Лёс Палуты Бадуновай, ураджэнкі Навабеліцы (цяпер гэта адзін з чатырох раёнаў Гомелю), склаўся даволі драматычна і ў нейкім сэнсе адлюстроўвае пакуты нараджэньня беларускай незалежнасьці.

Прысутныя на прэзэнтацыі прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый адзначылі, што ў беларускай гісторыі шмат выбітных постацяў, якія патрабуюць і дасьледаваньня, і ўвасабленьня ў дакумэнтальных і мастацкіх стужках.

Калектыўны вопыт стварэньня дакумэнтальнага фільму пра дзяячку БНР вызначае новую плынь у беларускай дакумэнталістыцы. Гэта калектыўная праца. Гульнявыя сцэны ў фільме пра Бадунову сыграла гомельская журналістка, сябра БАЖ Ларыса Шчыракова. У ролі сяброў і паплечнікаў Палуты, а таксама катаў-энкэвэдыстаў былі задзейнічаны многія гомельскія грамадзкія актывісты.

Ларыса Шчыракова ў ролі Палуты Бадуновай

Ларыса Шчыракова ў ролі Палуты Бадуновай


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG