Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дасьць плён апэрацыя па «выразаньні» кіраўніцтва спорту?


Аляксандар Лукашэнка памяняў кіраўніцтва спартовай галіны. У чым прычыны няўдач беларускіх спартоўцаў? Ці сапраўды ў спартовай сфэры такая карупцыя? Ці могуць зьмяніць сытуацыю кадравыя перастаноўкі?

Удзельнікі: журналіст газэты «Народная воля» Алесь Сівы і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч.


У чым прычыны няўдач беларускіх спартоўцаў?


Валер Карбалевіч: «Каб у адзін момант памянялі ўсё кіраўніцтва цэлай галіны — такога, мусіць, яшчэ не было ў Беларусі. Гэта вынік няўдалага выступу беларускіх спартоўцаў на Алімпійскіх гульнях у Лёндане. Наколькі аналіз сытуацыі, які зроблены на алімпійскім сходзе, адпавядае рэальнасьці? Ці сапраўды ва ўсім вінаватае былое кіраўніцтва спартовай галіны?»

Алесь Сівы: «Па-першае, рыба гніе з галавы. Кіраўніку краіны, як прэзыдэнту Нацыянальнага алімпійскага камітэту, трэба было б паставіць пытаньне і пра ўласную адказнасьць. Спартовае ведамства даўно знаходзіцца ў ліку самых карумпаваных у дзяржаве.

Зьмена кіраўніцтва наўрад ці на нешта паўплывае. Бо няма нармальнага мэнэджмэнту. Тыя сілавікі, якія прызначаныя на кіроўныя пасады, — не прафэсіяналы. Букмэкеры могуць рабіць стаўкі, колькі яны пратрымаюцца на сваіх пасадах.

Газэта „Прессбол“ правяла апытаньне сярод заўзятараў на тэму, хто б мог быць эфэктыўным міністрам спорту. Большасьць выказалася так, што гэтае ведамства павінен узначаліць чалавек кшталту Анатоля Капскага — кіраўніка футбольнага клюбу „БАТЭ“. То бок чалавек, які жыве ня толькі сёньняшнім днём, ня толькі гоніцца за мэдалямі, але глядзіць і ў будучыню».

Аляксандар Старыкевіч: «Згадваецца стары савецкі анэкдот пра сантэхніка, які кажа, што пара мяняць усю сыстэму. Усе сфэры ў нас жыцьцяздольныя толькі да той пары, пакуль напампоўваюцца грашыма. А ў спорце грошы не заробленыя. Гэта добрая глеба для карупцыі.
Карупцыя ў нас за вялікі грэх ня лічыцца. За гэта караюць толькі тады, калі няма вынікаў

Хоць карупцыя ў нас за вялікі грэх ня лічыцца. За гэта караюць толькі тады, калі няма вынікаў. Ці калі кіраўнік абвінавачаны ў неляяльнасьці. На большасьць чыноўнікаў ёсьць кампрамат. І калі б у Лёндане беларусы атрымалі 25 мэдалёў, то тыя ж Качан і Заічкаў атрымалі б па ордэну, ніхто б ім не нагадаў пра карупцыю. Не было на паседжаньні ніякага сур’ёзнага аналізу. Усё зьвялося да папулісцкіх лёзунгаў, кшталту „Навядзіце парадак!“

Лядовыя палацы — гэта добра. Але мы страчваем дзіцячых трэнэраў, здольныя дзеці альбо кідаюць спорт, альбо зьяжджаюць у Расею. А Лукашэнку цікавіць толькі спорт высокіх дасягненьняў, зь якога можна атрымаць палітычныя дывідэнды. Лёнданскае фіяска — гэта рэальны вынік палітыкі ў спорце».

Ці сапраўды ў спартовай сфэры такая карупцыя?


Карбалевіч: «Падчас алімпійскага сходу Аляксандар Лукашэнка шмат увагі аддаў тэме карупцыі ў спорце. Ці сапраўды там так шмат крадуць? У Беларусі шмат кантрольных ведамстваў. Чаму яны не перашкаджаюць карупцыі?»

Сівы: «Карупцыя ўзьнікае ад непакаранасьці. Бо ў спартовых чыноўнікаў ёсьць моцны „дах“ наверсе. Бо спорт у нас — гэта „сьвятая карова“. Сытуацыя з галоўным трэнэрам зборнай па лёгкай атлетыцы Бадуевым таму пацьвярджэньне».

Старыкевіч: «Я б не сказаў, што ў спорце крадуць больш, чым у іншых галінах. Ёсьць значна больш „грашовыя“ сфэры. Кіраўнікі спартовай галіны паводзілі сябе як у казіно. Думалі, што калі атрымаем больш за 20 мэдалёў у Лёндане, то да нас ніхто ня будзе чапляцца. Ідзе не сур’ёзная барацьба з карупцыяй, а вышэйшае кіраўніцтва займаецца папулізмам».


Што дасьць зьмена кіраўніцтва?


Карбалевіч: «Вось кіраўніцтва памянялі. Лукашэнка сказаў: „Усе павінны быць выразаны ад прэзыдэнта ўніз. Усе! Разам зь міністрам“. Ці зможа новае кіраўніцтва памяняць сытуацыю ў спартовай сфэры? Сп. Сівы, вы сказалі, што новыя кіраўнікі — не прафэсіяналы ў спорце. Але ва ўсім сьвеце міністар — гэта палітык, ён не абавязкова бывае адмыслоўцам, ягоная функцыя — вытрымліваць палітычную лінію кіроўнай каманды. Іншы варыянт — кіраўнік структуры павінен быць добрым мэнэджэрам. Вы ў якасьці прыкладу добрага мэнэджэра ўзгадалі Анатоля Капскага — кіраўніка футбольнага клюбу „БАТЭ“. Але ён якраз не адмысловец у спорце. Ён дырэктар заводу, а вось жа стаў добрым спартовым мэнэджэрам».
Атлеты, якія былі падрыхтаваныя савецкай сыстэмай, ужо сышлі, а новых няма. І міністар спорту сёньня нічога не вырашае

Сівы: «Міністэрства спорту найперш павінна займацца дзіцячым спортам. Бо спорт высокіх дасягненьняў, па вялікім рахунку, ужо загублены. Атлеты, якія былі падрыхтаваныя савецкай сыстэмай, ужо сышлі, а новых няма. І міністар спорту сёньня нічога не вырашае».

Старыкевіч: «Наўрад ці новае кіраўніцтва прынцыпова нешта памяняе. Можа пашчасьціць, і на зімовай Алімпіядзе ў Сочы і праз чатыры гады ў Рыё-дэ-Жанэйра беларусы атрымаюць больш мэдалёў. Лёнданскі вынік пераўзысьці ня вельмі складана. Пра зьмену сыстэмы гаворкі не вядзецца.

Цяпер зроблена стаўка на сілавікоў. Але гэта ўжо было. Міністрам спорту быў былы танкіст, былы міністар унутраных спраў Сівакоў. І што?»

А ці ёсьць у краіне грошы?


Карбалевіч: «Для разьвіцьця масавага спорту, дзіцячай фізкультуры патрэбная вялікая інфраструктура. Для гэтага патрэбныя вялікія грошы. Беларусь — бедная краіна. Можа, і ня варта ставіць задачу спаборнічаць з багатымі эўрапейскімі дзяржавамі ў галіне спорту?»

Сівы: «Трэба пераразьмеркаваць бюджэтныя сродкі. Вось на хакей накіроўваюцца вялікія грошы, хакеісты зарабляюць шмат, а вялікіх дасягненьняў на ўсясьветных спаборніцтвах у гэтым відзе спорту няма. А на дзіцячы спорт грошай няма».

Старыкевіч: «Згодзен з сп. Сівым. Беларусь — вельмі багатая краіна. Я ня ведаю іншай краіны, дзе на „Бэнтлі“ езьдзіць ня толькі хакейны трэнэр, але і ягоная гёрлфрэнд. Таму з грашыма ў нас усё вельмі добра. У нас з мазгамі і жаданьнем закладаць фундамэнт спорту ёсьць праблемы. Бо вынікі разьвіцьця дзіцячага спорту будуць пажынаць толькі праз 10–15 гадоў. А Лукашэнка такімі катэгорыямі ня думае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG