Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забарону канцэртаў гурту «Дай Дарогу» ў Берасьці і Горадні карэспандэнт «Свабоды» папрасіў пракамэнтаваць вакаліста Юрыя Стыльскага.

У інтэрвію музыка выказаў спадзяваньне, што гурт ня значыцца ў «чорным сьпісе», а гэтая забарона — нейкая недарэчнасьць.

— Наколькі нечаканай была для вас забарона канцэртаў?

— Насамрэч, мы не чакалі, што нешта такое здарыцца. Мы думалі, што гэта нейкі жарт. Нам чалавек сказаў, што нашыя канцэрты ў Берасьці і Горадні пад пытаньнем, але адразу ўсур’ёз не ўспрынялі гэта. Але потым ва ўстанове, дзе мы меліся выступаць у Берасьці, сказалі, што ня маюць нейкіх дадатковых дазволаў…

— То ці лічыце, што вы знаходзіцеся ўжо ў «сьпісе забароненых музыкаў»?

Спадзяюся, што не. Аднак нешта тут ня тое… Усе проста ў шоку, чаму так. У нас ёсьць толькі здагадкі, што гэта аддзел па справах моладзі гарвыканкаму, аддзел ідэалёгіі. У іх, відаць, ёсьць нейкія асабістыя рахункі…

— То бок вы лічыце, што гэта ініцыятыва асобных чыноўнікаў?

Юры Стыльскі

Юры Стыльскі

— Цяжка сказаць. Ці можа гарвыканкам патэлефанаваць у клюб і забараніць канцэрт? У любым выпадку, тут нейкія сур’ёзныя інстанцыі датычныя. Не без «дапамогі» больш сур’ёзных органаў тут абышлося.

Спадзяёмся, што ўсё гэта сьціхне і мы зможам выступаць. Я не хацеў бы стаць нейкім злосным апазыцыянэрам, якога з нас лепяць. Я далёкі ад палітыкі. У нас у асноўным сацыяльная, побытавая тэматыка.

— Ну і як «Дай Дарогу» зьбіраецца выходзіць з сытуацыі, калі канцэрты забараняюць?

— Ёсьць варыянт зьехаць у тую ж Расею, як зрабіў «Ляпіс Трубяцкой». Граць на нейкіх кватэрніках — гэта ня выйсьце. Аднак і зьяжджаць мы ня хочам, хочам працаваць для сваёй аўдыторыі.

Толькі ня трэба наводзіць страх. Мы спадзяёмся, што мы яшчэ тут будзем сьпяваць. Ня трэба думаць, што ўсё так дрэнна. Я мяркую, што ўсё гэта нейкі малакалібэрны жарт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG