Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бел-чырвона-белыя сьцягі над магілай Уладзімера Плешчанкі


Барыс Хамайда каля магілы сябра

Барыс Хамайда каля магілы сябра

Сябры былога кіраўніка Віцебскай абласной арганізацыі КХП БНФ наведалі могілкі каля вёскі Друкава, дзе пахаваны спадар Плешчанка.

Праліўны дождж ня стаў перашкодай для Барыса Хамайды і Аляксандра Салаўяна, найбліжэйшых сяброў і паплечнікаў Уладзімера Плешчанкі, якога няма сярод жывых ужо 6 гадоў.

Хамайда: «Гэта наша такая традыцыя — пры любых умовах і пры любым надвор’і прыйсьці на Дзяды да Валодзі. Гэтаксама і ён у любое надвор’е стаяў каля „сіняга дому“ ў Віцебску, размаўляў з жыхарамі пра палітыку, часам спрачаўся на ідэйнай глебе. А ў яго было хворае сэрца, ды яшчэ затрыманьні, суды, турма за нібыта скрадзены бюст Аляксандра Суворава. І ў траўні 2006 году ягонае сэрца ня вытрымала — спынілася. Але і сябры, і ўвогуле многія ў Віцебску добра памятаюць Уладзімера Плешчанку».

Пра тое, што спадар Плешчанка карыстаўся аўтарытэтам і ў Віцебску, і за яго межамі, сьведчыць хаця б тое, што грошы на надмагільны помнік віцебскаму апазыцыянэру ахвяравалі людзі з усяе Беларусі. 2 лістапада над гэтым помнікам былі нахіленыя ў жалобе два бел-чырвона-белыя сьцягі.

Яшчэ адна традыцыя, якой трымаецца спадар Хамайда, — гэта наведваньне на Дзяды месца масавых сталінскіх рэпрэсій каля вёскі Паляі пад Віцебскам. Тут ужо ўтварыўся самаробны мэмарыял — некалькі крыжоў, усталяваных рознымі віцебскімі актывістамі ў розныя гады.

Да апошняга з крыжоў, усталяванага ўлетку, Барыс Хамайда і Аляксандар Салаўян прымацавалі букет зь белых і чырвоных кветак, на іншыя крыжы павязалі бел-чырвона-белыя стужкі. Прачыталі малітву за Беларусь і верш «Магутны Божа» Натальлі Арсеньневай.
Стужкі на крыжах каля вёскі Паляі

Стужкі на крыжах каля вёскі Паляі

XS
SM
MD
LG