Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо выходныя, 3-4 лістапада: «Дзяды» ў Лошыцы, 130 гадоў Коласу


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


НАДВОР’Е

У Беларусі пахмурна, але як для пачатку лістапада цёпла: тэмпэратура да +13

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У БЕЛАРУСІ І Ў СЬВЕЦЕ

3 лістапада

У Менску, у офісе партыі БНФ (вул.Чарнышэўскага, 3) пройдзе ўстаноўчы сход грамадзкай арганізацыі «Маладыя хрысьціянскія дэмакраты»

У Гістарычнай майстэрні (вул. Сухая, 25) адбудзецца адкрыцьцё выставы «Лёс заходнеэўрапейскіх і беларускіх вязьняў Мінскага гета», падрыхтаванай студэнтамі Бэрлінскага унівэрсытэту імя Гумбальдта. Пачатак у 11.00.

4 лістапада

Менск, КХП-БНФ праводзіць шэсьце, прысьвечанае дню памінаньня продкаў «Дзяды» ад Палаца культуры камвольнага камбінату па вуліцы Маякоўскага да месца пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Лошыцы.

У Мэхіка (Мэксыка) — саміт кіраўнікоў фінансавых ведамстваў і цэнтральных банкаў «вялікай дваццаткі».

ГЭТЫЯ ДНІ Ў ГІСТОРЫІ

3 лістапада

1903— Панама абвясьціла незалежнасьць ад Калюмбіі.

1918— Польшча абвясьціла незалежнасьць ад Расеі.

1928— Турцыя перайшла з арабскага на лацінскі альфабэт.

1970— Марксіст Сальвадор Альендэ стаў прэзыдэнтам Чылі.

1992— Біл Клінтан быў абраны прэзыдэнтам ЗША.

2009— Прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс падпісаў Лісабонскую дамову аб рэформе Эўразьвязу, пасьля чаго дакумэнт уступіў у сілу.

4 лістапада

У 1493 годзе экспэдыцыя Хрыстафора Калюмба адкрыла востраў Гвадэлюпа.

У 1863 годзе расейскія вайскоўцы схапілі паўстанцкага камісара Менскай губэрні Міхала Аскерку. Ад пачатку паўстаньня Кастуся Каліноўскага ён уступіў у шыхты ваяроў. У Менскай губэрні Міхал Аскерка ствараў уласную паўстанцкую адміністрацыю, якая мусіла замяніць расейскую каляніяльную ўладу. Аднак быў схоплены і расстраляны ў Магілёве.

У 1937 годзе быў расстраляны сасланы перад тым у Башкірыю Аляксандар Вальковiч, мянчук, сябра Беларускай партыі эсэраў, які быў прадстаўніком БНР пры ўрадзе Грузіі, а пасьля — міністрам фінансаў БНР.

У 1937 годзе савецкія карныя органы другі раз арыштавалі клясыка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Праз тры месяцы ва ўзросьце 44 гадоў Гарэцкага расстраляюць.

У 1945 годзе была створана ЮНЭСКА — арганізацыя Аб’яднаных нацыяў у справе адукацыі, навукі і культуры.

У 1979 ісламісцкія студэнты захапілі амэрыканскую амбасаду ў Тэгеране, беручы ў закладнікі 52 амэрыканцаў на пэрыяд 444 дзён.

У 2008 амэрыканцы выбралі першага чарнаскурага прэзыдэнта ЗША, Барака Абаму.

У гэтыя дні нарадзіліся:

3 лістапада

1801 — Вінчэнца Бэліні, італьянскі кампазытар
1845 — Зыгмунт Ґлёґэр, археоляг, этнограф і гісторык
1880 — Канстанцін Пушкарэвіч, філёляг, дасьледнік беларускай літаратуры, гісторык і перакладнік
1882 — Якуб Колас, клясык беларускай літаратуры
1890 — Глеб Бонч-Асмалоўскі, беларускі антраполяг і архэоляг
1893 — Францішак Чарняўскі, беларускі рэлігійны дзяяч
1914 — Юліюш Бардах, польскі гісторык дзяржавы і права

4 лістапада

1874 — Аляксандар Калчак, расейскі адмірал, Вярхоўны правіцель Расейскай дзяржавы.
1887 — Зьміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), беларускі пісьменьнік і дзяржаўны дзяяч.
1956 — Ігар Талькоў, расейскі паэт, сьпявак і кампазытар, актор.

У гэтыя дні памерлі:

3 лістапада

1937 — Максім Бурсевіч, дзяяч «Грамады»
1937 — Павал Валошын, дзяяч «Грамады» і КПЗБ, дэпутат Сойму міжваеннай Польскай Рэспублікі
1941 — Зьмітрок Бядуля, беларускі паэт, пісьменьнік і публіцыст
1954 — Анры Матыс, францускі мастак і скульптар
1983 — Антон Мартас, архіяпіскап, гісторык Праваслаўнай царквы

4 лістапада

1847 — Фэлікс Мэндэльсон, нямецкі кампазытар, піяніст, арганіст, дырыжор, музычна-грамадзкі дзеяч, аўтар вядомага вясельнага маршу.

1937 — Пятро Даркевіч, беларускі гісторык

1968 — Міхаіл Кікоін, францускі мастак паходжаньнем зь Беларусі

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Я — мужык, а гонар маю,
Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»

Якуб Колас

ГОД ТАМУ НА САЙЦЕ СВАБОДЫ:

Гістарычны цэнтар Менску разбавяць «іншароднымі целамі»
Лукашэнка загадаў міліцыі забыць пра прыстойнасьць
Маеш «карту паляка» — кідай дзяржаўную службу
XS
SM
MD
LG