Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памідораў пра забарону "чарнілаў": А чаму ў нас гарэлка дрэнная?


З 1 сьнежня ў Менску забароняць продаж мацаваных пладова-ягадных вінаў. Такое рашэньне прыняў Менгарвыканкам.

Мараторый будзе дзейнічаць два месяцы, да 1 лютага 2013 году. Калі гэты захад будзе дзейсным, забарону на продаж таннага «чарніла» плянуецца працягнуць, паведаміў намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ўладзімер Калтовіч. І выказаў упэўненасьць, што забарона будзе «станоўча ўспрынятая менчукамі і гасьцямі сталіцы, адвучыць пэўную катэгорыю насельніцтва ад гэтых напояў, прымусіўшы яе перайсьці на лёгкія віды прадукцыі».

Лекар-нарколяг Андрэй Капылоў цалкам падтрымлівае такія захады і кажа, што пэўны плён яны дадуць, бо асноўны кантынгент ягоных пацыентаў — якраз тыя, хто ўжывае таннае «чарніла»:

«Мы стаім на мяжы бездані. Падыдзіце раніцай да любой вінна-гарэлачнай крамы — там жа не па каньяк стаяць… Трэба прымаць захады жорсткія. Гэта ва ўсіх краінах робіцца, гэта ўсясьветны досьвед. Ёсьць розныя мерапрыемствы, куды адносяцца павышэньне коштаў, абмежаваньне па ўзросьце, забарона продажу. Яны даюць плён. Калі толькі ня будуць займацца самагонаварэньнем. Але ў Менску гэтая зьява не распаўсюджаная. Недзе ў сельскай мясцовасьці гэта можа быць. То бок гэта станоўчае рашэньне».

Вядомы рок-музыка і шоўмэн Аляксандар Памідораў цалкам перакананы, што такімі захадамі — забаронай на продаж «чарніла» — алькагалізацыю не спыніць:

«У нас зараз краіна, дзе самая танная гарэлка на ўсіх абшарах эўрапейскіх. Да таго ж звычайнае сухое віно, нават з замежных вінаматэрыялаў, але ўласнай вытворчасьці (да прыкладу, заводу „Крышталь“) каштуе 24–25 тысяч, яно цалкам даступнае. Ня будуць піць пладова-ягадныя віны — будуць піць моцнае піва, будуць піць гарэлку. Альбо пачнуць ужываць самагон.

Лепш бы яны заняліся праблемай, чаму ў нас такая дрэнная гарэлка, проста страшна няякасная. Асабліва гарэлка над назвай „Сваяк“, рэклямаваная ансамблем „Сябры“. Увечары вып’еш 200 ці 300 грамаў — і на раніцу ня тое што галаву немагчыма падняць, а наагул ня памятаеш, што з табой было. Які псыхатроп дадаюць да гарэлкі менскай маркі „Крышталь“ і да гомельскага „Сваяка“, я ня ведаю».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG