Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяцём гісторыкам з Польшчы «адмоўлена ў візе»


Гарадзенскі герб на гарадзкой вуліцы
Гарадзенскі герб на гарадзкой вуліцы

Пяць гісторыкаў з Польшчы, якія меліся прачытаць даклады на канфэрэнцыі «Гарадзенскі палімпсэст», не атрымалі беларускіх візаў.

Канфэрэнцыя мае адбыцца ў Горадні 3–4 лістапада ў рамках «Дзён Губэрта». Яны адкрываюцца сёньня дзьвюма мастацкімі выставамі ў Старым горадзе.

Кіраўнік канфэрэнцыі «Гарадзенскі палімпсэст: людзі даўняй Горадні» доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук зазначае, што некалькі навукоўцаў з суседняй Польшчы ўпершыню ня змогуць удзельнічаць у гарадзенскай канфэрэнцыі ў рамках «Дзён Губэрта»:

«Пяцём дасьледчыкам з Польшчы не далі беларускіх візаў. Дасьледчыкам, якія ехалі менавіта на нашу канфэрэнцыю. У пашпарт проста ставілі штампік „Адмоўлена ў візе“. Ня ведаю, у якой ступені гэта законна ці не, але выглядае абуральна. Навукоўцам, дасьледчыкам, якія едуць на навуковую канфэрэнцыю, адмаўляюць у візе. І толькі аднаму зь іх — здаецца, прафэсару Тэнгоўскаму ў Беластоку — нешта паведамілі, заявілі, што вы едзеце не на канфэрэнцыю, а займацца нейкімі палітычнымі справамі. У нашай краіне, дзе ўсё кантралюецца, нават уласныя меркаваньні выглядаюць як палітыка. Што ўжо казаць пра гістарычную канфэрэнцыю, якая не санкцыянаваная гарадзенскім аблвыканкамам».
У нашай краіне, дзе ўсё кантралюецца, нават уласныя меркаваньні выглядаюць як палітыка

Тэма плянаванага выступу прафэсара Тэнгоўскага — «Эвалюцыя становішча Гародні ў складзе Вялікага Княства Літоўскага ў XIV–XV стст».

Алесь Смалянчук кажа, што для атрыманьня беларускай візы яны даслалі польскім удзельнікам афіцыйны ліст ад Таварыства беларускай школы. Але гэта адыграла адмоўную ролю. Выступіць на канфэрэнцыі «Гарадзенскі палімпэст» змогуць толькі тыя дасьледчыкі з Польшчы, хто ўжо меў у пашпарце беларускую візу, кажа спадар Смалянчук. У прыватнасьці, гэта — Алег Латышонак.

«Сярод тых рэфэратаў, якія напэўна зацікавяць гарадзенцаў, вядома, будзе даклад знанага беларускага гісторыка зь Беластоку Алега Латышонка, дзе ён так правакацыйна ставіць пад сумнеў, што Горадня — горад сьвятога Губэрта, і спрабуе выказаць гіпотэзу, што тут больш Амэрык Вэнгерскі мае дачыненьне да аленя, які пераскоквае цераз агароджу».

А пачынаюцца «Дні Губэрта» сёньня ўвечары — мастацкімі выставамі. Першая зь іх адкрываецца ў мастацкай галерэі «Крыга», свае працы пакажуць вядомыя мастакі Горадні. Асобна свае карціны пакажа моладзь.

Адзін з арганізатараў Павал Мажэйка: «Група маладых мастакоў зусім нядаўна выяжджала на пленэр. Просьба была, каб працы былі прысьвечаныя гісторыі, зьвязанай са сьвятым Губэртам, і гербу Горадні. Вось у такім ключы яны папрацавалі».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG