Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў Reuters: Рэфармаваць лукашэнкаўскую Беларусь немагчыма


Андрэй Саньнікаў у студыі Радыё Свабода

Андрэй Саньнікаў у студыі Радыё Свабода

У сваім першым інтэрвію пасьля таго, як ён атрымаў прытулак у Вялікай Брытаніі, Андрэй Саньнікаў заявіў, што ягоная жонка Ірына Халіп не змагла пакінуць Менск і далучыцца да яго, бо на Ірыну беларускімі ўладамі накладзеныя абмежаваньні.

«Яна павінна быць дома кожны дзень, і міліцыя назірае за ёю. Часам яны сьвядома прыходзяць сярод ночы, хоць у нас маленькае дзіця», — дадаў Саньнікаў.

«Самае галоўнае для мяне цяпер — гэта мая сям’я і бясьпека маёй сям’і», — заявіў Саньнікаў, тлумачачы, чаму ён вырашыў болей не заставацца ў Беларусі.

(Лукашэнку) трэба грошы. Ён хоча захаваць уладу, а каб захаваць уладу, ён хоча захаваць гэтую састарэлую эканамічную мадэль

Гаворачы пра ўладу ў Беларусі, Саньнікаў заявіў: «Гэта сыстэма, якая не працуе». «На дадзены момант (дзяржаўныя) рэсурсы накіраваныя на зьнішчэньне ўсіх формаў пратэсту. За ўсе гэтыя гады ўлады толькі пацьвердзілі, што яны ня здольныя на рэформы».

На пытаньне, ці магла б Беларусь некалі зазнаць рэвалюцыйныя зьмены кшталту тых, якія ахапілі арабскі сьвет з пачатку 2011 году, Саньнікаў сказаў: «Тэарэтычна ўсё магчыма».

Ён дадаў, што быў гатовы ўмяшацца, каб запоўніць палітычны вакуўм і павесьці сваю радзіму да збліжэньня з Эўропай, але сказаў, што Лукашэнкі трымаецца за ўладу вельмі моцна.

«Я хачу вярнуцца ў краіну як мага хутчэй. Калі ад мяне для краіны ёсьць карысьць, то, вядома, я прыняў бы пэўныя прапановы», — заявіў Саньнікаў.

«Але казаць так яшчэ зарана... Гэтая сытуацыя (выгнаньне) — не нармальная для мяне, гэта агідная сытуацыя. Вядома, я хачу вярнуцца ў краіну, у вольную краіну», — дадаў былы палітвязень,

Сыстэма Лукашэнкі залежыць ад фінансавай падтрымкі з Расеі, якая забясьпечвае Беларусь таннай энэргіяй ды іншымі ільготамі.

«Гульня заўсёды адна і тая ж», — сказаў Саньнікаў. «(Лукашэнку) трэба грошы. Ён хоча захаваць уладу, а каб захаваць уладу, ён хоча захаваць гэтую састарэлую эканамічную мадэль».

«Яго агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да Захаду дапамагаюць яму здабываць расейскія грошы, і ён мае рацыю. Калі Расія пачынае выстаўляць эканамічныя патрабаваньні, ён зьмякчае сваю супрацьзаходнюю рыторыку. Гэтая гульня зрабілася цяпер вельмі цынічнаю», — заявіў Саньнікаў.


Даведка «Свабоды»: Андрэй Саньнікаў


Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 году.

Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных спраў СССР у Маскве.

Валодае чатырма мовамі.

Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Ёрку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995–1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 году, пратэстуючы супраць рэфэрэндуму.

У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.

Арыштаваны 19 сьнежня 2010 году пасьля акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар КДБ.

Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

13 траўня 2011 году судзьдзя Партызанскага суду Менску Натальля Чацьвярткова прысудзіла Саньнікаву 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Пасьля суду Саньнікава тры разы пераводзілі ў розныя папраўчыя ўстановы.

У лістападзе 2011-га ён напісаў прашэньне аб памілаваньні.

14 красавіка 2012 году Андрэй Саньнікаў быў вызвалены зь віцебскай калёніі.

26 кастрычніка 2012 сталя вядома, што Саньніка атрымаў палітычны прытулак у Вялікай Брытаніі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG