Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд «за кубікі»: усіх апраўдалі


«Гэты першы выпадак у маёй практыцы!» — так камэнтуе праваабаронца Алена Танкачова рашэньне суду па справе Міхаіла Гуліна, Уладзіслава Лук’янчука, Алега Давыдчыка і Сяргея Панасюка.

2 ліспада судзьдзя Цэнтральнага суду Тацяна Ткачова, які вяла працэс «за кубікі», вырашыла спыніць адміністратыўную справу супраць мастакоў і абвясьціла, што іх затрымалі незаконна.

«Тацяна Аркадзьеўна Ткачова (судьдзя — РС), дай ёй Бог здароўя! — камэнтуе рашэньне суду мастак Міхаіл Гулін. — Я, канечне, вельмі задаволены. Думаю, што для судзьдзі гэта было не такое простае рашэньне. Напэўна, праваахоўныя органы гэтым і кіруюцца: складаюць тыповы адміністратыўны пратакол — „лаяўся матам“, „супраціўляўся“, „адмаўляўся прайсьці з супрацоўнікамі міліцыі“. Каб проста махнулі рукой, падмахнулі і ўсё скончылася».

Праваабаронца Алена Танкачова прысутнічала на ўсіх паседжаньнях суду «за кубікі». «Суд зрабіў усе дзеяньні, якія былі скіраваныя на запатрабаваньне доказаў, — лічыць Танкачова. — І, атрымаўшы ў якасьці доказаў відэафіксацыю камэраў ГУВД Менгарвыканкаму, суд мог абапірацца на доказы, якія цяжка было паставіць пад сумненьне.

Неахайныя рапарты, дзеяньні супрацоўнікаў Цэнтральнага РУУС, абсалютна гратэскны пэрсанаж — прапаршчык, які відавочна прымяняў фізычную сілу... Я думаю, што кіраўніцтва РУУС менавіта для гэтых мэтаў яго там і трымае, бо ня ведаць пра тое, што ён робіць, супрацоўнікі РУУС ня могуць. Суд, на маю думку, паступіў так, як і павінен паступаць суд. Я лічу вялікай перамогай тое, што суд паклаў пачатак гэтай практыцы. Бо ілжэсьведчаньне пад гербам і сьцягам, неахайнасьць у дачыненьні да затрыманьняў — гэта тое, што трэба спыняць, калі мы хочам, каб да праваахоўных органаў ставіліся як да праваахоўных органаў, а не як да карнай сыстэмы».

«З РУУС Цэнтральнага раёну гораду Менску будзе праведзеная адпаведная праца», — сказала пры канцы паседжаньня судзьдзя Тацьцяна Ткачова.

Менавіта ў гэтым РУУС былі складзеныя пратаколы затрыманьня на мастакоў. Сяргей Панасюк і Уладзіслаў Лук’янчук заявілі ў судзе, што ў аддзяленьні міліцыі іх зьбівалі. Прычым Уладзіслаў атрымаў страсеньне мозгу. А фатограф Тацяна Гаўрыльчык засьведчыла, што ёй заломвалі рукі і надзявалі кайданкі. Апроч таго, мастакі правялі ў Цэнтральным РУУС 7 гадзін замест законных трох і не атрымалі аніякіх дакумэнтаў пра сваё затрыманьне.

Уладу Лук’янчуку 19 гадоў. Ён таксама вельмі задаволены прысудам. «Шкада, — кажа ён, — што давялося так шмат сіл, часу і грошай патраціць на тое, каб давесьці сваю невінаватасьць». Аднак у тое, што ўдасца прыцягнуць да адказнасьці прапаршчыка Ўладзімера Находзьку, Ўладзіслаў ня надта верыць:

«Я думаю, што справу будуць замінаць, спускаць „на тармазах“. Бо тое, што там рабілася (у Цэнтральным РУУС. — РС), гэта неапісальна. Мне вельмі не хацелася б, каб гэта паўтаралася.

Я больш чым упэўнены, што ён не панясе пакараньня. Гэта будзе вельмі цяжка — зрабіць нейкую агалоску. Узбуджэньне крымінальнай справы магчымае, але няма ўпэўненасьці, што мы зьбяром усе доказы. Ужо было заяўлена, што відэазапісаў з РУУС за дадзеную дату няма. Яны там зрабілі „рамонт“, і ў іх камэры не працавалі. Менавіта тады, калі мы там знаходзіліся».

Алег Давыдчык

Алег Давыдчык

Дваццацігадовы Алег Давыдчык ужо пасьля першага паседжаньня пачаў спадзявацца, што іх апраўдаюць. «Было адчуваньне, што ўсё скончыцца добра», — кажа ён. Але і ён распавядае, што міліцыянты пачуваліся ў судзе гэтаксама беспакарана, як і ў РУУС.

«Найбольш, вядома, у мяне ўвагі да прапаршчыка Находзькі. Ён найбольш зьбіваў людзей. Мы былі ў РУУС сем гадзін, і за гэты час ён як мінімум да чатырох чалавек прымяніў сілу. Двух зь іх зьбіў вельмі моцна. А на судзе гэты чалавек з каменным тварам кажа, што нікога ня біў, нічога не адбывалася, і ўсё адмаўляе. Ім проста ўсё адмаўляць».

Сяргей Панасюк, які таксама пацярпеў ад рукапрыкладзтва прапаршчыка Ўладзімера Находзькі, лічыць, што «і затрыманьне, і сама справа, і суд — гэта нейкі абсурд».

«Зразумела, незаконныя дзеяньні выканаўчай і судовай уладаў — ня дзіва ў нашай сацыяпалітычнай рэчаіснасьці, — кажа ён. — У дадзеным выпадку спэцыфіка ў тым, што не было традыцыйных падставаў, якія звычайна прыводзяць да абвінаваўчага прысуду — напрыклад, апазыцыйнага «шлейфу».

Таму, верагодна, не было і «куратарства» з боку сілавых структур (КДБ і г.д.). Як вынік — апраўдальны прысуд. Тым самым было паказана, што рэпрэсіўная машына існуе сама па сабе. А рыторыка людзей, якія падтрымліваюць мэтады ўлады, ня дзейнічае, г.зн. звычайна яна выкарыстоўвае імпэратыў «ня лезь у палітыку/апазыцыю, працуй сумленна, і табе нічога ня будзе».

«Калі б Інстытут Гётэ пазваніў у РУУС, нас бы ня зьбілі»


Міхаіл Гулін

Міхаіл Гулін

Мастак Міхаіл Гулін упэўнены, што рашэньне па іх справе важнае для ўсіх: «Гэты адміністратыўны працэс — не такі камэрны, „хатні“. Гэта спадзеў на нешта большае. Ужо не ў дачыненьні да мяне, а ў дачыненьні да іншых людзей, якія, так ужо атрымліваецца, часта пакутуюць ад незаконных дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі, улады».

Празь некалькі дзён пасьля затрыманьня на Кастрычніцкай плошчы Міхаіла Гуліна звольнілі з БНТУ , дзе ён працаваў старшым выкладчыкам. Звольнілі «паводле згоды бакоў», але дэкан спытаўся ў Гуліна: «Зь якога гэта часу вы сталі займацца палітычным мастацтвам?»

«Я, напэўна, паспрабую аднавіцца на працы, — кажа Міхаіл Гулін. — Магчыма, гэта ня будзе доўгатэрміновае супрацоўніцтва.Але я цалкам апраўданы, затрымалі мяне незаконна. І гэтыя моманты перастрахоўкі, выслужваньня — проста агідныя. Хочацца гэтым людзям яшчэ раз паглядзець у вочы і паказаць выпіску з суду».

«Усе ўдзельнікі гэтага працэсу, на маю думку, праявілі максымальную грамадзянскасьць, — кажа Алена Танкачова. — Ніхто не пабаяўся згадваць пра падзеі, якія відавочна былі для іх псыхалягічна цяжкімі. Хлопцы былі пасьлядоўнымі, абсалютна спакойнымі, нават калі ў маленькі кабінэт увайшоў гэты „граміла“, які як мінімум дваіх зь іх зьбіў і здзекаваўся зь іх. Ніхто не апусьціўся да ўзроўню дробных пытаньняў і папрокаў».

Для Міхаіла Гуліна апраўданьне ў судзе — гэта яшчэ і пацьверджаньне ягонага права быць мастаком у Беларусі. «Тое, што нас апраўдалі, пацьвердзіла адэкватнасьць маіх дзеяньняў. Мы ўсё зрабілі абсалютна законна. Я як чалавек гэтага гораду, як грамадзянін маёй краіны, меў на іх права. Я сутыкнуўся з такім стаўленьнем з боку шмат каго, якое выяўляецца ў словах „Ну, ты ж ведаў...“ Гэты момант мяне шакуе. Адна справа — „ведаў“, а іншая справа — я маю права. Гэта заканадаўча прапісана. Я не зрабіў аніякіх супрацьпраўных дзеяньняў. Менавіта таму было сфальсыфікавана гэтае недарэчнае абвінавачаньне».

«Не было аніякіх падставаў нас затрымліваць. Не было падставаў нават прасіць нас прад’явіць дакумэнты. Не зрабілі нічога супрацьзаконнага!» — падкрэсьлівае Міхаіл Гулін.

Застаецца нявызначанай пазыцыя Інстытуту Гётэ ў дачыненьні да справы Міхаіла Гуліна і валянтэраў. Аднак дырэктар Інстытуту ў Менску спадар Франк Баўман выказаў жаданьне адказаць на пытаньні Радыё Свабода ў пісьмовым выглядзе.

Алена Танкачова ўпэўненая, што Інстытут Гётэ «паспрабаваў заўчасна перастрахавацца». «Дзіўна, што гэта зрабілі прадстаўнікі Інстытуту краіны, якая ўжо прайшла пэрыяд адпрацоўкі важных гістарычных пэрыядаў у гістарычную памяць. Шкада, — падсумоўвае яна.

Міхаіл Гулін кажа, што афіцыйна па-ранейшаму застаецца ўдзельнікам праекту «Going public».

Пэрформанс на плошчы Калініна

Пэрформанс на плошчы Калініна



«Я нават цяпер зьбіраюся паехаць у Ляйпцыг як удзельнік гэтага праекту. Мне самому цікава, я хачу даведацца, як можна прапусьціць такі подлы ўдар і заставацца ўдзельнікам праекту».

Ніякай падтрымкі ад самога Інстытуту Міхаіл Гулін ужо не чакае:

«Цяпер атрымалася, што паважаны Гётэ-інстытут сеў у глыбокую лужыну, якую сам і нарабіў, абмачыўшыся. Я ўжо нічога не чакаю ад іх. Зробленае тое, што адваротнай сілы ня мае. Калі б у той дзень быў зроблены званок, Уладзіслава Лук’янчука б ня зьбілі. Бо было зразумела, што нас 7 гадзін проста мусолілі. Яны ня ведалі, што з намі рабіць і як рэагаваць. Бо я сьцьвярджаю, што я ўдзельнік міжнароднага праекту, а хлопцы — толькі валянтэры, не чапайце іх, уся адказнасьць на мне. А ніякага пацьвярджальнага званка альбо дзеяньняў няма. І таму ў міліцыі пачынаюць прымяняць тыя дзеяньні, якія, я ўжо высьветліў, прымяняюць стандартна. Гэта практыка ў нашых РУУС — зьбіцьцё. Я калі пісаў заяву, каб мне вярнулі скульптуру, выводзілі нейкага чалавека ў будаўнічай робе, які скардзіўся і казаў: „Так, „ластаўку“ вы рабіць умееце“. Гэта тое самае, што зрабілі з Уладзіславам: надзелі кайданкі, зрабілі „ластаўку“ і зьбілі».

Алег Давыдчык, які вядомы арт-моладзі як удзельнік мастацкага праекту Lena Krasit, кажа, што яму ўвогуле цікавая любая дзейнасьць, зьвязаная з творчасьцю:

«Я б і цяпер прыняў удзел у такой акцыі, нават ведаючы, чым гэта ўсё скончылася».
XS
SM
MD
LG