Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спартовае выразаньне


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Усе павінны быць выразаны ад прэзыдэнта ўніз. Усе! Разам зь міністрам.

З выступу А. Лукашэнкі на Алімпійскім сходзе 26 кастрычніка.


Такім чынам, кіраўніцтва беларускага спорту выразана. Прызначаны новыя кіраўнікі Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнага алімпійскага камітэту, новы памочнік прэзыдэнта па фізкультуры і спорце. Зьявіліся новыя людзі, якія, як вобразна кажа Лукашэнка, «каля ног у мяне ходзяць».

Разгляд вынікаў выступу беларускіх спартоўцаў на Лёнданскай алімпіядзе, асабліва рэпартаж, надрукаваны ў «Прессболе», новыя кадравыя прызначэньні ў спартовай сфэры даюць падставы для пэўных высноваў.

1. Складаецца ўражаньне, што чым больш Лукашэнка аддае ўвагі нейкай сфэры ці галіне, тым горш там ідуць справы. Спорт – ягоная ўлюбёная цацка. Лядовыя палацы – галоўная будоўля краіны. А будучы чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менску – гэта як Сочынская алімпіяда для Расеі. І вось жа атрымліваецца, што з кожнымі наступнымі Алімпійскімі гульнямі вынікі беларускіх спартоўцаў усё горшыя. І зьяўляецца крамольная думка: можа, каб Аляксандар Рыгоравіч пакінуў спартоўцаў у спакоі, то справы там пайшлі б на лад?

2. З таго, што паказала БТ і надрукаваў «Прессбол», цяжка скласьці поўнае ўяўленьне пра абмеркаваньне сытуацыі ў беларускім спорце. Магчыма, у дакладзе адпраўленага ў адстаўку міністра спорту Качана і быў дадзены аналіз, сфармуляваныя прычыны фіяска ў Лёндане. Калі ж зважаць толькі на выказваньні Лукашэнкі, то ўзровень дыскусіі засмучае. Пераважалі пагрозы, зьнявагі, абяцаньні адправіць вуліцу месьці ці надзець кайданкі («трэба ўсіх пасадзіць, усіх нягоднікаў»). Нават прагучала абвінавачаньне ў здрадзе. Усё гэта больш нагадвала разборку ў разьдзявалцы пасьля прайгранага матчу, а не сур'ёзную размову на высокім дзяржаўным узроўні.

3. Ляйтматыў паседжаньня – усёабдымная карупцыя ва ўсіх спартовых структурах. Высьветлілася, што паўсюль крадуць. І, на першы погляд, гэта дзіўна. Бо барацьба з карупцыяй – ідэя-фікс Лукашэнкі, галоўны складнік ягонага іміджу. Вось на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх мэдыяў кіраўнік дзяржавы апавядаў, што ў Беларусі няма такой карупцыі, як у Расеі, бо, маўляў, я сам паказваю прыклад сумленнасьці і нікому спуску не даю. І вось цяпер выявілася, што якраз у галіне, да якой прыцягнутая асабліва пільная ўвага Лукашэнкі, якую ён кантралюе як ніякую іншую, усё прагніла, карупцыянэр сядзіць на карупцыянэры, усе крадуць.

Але калі глядзець на праблему рацыянальна, то ўсё заканамерна. Калі ў галіну ідуць вялікія халяўныя бюджэтныя грошы, то ўсе «пілуюць» як могуць. На бюракратычнай мове гэта называецца «асвоіць рэсурсы».

4. Праслухоўваюць усіх, сочаць за ўсімі і даносяць адзін на аднаго. Лукашэнка на сходзе расказаў, пра што гаворыць недзе ў кулюарах міністар спорту Качан («Качан кажа: «Мяне здымуць, дык давайце Міхадзюка паставім»), памочнік прэзыдэнта Заічкаў («Заічкаў гэта з дакладу прэзыдэнта выкінуў і хваліўся свайму падзельніку: «Ты не хвалюйся, я выкрасьліў!»). Вось такія норавы пануюць у вышэйшым кіраўніцтве краіны.

5. Тое, што новыя кіраўнікі спартовай галіны раней працавалі ў зусім іншай сфэры, не выклікае вялікіх пытаньняў. Ва ўсім сьвеце міністар – гэта палітык, ён не абавязкова бывае адмыслоўцам, ягоная функцыя – вытрымліваць палітычную лінію кіроўнай каманды. Іншы варыянт – кіраўнік структуры павінен быць добрым мэнэджэрам.

У нашым выпадку зьдзіўляе тое, што кіраваць спортам прызначылі вайскоўцаў. Новы міністар спорту і турызму Аляксандар Шамко – генэрал-маёр унутранай службы, намесьнік міністра надзвычайных сытуацыяў. Першым віцэ-прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту стаў былы кіраўнік памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі. Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Кабякоў, прадстаўляючы Шамко, адзначыў, што калектыву Мінспорту пашанцавала з новым міністрам, бо ён «па-сапраўднаму баявы генэрал».

У Лукашэнкі ёсьць вялікая прыхільнасьць да вайскоўцаў. Нядаўна ён прызнаўся, што хацеў прызначыць кіраваць Менскам «ваеннага чалавека». З аднаго боку, лягічна, што ў герархічна пабудаванай камандна-адміністрацыйнай сыстэме патрабуюцца жорсткія выканаўцы. Але міністэрства спорту і турызму – гэта ня войска. Тут патрэбныя і іншыя якасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG