Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шагал: У нашым жыцьці ёсьць толькі колер Каханьня


Марк Шагал, «Аўтапартрэт»

Марк Шагал, «Аўтапартрэт»

У Дзяржаўным мастацкім музэі 1 лістапада адкрылася выстава з калекцыі Музэя Ізраілю «Марк Шагал: жыцьцё і каханьне».

У экспазыцыі прадстаўлена 89 твораў жывапісу і графікі Шагала розных пэрыядаў (з 1910 да 1961 году) — пэйзажы, партрэты, жанравыя кампазыцыі, ілюстрацыі да Бібліі і літаратурных твораў.

Музей Ізраілю «Ерузалім» мае пяць жывапісных працаў беларускага мастака і каля трохсот графічных. Сярод твораў, прадстаўленых на выставе, — падараваныя Музэю Ізраілю самім мастаком, яго дачкой Ідай і шматлікімі прыватнымі калекцыянэрамі Эўропы, Амэрыкі і Ізраілю. Вядучы куратар аддзелу графікі Музэю Ізраілю Тацяна Сіраковіч запэўнівае, што ў Менск прывезьлі найлепшае з калекцыі. Адбор твораў для выставы рабіў беларускі бок:

Тацяна Сіраковіч

Тацяна Сіраковіч

«Бальшыня зь іх — графіка. Гэта ілюстрацыі Шагала да Бібліі, да „Мёртвых душ“ Гогаля, да „Баек“ Ляфантэна, да ўласнай біяграфіі, якую ён напісаў — „Маві“ („Маё жыцьцё“), да біяграфіі ягонай жонкі Бэлы. Мы ведаем Шагала як выбітнага жывапісца, калярыста. Але гэтая выстава больш прадстаўляе графічныя працы Шагала».

Першая выстава Шагала на радзіме, у Беларусі, адбылася ў 1997 годзе.

На сёньняшняй выставе «Марк Шагал: жыцьцё і каханьне» прадстаўлены ў асноўным позьні Шагал. Знакаміты віцебскі пэрыяд творчасьці Шагала ў Музэі Ізраілю амаль не прадстаўлены. Але на цэнтральным жывапісным палатне «Закаханыя», напісаным у 1937 годзе, акрамя букета, ёсьць сам Шагал, жонка Бэла, іх дачка Іда ў выглядзе анёла, а ўнізе — Віцебск, сьцьвярджае Тацяна Сіраковіч.
«Акрабат, які ляжыць на галіне дрэва» (1925 год)

«Акрабат, які ляжыць на галіне дрэва» (1925 год)


У беларускіх музэях ёсьць Шагалава графіка (літаграфія, афорты, акватынта, гуаш), але алейнага жывапісу дагэтуль няма. Тацяна Сіраковіч разважае:

«Ён вельмі касмапалітычны. Пражыўшы пэўную частку свайго жыцьця ў Беларусі, Расеі, накіраваўся ў Бэрлін, потым у Парыж, быў у Амэрыцы, вандраваў па Ізраілі — Шагал пакідаў свае сьляды паўсюль. У музэях Расеі і Беларусі добрая калекцыя Шагала. Ну, а тое, што ягоныя творы раскіданыя па музэях усяго сьвету і прыватных калекцыях — гэтага не пазьбегнуў ніводзін вядомы мастак авангарду ХХ стагодзьдзя».
Закаханыя» 1937 год

Закаханыя» 1937 год


У першы дзень выставы ў залі Шагала вельмі шмат наведнікаў. Вось першыя ўражаньні ад выставы:

Спадарыня: «Выстава вельмі добрая, гэта вялікае шчасьце. Некаторыя рэчы, да прыкладу, афорты, я ніколі ня бачыла. Ну, а карціны ў колеры — гэта нешта незвычайнае. Гэта можна глядзець бясконца».

Карэспандэнтка: «А ня крыўдна, што Беларусь — радзіма Шагала, а вельмі мала ягоных твораў ёсьць у нашых музэях, усё раскідана па сьвеце?»

«Ну, калі на гэта крыўдаваць… Шагал жа не адзіны… Той жа самы Суцін, яго ж таксама нічога няма ў нас».
Ілюстрацыя да байкі Лафантэна «Два пеўні»

Ілюстрацыя да байкі Лафантэна «Два пеўні»


Юнак: «Прыемна бачыць арыгінальныя працы Шагала. Таму што нядаўна былі прадстаўленыя рэпрадукцыі на плошчы Якуба Коласа. І зараз мы можам пабачыць ня ўсе, праўда, працы, але шмат новага. Адкрываем для сябе Шагала».

Спадарыня: «Зьдзіўляесься такой непасрэднасьці ягоных твораў і духоўнасьці, якая прыцягвае. Вядома, ёсьць майстры, у якіх традыцыйная тэхніка. Але гэта майстар — асаблівы майстар, незвычайны. Ён усё робіць зь любоўю. У яго адчуваецца любоў да свайго народу, любоў да каханай жанчыны і, найперш, любоў да жыцьця».
Ілюстрацыя да «Мёртвых душ» Гогаля — «Гульня ў карты»

Ілюстрацыя да «Мёртвых душ» Гогаля — «Гульня ў карты»


Назва выставы сымбалічная: «Марк Шагал: жыцьцё і каханьне». Сам Шагал пісаў: «Насуперак усім цяжкасьцям нашага сьвету ўва мне захавалася частка таго адухоўленага Каханьня, у якім я быў выхаваны, і вера ў чалавека, які спазнаў Каханьне. У нашым жыцьці, як у палітры мастака, ёсьць толькі адзін колер, здольны даць сэнс жыцьцю і мастацтву — колер Каханьня».
«Закаханыя» (1954 — 55 гады)

«Закаханыя» (1954 — 55 гады)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG