Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад старшынствам Аляксандра Лукашэнкі сёньня прайшло паседжаньне Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Першым віцэ-прэзыдэнтам НАК быў абраны былы старшыня Памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі, віцэ-прэзыдэнтамі — былы старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў і былы памочнік Аляксандра Лукашэнкі па спорце Мікалай Ананьеў.

Звальненьне на мінулым тыдні першага намесьніка Аляксандра Лукашэнкі ў НАК Ігара Заічкава разам зь міністрам спорту Алегам Качаном адкрыла дарогу для вяртаньня на адказную пасаду генэрал-маёра Ігара Рачкоўскага. Рачкоўскі быў звольнены з пасады кіраўніка Памежнага камітэту пасьля скандалу з дэсантам швэдзкіх мішак. Аляксандар Лукашэнка, прапануючы яго на пасаду свайго першага намесьніка ў НАК, зазначыў, што той і пасьля адстаўкі меў магчымасьць заходзіць у ягоны кабінэт:

«У чалавека ўсякае ў жыцьці бывае, так здарылася і ў яго, калі яго падначаленыя зьдзейсьнілі, здавалася б, малы, непрыкметны факт, які, аднак, выклікаў вялікі грамадзкі рэзананс. Пасьля гэтага ў любой краіне людзі сыходзяць у адстаўку, прымаючы парушэньне сваіх падначаленых па службе як сваё. Так зрабіў і Рачкоўскі, калі падаў рапарт на імя прэзыдэнта аб адстаўцы. Я мог бы не прыняць гэтую адстаўку, але гэта было б няправільна».

Разам з тым Лукашэнка заявіў, што генэрал Рачкоўскі — «спартыўны чалавек, які разумее і любіць спорт». Гаворачы пра зьмены ў кіраўніцтве спорту наагул, Лукашэнка заявіў, што «надышоў час новага пакаленьня палітыкаў ва ўсіх сфэрах і па ўсіх кірунках». Пры гэтым на пасады віцэ-прэзыдэнтаў НАК ён прапанаваў сваіх старых паплечнікаў — былога старшыню Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Канаплёва і былога памочніка па спорце Мікалая Ананьева. Канаплёў цяпер узначальвае Фэдэрацыю гандболу, а Ананьеў — дырэктар «Мінск-Арэны».

Яшчэ адным чыноўнікам у пагонах, які будзе кіраваць спортам, стаў былы намесьнік міністра надзвычайных сытуацыяў Аляксандар Шамко, учора прызначаны міністрам спорту. Былы міністар спорту Аляксандар Грыгараў пажадаў спадару Шамко і іншым прызначэнцам посьпехаў, але зазначыў, што іх кар’ера будзе залежаць ад выступу беларусаў на Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра:

Аляксандар Грыгараў

Аляксандар Грыгараў

«Калі яны пераўзыдуць лепшы вынік Беларусі на алімпіядах, значыць, усё будзе добра. Калі не — напэўна, іх напаткае лёс папярэднікаў».

Спадар Грыгараў выступае за тое, каб спортам кіравалі адмыслоўцы, а не «ўпраўленцы ў пагонах». Іншы былы міністар спорту Юры Сівакоў, генэрал у адстаўцы, мяркуе, што каб навесьці парадак у спартовай галіне, трэба не 2 і не 3 гады:

«Але, напэўна, магчыма знайсьці ў той жа галіне, з тых жа спартоўцаў людзей, якія валодаюць ня толькі фізычнымі дадзенымі, але і арганізатарскімі здольнасьцямі, чалавека, які зьяўляецца і дастаткова забясьпечаным у выніку дасягнутых вынікаў у спорце, таго, хто ведае гэтую сыстэму знутры і карыстаецца аўтарытэтам і мае маральнае права кіраваць такімі, як ён».

На сёньняшняе паседжаньне не запрасілі трохразовага алімпійскага чэмпіёна Ўладзімера Парфяновіча. У 2003 годзе за апазыцыйную дзейнасьць яго вывелі са складу НАК і з кіраўніцтва Фэдэрацыі веславаньня. Цяпер ён працуе ў Расеі — старшым трэнэрам зборнай па байдарцы. Беларусі ягоны досьвед не спатрэбіўся:

​«У нас жа які прынцып падбору кадраў — адданасьць правадыру. Самае галоўнае — ці могуць гэтыя таварышы, якіх зараз прызначылі, сказаць праўду Лукашэнку? Я думаю, што не».

Трэба мяняць падыходы да спорту, падтрымліваць дзіцячыя спартовыя школы, перакананы спадар Парфяновіч:

«Цяпер мы вынік ставім вышэй за мараль. Трэба мяняць у краіне стаўленьне да людзей, тых, якія працуюць унізе. І трэба перастаць красьці. Тое, што адбываецца, гэта проста чорт ведае што. Крадуць так, што мама дарагая».

Уладзімер Парфяновіч мяркуе, што для спорту трэба таксама, каб Аляксандар Лукашэнка пакінуў пасаду прэзыдэнта НАК:

«Займацца і тым, і другім, калі і тое, і другое ў правале... Неяк трэба вызначыцца гэтаму чалавеку. Пара!»
XS
SM
MD
LG