Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд за кубікі. Прысуд у пятніцу


Аляксандар Гулін

Аляксандар Гулін

У Цэнтральным судзе Менску адбылося апошняе паседжаньне ў справе мастака Міхаіла Гуліна і трох валянтэраў, якія ўдзельнічалі ў праекце «Going Public. Пра цяжкасьці публічнага выказваньня».

У якасьці сьведак у суд былі выкліканыя трое міліцыянтаў, у тым ліку і прапаршчык Уладзімер Находзька. Менавіта яго Міхаіл Гулін і іншыя затрыманыя абвінавачваюць у прымяненьні фізычнай сілы ў той час, калі яны былі ў Цэнтральным РУУС. Усе трое міліцыянтаў пачуваліся вельмі ўпэўнена.

Уладзімер Находзька на пытаньне судзьдзі, чаму ўсе чацьвёра затрыманых сьведчаць, што фізычная сіла была ўжытая, выказаў меркаваньне, што яго агаворваюць. Маўляў, у яго нагала паголеная галава, і ходзіць ён ня ў кіцелі, а ў блакітнай кашулі — такая зьнешнасьць, па яго словах, магла не спадабацца абвінавачаным.
Уладзміер Находзька

Уладзміер Находзька


Мастакоў абвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыі на падставе рапарту АМАПаўцаў, якія затрымалі іх на Кастрычніцкай плошчы. У рапарце, у прыватнасьці, напісана, што кожны з абвінавачаных адмаўляўся прайсьці для разбору, упіраўся нагамі ў зямлю, хапаўся за форменнае абмундзіраваньне і ўсяляк супраціўляўся.

На папярэднім паседжаньні прагледзелі відэазапіс затрыманьня з Кастрычніцкай плошчы, зь якога відаць, што мастакі ідуць за АМАПаўцамі добраахвотна. Адзін з АМАПаўцаў, Варанковіч, прызнаў, што рапарт не адпавядае рэчаіснасьці.

У сваім выступе адвакаты абвінавачаных зьвярнулі ўвагу, што само затрыманьне адбывалася з парушэньнямі: у АМАПаўцаў не было аніякіх падставаў затрымліваць мастакоў і дастаўляць іх для разбору. Больш за тое, адвакаты настойваюць, што ўсе дакумэнты справы былі створаныя штучна, а АМАПаўцы далі ілжывыя паказаньні.

Адвакаты зьвярнулі ўвагу на тое, што ня быў складзены пратакол аб адміністратыўным затрыманьні, а гэта парушае права затрыманых на абарону. Казалі яны і пра тое, што ў дачыненьні да затрыманых былі ўжытыя неправамоцныя дзеяньні і суд мусіць прыняць адпаведныя меры для ўсталяваньня справядлівасьці. Адвакаты настойваюць, што ў судзе была даведзеная поўная невінаватасьць затрыманых, і просяць спыніць супраць іх адміністрацыйную справу.

Прысуд агучаць 2 лістапада, а 9:30.

Пэрформанс Міхаіла Гуліна

Пэрформанс Міхаіла Гуліна

XS
SM
MD
LG