Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горад расстрэлу ў Казахстане хочуць перайменаваць


Аксакалы Мангістаўскай вобласьці Казахстану прапанавалі ўладам перайменаваць горад Жанаэзен ў горад Бекет-ата.

Паводле агенцтва Інтэрфакс-Казахстан, аксакалы сустрэліся з кіраўніком Мангістаўскай вобласьці Бауржанам Мухамеджанавым на мінулым тыдні ў мясцовасьці, дзе знаходзіцца мячэць Бекет-ата. Бекет-ата — асьветнік, прапаведнік і суфійскі філёзаф, які жыў у Казахстане ў XVIII стагодзьдзі.

«Бекет-ата — гэта вядомы навуковец і духоўны настаўнік, і я думаю, што нашу прапанову даць імя гэтага вядомага сваёй мудрасьцю чалавека гораду Жанаэзен усе падтрымаюць», — сказаў пасьля гэтай сустрэчы Асылбек Айдараў, старшыня Жанаэзенскай гарадзкой рады аксакалаў.

Канчатковае рашэньне аб перайменаваньні гораду Жанаэзэн мае быць прынятае ў Астане.

У Жанаэзене, горадзе на захадзе Казахстану, 16 сьнежня летась сілы правапарадку адкрылі агонь да антыўрадавай дэманстрацыі нафтавікоў, забіваючы 17 чалавек і ранячы больш за 100.

Прапанова перайменаваць Жанаэзен на Бекет-ата спарадзіла шмат здагадак у казахскіх сацыяльных сетках, што сапраўдным яе матывам зьяўляецца не ўшанаваньне памяці казахскага асьветніка і філёзафа, а спроба ўладаў як найхутчэй сьцерці памяць аб крывавым расстрэле дэманстрантаў у сьнежні 2011.
XS
SM
MD
LG