Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: «Ганчар і Захаранка, відаць, таксама не былі правільнымі апазыцыянэрамі»


31 кастрычніка БелТА, а потым і галоўныя дзяржаўныя тэлеканалы перадрукавалі вытрымкі з інтэрвію старшыні КХП-БНФ Зянона Пазьняка сайту InterPolitTV, у якім ён рэзка скрытыкаваў беларускую апазыцыю.



Тое, што выказваньні Пазьняка актыўна цытуюць беларускія тэлеканалы, камэнтуе лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Лябедзька: «Вядома, трэба несьці адказнасьць за тое, што ты агучваеш. За гэтыя гады я прызвычаіўся, што нас палошча беларуская тэлевізія. Крытыкаваць апазыцыю — гэта самы просты занятак, за гэта ніхто цябе не пакарае, не пасадзіць за краты. Гэта тое, што можна казаць лёгка, проста — і пачуваць сябе ньюсмэйкерам, ты знаходзісься ў цэнтры ўвагі.

Што тычыцца мяне, то мы ў сваіх заявах нікога не абражаем і гатовыя несьці за іх адказнасьць перад сваім сумленьнем.

Калі так лёгка быць апазыцыяй, то як пракамэнтаваць тое, што сёньня 16 палітвязьняў, а дзясяткі людзей ужо адседзелі? Як пракамэнтаваць лёс Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі? Яны ж таксама, відаць, у вачах кагосьці былі ня самымі правільнымі апазыцыянэрамі, але яны аддалі сваё жыцьцё. І калі гэта гучыць на ўзроўні беларускай тэлевізіі, то я, з аднаго боку, гэтага не разумею, а зь іншага — хай гэта застаецца на сумленьні таго, хто гэта агучвае.

Унутры апазыцыі ёсьць праблемы, і ўлада прафэсійна працуе, каб гэта было. Але мы не павінна скочвацца да ўзроўню ўлады, якая выкарыстоўвае гебэльсаўскія мэтады. Апазыцыя павінна ўсё ж адрозьнівацца і не выкарыстоўваць тыя ж мэтады».



Калякін: Пазьняк даўно адарваўся ад радзімы

Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін камэнтуе выказваньні Зянона Пазьняка наконт таго, што Захад кіруе беларускай апазыцыяй.

«Дасылаюць Віка, кіраўніка зьнешняй разьведкі Германіі, дасьведчанага прафэсіянала. Ён пачынае зьбіраць Лябедзек, Калякіных, дае ім грошай», — заявіў, сярод іншага, Пазьняк.

Калякін: «Пазьняк — вольны грамадзянін, жыве ў дэмакратычнай краіне за межамі сваёй краіны і вольны казаць усё, што прыходзіць яму ў галаву. Але ці мае гэта нейкае дачыненьне да рэчаіснасьці, да таго, чым жыве краіна, у якіх умовах дзейнічае беларуская апазыцыя? Наўрад ці ён гэта ведае, бо даўным-даўно адарваўся ад радзімы і не разумее, што тут адбываецца.

Выказаўся і выказаўся. Ён не зьяўляецца чалавекам, які валодае думкамі беларускага грамадзтва ці нават думкамі беларускай апазыцыі. Таму гэта звычайныя думкі шараговага грамадзяніна, які пакінуў радзіму і сёньня выказвае сваё меркаваньне.

Ганс-Георг Вік працаваў даволі добра на карысьць дэмакратызацыі Беларусі, калі працаваў кіраўніком місіі АБСЭ ў Менску. Ён добра выконваў сваю справу, але ніколі не «ўзначальваў апазыцыю», ніколі не даваў нам нейкіх указаньняў і гэтак далей.

Шмат людзей любяць даваць парады, як дзейнічаць. Я ўсё чакаю прыкладу, калі нехта возьмецца і сам зробіць — і я яму скажу дзякуй. А так — балбатня на тэму «вы ўсё робіце няслушна, а як слушна — я вам не скажу».

Івашкевіч — Пазьняку: Трэба прыйсьці і паказаць, як трэба

Сярод іншага Зянон Пазьняк заявіў, што спэцслужбы спрычыніліся да расколу БНФ, які адбыўся ў 1999 годзе. Палітык Віктар Івашкевіч, які на тым зьезьдзе быў абраны намесьнікам старшыні БНФ, гэтак камэнтуе выказваньні Зянона Пазьняка:

«Справа ў тым, што да таго часу ўжо некалькі зьездаў былі бурныя, працяглыя авацыі перад тэлевізарам, зь якога Зянон Станіслававіч выступаў з палымянымі прамовамі (Пазьняк з 1996 году быў у эміграцыі). І мне, напрыклад, было сорамна перад людзьмі, што партыя ня можа знайсьці чалавека, які б на месцы арганізоўваў дзейнасьць, а ня проста быў прыдаткам факсаў і відэазваротаў. А па-другое, мусіў быць пошук нейкіх рашэньняў, а ня толькі паўтор таго, што ва ўсім вінаватыя спэцслужбы. Ну і што? І як зь імі змагацца? Ніякіх рашэньняў не прапаноўвалася. Значная частка фронтаўцаў была незадаволеная такой сытуацыяй. І вырашылі адысьці ад факсавага кіраваньня, і паспрабаваць дзейнічаць у рэальных умовах, каб неяк мяняць сытуацыю ў Беларусі».

Што тычыцца выказваньня Пазьняка, што ў Беларусі няма сапраўднай апазыцыі, то Івашкевіч лічыць: «Гэта думка Зянона Станіслававіча, ён яе неаднаразова казаў, але я зь ёй ня згодны. Існуе шмат людзей, якія працягваюць змагацца, ахвяруюць сабой, здароўем, воляй, каб нешта ў краіне зьмяніць. А ня проста асуджаюць усіх іншых, што тыя ня так усё робяць. Што называецца — „прыйдзі і пакажы, як трэба“. Калі ўдасца Пазьняку зрабіць лепей, мы прызнаем — „так, мы памыляліся, а вось дзе сапраўдны герой“. А проста ўсіх абзываць — гэта ўжо і нецікава слухаць».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG