Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве пачынаюць публікаваць сьпісы агентаў КДБ СССР

  • БелаПАН


У Літве пачынаюць публікацыю зьвестак рэгістрацыйнага журналу архіўных спраў КДБ СССР аб завэрбаваных супрацоўніках. Як паведамляе партал Delfi, гэтыя зьвесткі будуць публікавацца на сайце kgbveikla.lt.

Паводле інфармацыі Цэнтра дасьледаваньня генацыду і супраціву жыхароў Літвы, у журнале, які пачалі запаўняць ў 1987 годзе, прадстаўленыя дадзеныя аб 1.669 агентах, інфарматарах і іншых таемных супрацоўніках КДБ, завэрбаваных ад 1940 па 1979 гады. Паказваюцца асабістыя дадзеныя чалавека, мянушкі, год вярбоўкі, падразьдзяленьне, якое ажыцьцяўляла вярбоўку, і нумар архіўнай справы.

«Пры больш уважлівым дасьледаваньні архіўных і іншых крыніц аб зьмешчаных у сьпісе асобах ўстаноўлена, што частка завэрбаваных не працавалі ў якасьці агентаў. Ёсьць меркаваньне, што яны пагадзіліся супрацоўнічаць, толькі каб вырвацца з кіпцюроў чэкістаў. Нельга выключаць і верагоднасьць таго, што гэтыя людзі былі ўнесеныя ў сьпіс з апэратыўнымі мэтамі або для кампрамэтацыі », - піша Delfi.

Дадзеныя будуць публікавацца часткамі, ня больш чым пра 20 асобаў кожныя два тыдні. Гэта робіцца таму, што сьпіс будзе старанна дасьледаваны, каб выявіць абставіны супрацоўніцтва кожнага згаданага чалавека і яго канкрэтную дзейнасьць.

Прозьвішчы асоб, якія прайшлі люстрацыю, ня будуць публікавацца, паколькі таямніца гэтай інфармацыі абараняецца законам аб люстрацыі.
XS
SM
MD
LG