Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Незразумела, навошта Лукашэнку партыя «Белая Русь»


Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Чаму Аляксандар Лукашэнка ня хоча, каб грамадзкая арганізацыя «Белая Русь» пераўтваралася ў палітычную партыю? Наколькі такое рашэньне зьвязанае зь нежаданьнем ісьці нават на касмэтычную палітычную рэформу? Альбо беларускі кіраўнік баіцца даваць чыноўнікам надта шмат улады? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.

— Чаму, нягледзячы на відавочнае жаданьне многіх чыноўнікаў, Лукашэнка зноў заявіў, што выступае супраць пераўтварэньня «Белай Русі» ў палітычную партыю, партыю ўлады?

— Праект пераўтварэньня «Белай Русі» ў партыю даволі даўні, але лябістам гэтага праекту немагчыма даказаць, навошта гэтая партыя патрэбная Лукашэнку. Зразумела, навошта яна патрэбная намэнклятуры, асобным групам у атачэньні Лукашэнкі. Але навошта яна патрэбная самому кіраўніку дзяржавы — адказу на гэтыя пытаньні функцыянэры не даюць.

Апроч таго, трэба разумець, што праект гэты даволі дарагі. Недастаткова толькі зьмяніць шыльду «Белай Русі», трэба таксама стварыць фон для яе ў выглядзе той жа Камуністычнай партыі, якой давядзецца даваць большую вагу. Ну і ўрэшце давядзецца рэфармаваць выбарчую сыстэму. А навошта рэфармаваць тое, што і так вельмі добра працуе — у форме інсцэніроўкі выбарчага працэсу?

Таму я думаю, што гэта праект застанецца «на слыху», але пераважна як цукерка, якую можна паказаць Захаду. Маўляў, глядзіце, мы абмяркоўваем стварэньне партыі ўлады, а ад гэтага і да рэформы палітычнай сыстэмы адзін крок. Але гэты крок ня будзе зроблены.

— А чаму Лукашэнка ня хоча рабіць нават касмэтычныя крокі па мадэрнізацыі палітычнай сыстэмы? Асьцерагаецца даваць надта шмат улады чыноўнікам ці баіцца, што нават маленькі крок можа даць рух усёй сыстэме і прывесьці да непрадказальных наступстваў?

— Якраз не. Пад тэрмінам «палітычная мадэрнізацыя» часта разумеюць унясеньне ў палітычную сыстэму элемэнтаў дэмакратыі, як у савецкія часы пад тэрмінам «галоснасьць» разумелі свабоду слова. Але беларускае кіраўніцтва настроена на імітацыю дэмакратызацыі. І тут акурат зьмена шыльды — варыянт, які ўладамі разглядаецца.

Але пакуль Лукашэнку нават такое касмэтычнае паляпшэньне не патрэбнае. Ён знаходзіцца на стадыі, калі нават правядзеньне касмэтычных «рэформаў» — прадмет гандлю з Захадам. Пра рэальныя рэформы гаворка адкладаецца на вельмі далёкую пэрспэктыву. Умоўна кажучы, Лукашэнка пакуль не прыпёрты да сьценкі, дзе б яму трэба было абвяшчаць палітычныя рэформы.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG