Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантроль на фінансавым рынку альбо спаўзаньне да дэвальвацыі?


Афіцыйная статыстыка сьведчыць: апошнім часам беларусы масава пераводзяць свае рублёвыя ўклады ў ашчадных банках у валютныя.

Аднак ва ўрадзе і ў банках супакойваюць: нічога страшнага не адбываецца, з падобным у Беларусі ўжо сустракаліся. Пра кантроль над сытуацыяй сёньня казаў і намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Сяргей Дубкоў.

Вось дадзеныя афіцыйнай статыстыкі за верасень. Насельніцтва зьменшыла свае тэрміновыя ўклады на 738 мільярдаў рублёў. Яшчэ больш зьнізіліся дэпазыты юрыдычных асобаў — на 823 мільярды. Адначасова рэзка павялічыўся попыт на валюту. Фінансісты камэнтуюць гэтую сытуацыю ляканічна і проста: людзі ня вераць рублю і пераводзяць свае грошы з рублёвых укладаў у валютныя. Людзі баяцца дэвальвацыі.

Намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Сяргей Дубкоў на пытаньні журналістаў пра гэта адказваў: сытуацыя пад кантролем. Але калі на пачатку канфэрэнцыі ён казаў так: «Мы здолелі пераламіць сытуацыю», то напрыканцы фармулёўка была ўжо больш асьцярожная: «Цяпер, я спадзяюся, мы пераламілі сытуацыю».

Банкір спаслаўся на апэратыўныя дадзеныя камэрцыйных банкаў. Паводле іх, за апошні тыдзень сытуацыя зьмянілася ў лепшы бок, паколькі банкі моцна ўзьнялі працэнтныя рублёвыя стаўкі. За кастрычнік будзе агульны мінус, сказаў Сяргей Дубкоў, але ў наступным месяцы мы гэты адток спынім.

Леў Марголін
Леў Марголін
«Банкі зноў скарысталіся чалавечай псыхалёгіяй. Людзі хочуць зарабіць, і яны зноўку панесьлі рублі ў банкі, каб мець нейкую выгаду. Але трэба абавязкова ведаць, што такі высокі працэнт будзе толькі цягам аднаго-двух месяцаў», — кажа эканаміст Леў Марголін:

«Калі ў чалавека ёсьць свабодныя грошы, якія ён можа пакласьці на месяц, і калі гэта дастаткова вялікія грошы, напрыклад 12 мільёнаў, то ён можа атрымаць за месяц каля 4%. Гэта даволі прыкметная сума — 480 тысяч. Але калі хтосьці хоча пакласьці 500 тысяч ці мільён, то для яго гэта будзе фактычна незаўважна. Яны паклалі на месяц. А празь месяц ім скажуць, што працэнты зноў паніжаюцца. Яны зноў забяруць гэтыя ўклады. Ну, і заробяць нейкіх 50–60 тысяч. Усё гэта часова».

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч
Былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч кажа, што яго ня дзівіць такі высокі рост працэнтных рублёвых ставак:

«Ужо зьявіліся стаўкі пад 45% пры стаўцы рэфінансаваньня 30%. Гэта сьведчаньне таго, што Нацыянальны банк зрабіў памылку, калі зьніжаў стаўку рэфінансаваньня. Яе трэба было трымаць на вышэйшым роўні, бо насамрэч яна зьяўляецца арыенцірам для працэнтных ставак па дэпазытах».

Ці рызыкуюць людзі, якія ў спадзяваньні зарабіць зноў панесьлі рублі ў банкі? — пытаюся ў прафэсара Багданкевіча:

«Мы ўсе рызыкуем. Таму што ўсё залежыць ад эканомікі. Трэба назіраць за рынкам. Мы марудна, але рухаемся да пагаршэньня сытуацыі і на грашовым рынку, і па ўкладах, і можам скаціцца да дэвальвацыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG