Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перажываю ўраган „Сэндзі“ гэтаксама, як менскі тэракт»


Ураган «Сэндзі», які ўжо другі тыдзень наносіць катастрафічныя разбурэньні Злучаным Штатам, Канадзе, Кубе, Ямайцы, Багамскім выспам, Гаіці, хвалюе і беларусаў. Традыцыйныя мэдыі і сацыяльныя сеткі поўняцца паведамленьнямі і рэпартажамі зь месцаў катастрофы. А Беларусь сёньня выказала афіцыйныя спачуваньні амэрыканскаму боку.

Ураган «Сэндзі» цяпер ператварае ўсходняе ўзьбярэжжа ЗША і Канады ў дэкарацыі для фільму пра сусьветны апакаліпсіс. Ахвярамі ўрагану на паўночным усходзе ЗША ўжо сталі 30 чалавек. 11 чалавек загінулі на Кубе. Некалькі мільёнаў амэрыканцаў доўгі час застаюцца без электрычнасьці. Не працуюць аэрапорты, мэтро і іншы грамадзкі транспарт.

«Сэндзі» прымусіў спыніцца і прэзыдэнцкую кампанію ў ЗША ў самы гарачы пэрыяд — выбары ў штатах маюць адбыцца ў аўторак 6 лістапада. А эканоміка ЗША пацярпела ад «Сэндзі» ня менш як на 20 мільярдаў даляраў. Для параўнаньня: папярэдні буйны ўраган «Катрына» нанёс амэрыканскай эканоміцы шкоду на суму ад 40 да 65 мільярдаў даляраў.

«Сэндзі» хвалюе і беларусаў. Бадай кожнае СМІ піша пра тое, як змагаюцца з катастрофай. Збольшага беларускія выданьні паведамляюць фактычную інфармацыю, а таксама трансьлююць відэакарцінку зь месца падзеяў. Вядома, усіх клапоціць, як перажываюць стыхійнае няшчасьце нашы суайчыньнікі, якія апынуліся цяпер у ягонай зоне. Так, газэта «Наша ніва» зрабіла матэрыял з паведамленьняў беларусаў у сацыяльных сетках. «Да таго, што дом хістаецца, я прызвычаіўся, ён цэлы дзень хістаецца. А вось што электрычнасьць скача, усё часьцей і часьцей лямпачка міргае, мне не падабаецца. Бо што рабіць без інтэрнэту і камп’ютэра?», — Яўген Іванюк, які жыве ў Нью-Ёрку, рэгулярна выкладае навіны з затопленага горада ў фэйсбуку. Так цытуе беларуса «Наша ніва».

У сацыяльных сетках відаць, што за «Сэндзі» сочаць і тыя, хто далёка ад катастрофы. Напрыклад, журналістка Крысьціна Карчэўская рэгулярна піша ў фэйсбуку пра тое, што нарабіў «Сэндзі».

«Чаму мяне так хвалюе „Сэндзі“? Ды таму, што за падарожнае жыцьцё адну рэч я ўсьвядоміла назаўжды: сёньня ты ў Менску, а заўтра ты ўжо ў Сыднэі ці ў Таронта, бо гэты шарык такі маленькі, вам не перадаць словамі. Самалёты і інтэрнэт зрабілі яго проста адным вялікім дваром з парай лужынаў пасярэдзіне. Я камунікую са сваімі сябрамі ў Канадзе, у Інданэзіі ці ў тых жа ЗША, і таму ўсе маштабныя зьявы, якія тычацца канкрэтных краін, для мяне яны перадусім тычацца канкрэтных людзей. Мне і раней гэта было цікава, але хутчэй як рэаліці-шоў. А цяпер усё гэта — жывыя людзі! І, думаю, чым далей, тым меней на мапе будзе месцаў, якія мне да лямпады. Людзі паўсюль аднолькавыя, цёплыя, жывыя, і я перажываю, калі ім пагражае небясьпека, гэтак жа, як перажывала, скажам, той жа мінскі тэракт».

Зусім іншы аспэкт стыхійнага бедзтва бачыць дзяржаўная прэса. Так, газэта «Беларусь сегодня» ў артыкуле «Вялікі патоп на Мангэтане» піша:

«Гледзячы на тое, якіх ліхіх спраў нарабіў ураган „Сэндзі“... міжвольна задумаесься пра павароты лёсу. Што, здавалася б, такой магутнай дзяржаве, як ЗША, нейкія там прыродныя катаклізмы — але не, аказваецца, сіла і бясьсільле часта мяняюцца месцамі». Артыкул падпісаны імем «Віка Белых». Аўтар перакананы, што дагэтуль у ЗША досьвед стрымліваньня стыхіі — адмоўны. «Ці здольная цяперашняя сусьветная сыстэма адказваць на выклікі бясьпекі?» — задаецца пытаньнем Віка Белых. Згадваецца ў артыкуле і папярэдні магутны ўраган — «Катрына». «Менавіта „Катрына“, дарэчы, стала хадзячай назвай для характарыстыкі прэзыдэнта Джорджа-Буша-малодшага, калі ягоная адміністрацыя выявілася няздольнай даць рады маштабам бедзтва ў Новым Арлеане... ...самае галоўнае, улада тады не змагла справіцца з натоўпамі марадэраў і гвалтаўнікоў, якім горад, па сутнасьці, быў аддадзены на рабунак», — піша «Беларусь сегодня».

Палітоляг Андрэй Фёдараў кажа, што ў сьвеце яшчэ шмат стыхійных бедзтваў, якім чалавецтва не дае рады: «Мы ведаем, што ў Японіі апошнія цунамі нарабілі вялікай шкоды. Я мяркую, што такія выказваньні — гэта звычайная антызаходняя, а ў дадзеным выпадку антыамэрыканская прапаганда».

Сёньня Беларусь афіцыйна выказала спачуваньні амэрыканскаму боку з нагоды трагічных наступстваў урагану «Сэндзі». Пра гэта было заяўлена на сустрэчы намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Аляксандра Гур’янава з часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі Ітанам Голдрычам.


XS
SM
MD
LG