Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці памятаюць у Горадні пра Міхася Ткачова?


Міхась Ткачоў

Міхась Ткачоў

Дваццаць гадоў таму, 31 кастрычніка 1992 году, памёр вядомы гісторык, прафэсар Міхась Ткачоў. Ён пахаваны ў Менску на Ўсходніх могілках, яму было пяцьдзясят год.

Да пераезду ў сталіцу жыў у Горадні, выкладаў ва ўнівэрсытэце. Быў лідэрам у гістарычным клюбе «Паходня». Міхась Ткачоў стаў заснавальнікам і старшынёй Цэнтральнай рады Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.

У Горадні на доме, дзе жыў прафэсар Ткачоў, усталяваная мэмарыяльная дошка. Аднак дэмакратычная грамадзкасьць не адзначала ўгодкі ягонай сьмерці. Адзін з вучняў Міхася Ткачова гісторык Генадзь Семянчук мяркуе, што ягонай памяці можна было б прысьвяціць гістарычную канфэрэнцыю ў рамках Дзён сьвятога Губэрта.

Семянчук: «Трэцяга, у суботу, калі будзе гэтая канфэрэнцыя „Палімпсэст“, я буду дабівацца, каб сказаць пра гэта. Я патэлефанаваў ім сёньня: сёньня дваццаць гадоў, як памёр Ткачоў, і трэба было б, на канфэрэнцыі трэба адзначыць, хаця б павесіць партрэт ягоны, сказаць, што прысьвячаецца яму».

Памятная шыльда на доме № 27 па праспэкце Будаўнікоў, дзе жыў Міхась Ткачоў

Памятная шыльда на доме № 27 па праспэкце Будаўнікоў, дзе жыў Міхась Ткачоў

Адзін з арганізатараў Павал Мажэйка сказаў нашаму радыё, што яны абавязкова ўшануюць памяць прафэсара Ткачова на канфэрэнцыі.

Сябра прэзыдыюму Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Анатоль Сідарэвіч паведаміў, што ў мінулую нядзелю каля дваццаці чалавек наведалі магілу Міхася Ткачова на Ўсходніх могілках. Выступілі Лявон Баршчэўскі, Уладзімер Някляеў, Алег Трусаў, Ірына Вештарт. Яны гаварылі пра тое, якім быў Ткачоў.

Сідарэвіч: «Міхась Аляксандравіч Ткачоў быў тым чалавекам, які ўмеў яднаць. Чалавекам, да якога прыслухоўваліся нават праціўнікі дэмакратыі. Па сутнасьці, замказнаўства Беларусі, калі можна так назваць гэтую дысцыпліну, заснаваў Міхась Аляксандравіч Ткачоў. Даступны быў чалавек, дэмакратычны, выслухоўваў думку. Мне давялося зь ім езьдзіць і ў Койданава, і ў Воршу, і ў Баранавічы. Станоўчыя былі ўражаньні ад яго. Я яшчэ так скажу: паседжаньні выканаўчага камітэту Грамады — гэта была сапраўдная школа».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG