Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наста Палажанка: «У чацьвер будзем шукаць Дашкевіча наўпрост у турмах»


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча могуць прывезьці ў турму па этапе на працягу двух дзён. У якой беларускай турме можа апынуцца палітвязень, якія яго чакаюць умовы?

31 кастрычніка ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС не казалі, у якую турму накіруюць Зьмітра Дашкевіча. Напярэдадні, 30 кастрычніка, выязны суд вырашыў накіраваць палітвязьня да канца тэрміну ў крытую турму. Нявеста Дашкевіча Наста Палажанка патлумачыла, як звычайна становіцца вядома пра месца адбыцьця пакараньня:

Наста Палажанка

Наста Палажанка

«Паводле турэмных правілаў гэта мусіць стаць вядома тады, калі вязень прыедзе ў турму. І пасьля гэтага адміністрацыя адправіць сваякам ліст, у якім паведаміць, дзе ён знаходзіцца. У дадзеным выпадку гэткі ліст будзе накіраваны бацьку Дашкевіча. Мы, са свайго боку, будзем званіць у турмы, хоць і зразумела, што нічога казаць нам ня будуць. Вядома, што этап з Мазыра да Гародні ідзе праз Баранавіцкае СІЗА два дні. У Жодзіна — хутчэй. Таму ў чацьвер зранку будзем прасіць людзей, якія жывуць у Гародні і Жодзіне, каб наўпрост ішлі да турмаў і пыталіся там пра Дашкевіча, ці такога прывезьлі. Мяркую, такую інфармацыю мусяць даць».

Вядома, што сам Зьміцер Дашкевіч мяркуе, што яго накіруюць у гарадзенскую турму. Наста Палажанка не выключае, што яе жаніха могуць адправіць у жодзінскую турму. Вось што распавёў праваабаронца, былы палітвязень Андрэй Бандарэнка пра ўмовы ў гэтых турмах, якія ён вывучаў на ўласным досьведзе і досьведзе тых, хто там знаходзіўся:

Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

«Тое, што адбываецца ў жодзінскай турме — дастаткова вядома, бо яна непадалёк ад Менску і шмат людзей празь яе праходзіць. Яе асаблівасьці — узмоцнены рэжым, жорсткае стаўленьне да вязьняў, прычым разнастайныя перашкоды ў рэалізацыі іх правоў. І нават, як мы шмат разоў казалі, ёсьць небясьпека жыцьцю. Але адначасова варта адзначыць, што бытавыя ўмовы там найбольш набліжаныя да стандартаў, калі ня браць харчаваньне і мэдычнае абслугоўваньне. Гэта я пра стан камэр, асьвятленьне, наяўнасьць сьвежага паветра, якасьць душавых кабінак».

Паводле Андрэя Бандарэнкі, парадкі ў жодзінскай крытай турме досыць строгія. Удзень нельга спаць і, адпаведна, ляжаць на ложку, за гэта караюць. На ноч выключаюць ваду, з-за чаго вязьні вымушаныя набіраць ваду ў адмысловы посуд. Нельга спазьніцца на адбой і, адпаведна, на пад’ём. Збольшага такія ж парадкі і ў гарадзенскай турме, але, паводле крыніцаў Андрэя Бандарэнкі, маральная абстаноўка там лягчэйшая:

«Што да гарадзенскай турмы, там усё ж патрабаваньні адміністрацыі прасьцейшыя, але бытавыя ўмовы там горшыя. Турма ў старым, яшчэ царскіх часоў будынку. Але перакананы, што большасьць вязьняў на месцы Дашкевіча імкнуліся б трапіць менавіта ў Гародню. Бо да бытавых умоваў, якія б яны ні былі, лепшыя ці горшыя, прызвычайваесься на другі-трэці дзень. А маральны прэсінг у Жодзіне адчуваецца. Да таго ж мы ня раз адзначалі там наяўнасьць „прэс-хат“. Гэтым вядомая жодзінская турма, чаго пакуль мы ня выявілі ў Гародні».

Паводле кіраўніка ўстановы «Плятформа», якая апекавалася правамі вязьняў, дрэннае мэдычнае абслугоўваньне ўласьцівае ня толькі Жодзінскай ці Гарадзенскай турмам, але і ўсім пэнітэнцыярным установам краіны. Збольшага дрэннай назваў Андрэй Бандарэнка і якасьць харчаваньня. Але, паводле праваабаронцы, ёсьць і розьніца:

«Што да харчаваньня, то ў кожнай зоне ўсё ж па-рознаму. Мы зараз кажам пра Жодзіна, дык там якасьць ежы я б назваў нават бліжэйшай да адмоўнай. Бо там ёсьць стравы, якія ўжываць у ежу проста небясьпечна. Зьняволеныя пра гэта ведаюць і папярэджваюць навічкоў. Было дастаткова выпадкаў атручэньня, у тым ліку сур’ёзнага. Гэта тычыцца ўжываньня страваў з пратухлай рыбы, ці гэтак званы бігус — страва з кіслай капусты. Зусім не даюць там малака і малочных прадуктаў. Вось тут варта адзначыць Валадарскага, дзе даюць і малако, і тварог, ёсьць магчымасьць атрымаць малочныя супы. У Жодзіне гэтага няма. Там стандартны набор супоў, якія звычайна гатуюць з той кашы, якую вязьні не даелі зь вечара. Гэта пра ўсю пэнітэнцыярную сыстэму можна казаць, што харчаваньне дрэннае, але ў параўнаньні з той жа „Валадаркай“ Жодзіна на некалькі парадкаў горшае. Што да гарадзенскай турмы, там харчаваньне я б назваў сярэднім. Добрым не назавеш, але, ва ўсякім разе, тое, што даюць у гарадзенскай турме, можна ўжываць у ежу».
XS
SM
MD
LG