Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У міністры — пажарны, у алімпійцы — памежнік


Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага міністра спорту і турызму — ім стаў Аляксандар Шамко, які дагэтуль курыраваў каманду па пажарна-выратавальным спорце ў Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў.

Адным з аргумэнтаў на карысьць гэтай кандыдатуры стала тое, што пад началам Шамко беларусы чатыры разы станавіліся чэмпіёнамі сьвету.

Таксама ўказам Лукашэнкі прызначаныя новы памочнік прэзыдэнта ў пытаньнях фізычнай культуры, спорту і разьвіцьця турызму — ім стаў Максім Рыжанкоў. Гэта сын колішняга міністра спорту і прэзыдэнта НАК Беларусі Ўладзімера Рыжанкова.

Пры канцы мінулага тыдня Лукашэнка зладзіў разнос спартовым функцыянэрам за праваленую Алімпіяду, выправіўшы ў адстаўку міністра спорту Алега Качана і свайго памочніка Ігара Заічкова. Абодва абвінавачаныя ў нямэтавым выкарыстаньні сродкаў на падрыхтоўку нацыянальнай каманды.

Таксама кіраўнік краіны ўнёс у выканкам Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК) кандыдатуру Ігара Рачкоўскага, каб яго абралі на першага віцэ-прэзыдэнта НАК. Да нядаўняга часу Рачкоўскі камандаваў Дзяржаўным памежным камітэтам і быў звольнены пасьля гісторыі з «плюшавым дэсантам», калі сёлета 4 ліпеня са швэдзкага лёгкаматорнага самалёта над Беларусьсю былі скінутыя сотні цацачных мядзьведзікаў зь лёзунгамі ў падтрымку свабоды слова. Але грамадзкія абавязкі (Рачкоўскі — старшыня Беларускай фэдэрацыі паруснага спорту) за ім былі пакінутыя.

На што вартыя новыя фігуры — у інтэрвію Радыё Свабода пракамэнтаваў былы міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў:

Аляксандар Грыгараў

Аляксандар Грыгараў

«Па кандыдатуры міністра? Ну што тут можна казаць? Я зь ім раней блізка не сутыкаўся, але адна справа — займацца пажарна-прыкладным спортам (гэта, вядома, ганарова, паважна), і зусім іншая — займацца алімпійскай падрыхтоўкай. У пажарна-прыкладным відзе спорту ён працуе вельмі здорава, тут няма пытаньняў. Напэўна, разьбярэцца. Я ўжо ня памятаю, у якой газэце, але пісаў, што любую галіну павінны ўзначальваць прафэсійна падрыхтаваныя людзі. Гэта маё цьвёрдае перакананьне.

А як ужо прынялі рашэньне — так і прынялі, з намі ня раіліся. Што цяпер абмяркоўваць? Нешта абмяркоўваецца да прыняцьця рашэньня, а прынята рашэньне — будзем слухаць, што яны будуць нам расказваць, чаму вучыць і г.д. Як я разумею, заўсёды і ў кожнай справе павінны быць спэцыялісты. Ужо дастаткова, калі матросы Жалязьнякі камандавалі банкаўскай сыстэмай. Усе сфэры павінны ўзначальваць прафэсіяналы. А ў дадзеным выпадку людзі згадзіліся, далі дабро. Значыць, лічаць, што на нешта здольныя».

1 лістапада пад началам Лукашэнкі адбудзецца выканкам НАК, на якім будуць абмеркаваныя пытаньні дзейнасьці алімпійскага руху ў Беларусі на бліжэйшае чатырохгодзьдзе. Удзел у лёнданскай Алімпіядзе прызнаны праваленым: замест 25 мэдалёў беларусы здабылі менш за палову — 12. Яшчэ адну ўзнагароду страціла штурхальніца ядра Надзея Астапчук за ўжываньне допінгу.
XS
SM
MD
LG